Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пакістане самалёт са 107 людзьмі ўпаў на жылыя кварталы

абноўлена

Каля месца здарэньня
Каля месца здарэньня

Пасажырскі самалёт Airbus A320 авіякампаніі Pakistan International Airlines (PIA), рэйс PK 8303, са 107 пасажырамі на борце разьбіўся 22 траўня каля аэрапорту Карачы, піша Reuters.

Колькасьць ахвяраў невядомая — самалёт, як паведамляюць відавочцы, упаў на жылыя кварталы Bagh-e-Jinnah (باغ جناح) каля аэрапорту Карачы. На борце, праўдападобна, былі 99 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу, самалёт ляцеў з Лагора ў Карачы.

Прэм’ер-міністар Пакістану Імран Хан напісаў, што ён «у шоку і смутку» ад трагедыі. Ён трымае сувязь з кіраўніком PIA, які выправіўся ў Карачы з камандай ратавальнікаў; паабяцаў неадкладнае расьсьледаваньне.

Самалёту было ўжо 15 гадоў. Паводле прадстаўніка PIA, апошнія словы, што чулі ад пілёта, былі пра тэхнічныя праблемы — самалёт былі гатовыя прыняць на пасадку, але пілёт вырашыў зрабіць лішні аблёт. Паводле непацьверджаных папярэдніх зьвестак, магчыма, што самалёт ня змог выпусьціць шасі.

Пакістанскія вайскоўцы заявілі, што сілы хуткага рэагаваньня прыбылі на месца аварыі і разам з грамадзянскай адміністрацыяй маюць займацца дапамогай і ратаваньнем, выкарыстоўваюць верталёты для ацэнкі сытуацыі і пошуку пацярпелых.

Катастрофа здарылася празь некалькі дзён пасьля таго, як краіна пачала аднаўляць камэрцыйныя рэйсы, скасаваныя ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Цяпер пакістанцы па ўсёй краіне рыхтуюцца адзначыць канец сьвятога месяца Рамадана, многія едуць на малую радзіму.

Як адзначае BBC, Пакістан мае сумную гісторыю авіяцыйнай бясьпекі: у 2016 годзе разьбіўся самалёт PAI, загінулі 47 чалавек; у 2012-м разьбіўся самалёт пакістанскай Bhoja Air, загінулі 121 пасажыр і 6 чальцоў экіпажу; у 2010-м разьбіўся самалёт прыватнай Airblue, загінулі 152 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG