Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы закон аб мітынгах у Казахстане: можна хаваць твар, але толькі ў вызначаных месцах


Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў закон аб новым парадку правядзеньня мітынгаў і мірных сходаў. Дакумэнт выкладзены на сайце прэзыдэнта, сам закон раней неаднаразова крытыкавала апазыцыя і праваабарончыя арганізацыі.

Паводле новага закону, цяпер атрымліваць згоду акімату (гарадзкіх уладаў) на правядзеньне мітынгу фармальна больш ня трэба, але пры гэтым ад арганізатараў масавых мерапрыемстваў патрабуюць паведаміць дзяржаўным органам аб правядзеньні акцыі. Арганізатарамі пратэстных акцый пры гэтым ня могуць быць замежнікі і незарэгістраваныя арганізацыі — да такіх у Казахстане адносяцца амаль усе ўплывовыя апазыцыйныя рухі. А акімат можа адмовіць у правядзеньні мітынгу паводле 13 пунктаў у законе — адзін зь іх прыбралі.

Тэрміны падачы апавяшчэньняў у новай вэрсіі закону скараціліся з 15 дзён да пяці.

Шмат прэтэнзій выклікала таксама норма закону, што ў цэнтральных частках раёнаў, гарадах рэспубліканскага значэньня, у сталіцы і ў адміністрацыйных цэнтрах абласьцей мітынгі можна будзе праводзіць толькі ў спэцыяльных месцах, якія вызначаць улады. У вялікіх гарадах, згодна з законам, такіх месцаў павінна быць як мінімум тры, але дзе яны павінны знаходзіцца — ня вызначана. Апазыцыя ў гэтай сувязі баялася, што ўлады могуць дазволіць праводзіць мітынгі толькі на ўскраінах, а ня ў цэнтры гарадоў, дзе пратэсты больш прыкметныя.

Грамадзянам, якія ўдзельнічаюць у мітынгах, цяпер можна хаваць свой твар. Таксама ўлады дазволілі ладзіць адзінкавыя пікеты каля будынкаў дзяржаўных органаў.

Раней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала ўлады Казахстану перагледзець закон аб публічных сходах і прыняць яго «у адпаведнасьці зь міжнароднымі правамі чалавека». Праваабаронцы, у прыватнасьці, патрабавалі выключыць нормы аб папярэднім ухваленьні сходаў.

Большая частка пратэстных акцый у Казахстане ў апошнія гады жорстка душылася ўладамі і паліцыяй. Летась падчас несанкцыянаваных мітынгаў падчас выбараў прэзыдэнта па краіне былі затрыманыя да 700 чалавек. Больш за 100 чалавек былі затрыманыя на антыўрадавых акцыях пратэсту ў лютым 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG