Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

МУС праводзіць праверку «супрацьпраўнай дзейнасьці Валерыя Цапкалы»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праводзіць праверку па «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валерыя Цапкалы, паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка ведамства Вольга Чамаданава.

«Для правядзеньня дасьледчай праверкі да нас і ў Генэральную пракуратуру паступілі матэрыялы ад грамадзяніна Турэччыны аб фактах супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Цапкалы. Цяпер праводзіцца праверка», — паведаміла Вольга Чамаданава.

Пра час, калі гэтыя матэрыялы паступілі ў МУС, Вольга Чамаданава сказала «ня ведаю».

Раней некалькі Телеграм-каналаў напісалі, што заяву на Валерыя Цапкалу напісаў Седат Ігдэджы, турэцкі і беларускі бізнэсовец, уладальнік групы будаўнічых кампаній, якія ўдзельнічалі ва ўзьвядзеньні аб’ектаў Парку высокіх тэхналёгій, які раней узначальваў Цапкала.

Вядоўца СТБ звольніўся пасьля крытыкі затрыманьняў у Менску

«Тэлек ўсё, я там больш не працую», — напісаў вядоўца дзяржаўнага тэлеканала СТБ ​Антон Мартыненка ў твітэры.

Вядоўца Антон Мартыненка звольніўся з тэлевізіі. Пра гэта ён паведаміў у сваім акаўнце ў твітэры.

«Пасьля дзьвюх апошніх пастоў у сацыяльных сетках са мной вельмі ветліва і выключна добразычліва пагаварылі аб тым, што мая праца як тэлевядоўцы зьведзеная да мінімуму. Мяне не звальняюць а пераводзяць у рэдактарскі адзьдзел( усё ў межах закону, вядома). Я яшчэ больш ветліва, чым мне гэта было прапанавана, адмовіўся і напісаў заяву аб уласным жаданьні», – напісаў Мартыненка.

Раней вядоўца СТВ Антон Мартыненка выказаўся ў інстаграме наконт затрыманьняў кліентаў крамы Symbal.by.

Мартыненка напісаў, што набыў сваю вышыванку да таго, калі за гэта пачалі біць і затрымоўваць. Вядоўца прызнаўся, што падарыў іншую такую вышыванку байцу Конару Макгрэгару, «які б'ецца толькі на рынгу і толькі з тымі, хто роўны яму па сіле».

500 тысяч падпісчыкаў, да 3 гадоў калёніі. Што яшчэ трэба ведаць пра затрыманых уладамі блогераў

За кратамі ўжо шэсьць беларускіх блогераў. Большасьць зь іх абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў.

Пасьля 29 траўня, калі арыштавалі Сяргея Ціханоўскага, за кратамі апынуліся яшчэ пяць беларускіх блогераў. Гэта Ўладзімер Цыгановіч, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Ігар Лосік, Уладзімер Няронскі і Аляксандар Андрэеў. Амаль усе яны абвінавачваюцца паводле крымінальных артыкулаў і, імаверна, прабудуць за кратамі працяглы тэрмін. Далей чытайце па спасылцы.

Камісія ў Гомлі прызнала тысячы подпісаў за Бабарыку і Цапкалу несапраўднымі

29 чэрвеня прайшло паседжаньне Савецкай раённай камісіі горада Гомля па выбарах прэзыдэнта. На ім прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка.

Ён расказаў Свабодзе, што самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі — 23,28%. Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасьці, на праверку бралі іншыя подпісы. У выніку камісія прыняла рашэньне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 4870 подпісаў.

У Валера Цапкалы па выніку дзьвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе 1956 подпісаў, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы. Цалкам чытайце па спасылцы.

Гаворыць пра пагрозу Беларусі, а мае на ўвазе пагрозу асабістай уладзе

Аляксандар Лукашэнка, пасадзіўшы асноўных палітычных апанэнтаў за краты, сам пачаў актыўную агітацыйную кампанію. Ён падарожнічае па краіне, ладзіць розныя сустрэчы, выступае. Але, што адметна, апэлюе ў асноўным не да народу, а да чынавенства, кіраўніцтва рэгіёнаў. Была закрытая для прэсы сустрэча ў Горадні, а на мінулым тыдні ў Салігорску.

Лукашэнка выглядаў вельмі ўзбуджаным, нэрвовым, выступ стаў эмацыйным. Даволі цяжка аналізаваць і рацыяналізаваць зьмест гэтага выступу. Гэта была плынь падсьвядомасьці, разважае ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.

Канапацкая падала дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты

Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падала ў Цэнтарвыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты. Канапацкая сабрала за сваё вылучэньне больш за 110 тысяч подпісаў і заявіла, што ацэньвае свае шанцы быць ня толькі зарэгістраванай, але і выйграць выбары, як даволі высокія — «інакш ня трэба было ўвязвацца ў гэтую кампанію». Яна таксама лічыць, што мае сур’ёзную падтрымку ў грамадзтве.

На пытаньне пра тое, што некаторыя лічаць яе спойлерам Аляксандра Лукашэнкі, Ганна Канапацкая акдазала, што гэтыя людзі памыляюцца. Цалкам чытайце тут.

Да 15 сутак арышту. Яшчэ паўсотні судоў за «ланцугі салідарнасьці» праходзяць 29 чэрвеня. Абнаўляецца

Цягам 29 і 30 чэрвеня толькі ў Менску мае прайсьці каля пяці дзясяткаў судоў над удзельнікамі «ланцуга салідарнасьці» 19 чэрвеня, піша «Вясна». Судзяць таксама ў іншых гарадах Беларусі.

Раней над удзельнікамі «ланцугоў салідарнасьці» прайшло больш за 100 судоў, затрымлівалі людзей на акцыях у 19 розных гарадах. Толькі за гэтыя акцыі прысудзілі агулам больш за сотню сутак арышту і штрафы больш як на 50 тысяч рублёў. А агулам з пачатку выбарчай кампаніі арыштаў набралася больш як на чатыры гады, штрафаў — больш як на паўтары сотні тысяч рублёў. Усе прысуды за 29 чэрвеня глядзіце тут.

Блогеры Кабанаў, Лосік і Пятрухін у СІЗА. Лосіку падоўжылі арышт да 10 дзён для выстаўленьня абвінавачаньня

Адвакат Ігара Лосіка паведаміў Свабодзе, што блогеру падоўжылі арышт да 10 дзён на час выстаўленьня абвінавачаньня. Цяпер Лосік знаходзіцца ў менскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Туды ж перавялі берасьцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Цалкам чытайце па спасылцы.

Генпракуратура нагадала, што абразы ў інтэрнэце перасьледуюцца законам. У часе выбараў іх шмат

Публічныя паклёп і абразы ў інтэрнэце перасьледуюцца законам, спасылаецца БелТА на выканаўцу абавязкаў начальніка аддзелу нагляду за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзян Генэральнай пракуратуры Паўла Елісеева.

«У пэрыяд выбарчых кампаній палеміка і абмен думкамі могуць дасягаць асаблівага напалу. Але гэта нармальны працэс для любой дэмакратычнай дзяржавы. Аднак спадарожная ўмова такой свабоды — перш за ўсё захаваньне элемэнтарнай культуры зносін, калі дыскусія або абмен думкамі не пераходзяць межаў прыстойнасьці або закону», — сказаў Елісееў. Цалкам чытайце тут.

У Менску на агароджы каля БТ напісалі вялікае пасланьне Лукашэнку. ФОТА

Каля будынка Белтэлерадыёкампаніі, што ў Менску на вуліцы Макаёнка, 9, зьявілася графіці з пасланьнем Аляксандру Лукашэнку. Фота пасланьня публікуе Telegram-канал «Беларусь головного мозга», адміністратар якога цяпер затрыманы ў межах крымінальнай справы.

Баксэр Іван Баранчык: «Гэта поўны абсурд — забіраць у аўтазакі невінаватых людзей»

Чэмпіён сьвету ў боксе Іван Баранчык у інтэрвію сайту рэсурсу «Трыбуна» падзяліўся думкамі аб перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. У прыватнасьці, ён выказаўся пра апанэнтаў дзейнага кіраўніка краіны Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, а таксама Сяргея Ціханоўскага.

«Усе гэтыя асобы вартыя павагі. Па-першае, за тое, што не пабаяліся; на жаль, у нас гэта можа мець наступствы. Па-другое, у кожнага ёсьць свая пазыцыя і бачаньне будучыні нашай краіны», — сказаў спартовец. Цалкам тут.

Пераможцу «Славянскага базару» Гросу адмовілі ў выступах пасьля выказваньняў «за справядлівыя выбары»

Беларускі сьпявак Аляксей Грос расказаў у Instagram, што яго «прыбралі з усіх канцэртаў» пасьля палітычных выказваньняў у сацыяльных сетках. Паводле Гроса, зь месяц таму яго зацьвердзілі выступоўцам на «Прэзыдэнцкі баль» для выпускнікоў і сьвяточныя канцэрты да афіцыйнага Дня Незалежнасьці ў Палацы Рэспублікі і ля стэлы «Менск — горад-герой», адкрыцьцё «Славянскага базару».

«А літаральна некалькі дзён таму раздаўся званок: „Аляксей, вас прыбралі з усіх канцэртаў!“, — расказвае Грос. — Прычына — публікацыі ў Instagram, дзе я ўсяго толькі выказваю сваю думку як грамадзянін Беларусі з нагоды перадвыбарчай сытуацыі ў краіне, ды і сытуацыі агулам, дзялюся сваёй рэакцыяй на затрыманьні мірных людзей і зьбіраю людзей для ўдзелу ў валянтэрскай дапамозе лекарам». Цалкам чытайце па спасылцы.

«У Беларусі перадрэвалюцыйная сытуацыя, вэртыкаль улады можа абрынуцца зьнянацку», — украінскі палітоляг

  • У Беларусі назіраецца электаральная рэвалюцыя — мабілізацыя вялікай часткі насельніцтва, якая спрабуе паўплываць на вынік выбараў;
  • Падобныя рэвалюцыі разьвіваюцца па нечаканым шляху. Яны непрадказальныя і для ўлады, і для апазыцыі;
  • У Беларусі можа адбыцца ўкраінскі сцэнар 2004 году, але не 2013–2014;
  • Звычайна гэта мірны супраціў і бяскроўная зьмена ўлады;
  • Вэртыкаль улады пабудаваная на асабістых стасунках, на ляяльнасьці і падпарадкаваньні. Яна рассыпаецца вельмі лёгка.
  • Існуюць разумныя аўтарытарныя рэжымы, якія не выклікаюць у грамадзян жаданьня пратэставаць. Але гэта не пра Беларусь.
  • Рэсурсы беларускага аўтарытарызму вычарпаныя. Палітычныя рэпрэсіі дэманструюць слабасьць рэжыму.

Беларусі ланцуг салідарнасьці. Мюнхэн

28 чэрвеня ў Мюнхэне прайшла беларуская акцыя салідарнасьці, у якой узялі ўдзел каля 200 прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Баварыі.

Беларускі ланцуг салідарнасьці. Філядэльфія і Нью-Ёрк​

У нядзелю 28 чэрвеня ў Філядэльфіі і Нью-Ёрку прайшлі акцыі салідарнасьці беларусаў Амэрыкі.

«Людзі, якія сабраліся падтрымаць арыштаваных і затрыманых, упэўненыя, што толькі разам мы зможам быць 97% беларусаў, жадаючых зьменаў у краіне. Мерапрыемства прайшло ў LOVE PARK у цэнтры Філядэльфіі, у горадзе, дзе была абвешчаная дэклярацыя незалежнасьці ЗША. Мы ўпэўненыя, што бліжэйшым часам і наша родная краіна будзе незалежнай і свабоднай», – напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзін з удзельнікаў акцыі ў Філядэльфіі.

Чарговая беларуская акцыя салідарнасьці прайшла 28 чэрвеня ў Нью-Ёрку.

Беларускі ланцуг салідарнасьці: Лёндан і Манчэстэр

Пікеты салідарнасьці адбыліся 28 чэрвеня ў Лёндане і Манчэстэры. Беларусі Вялікай Брытаніі патрабавалі справядлівых выбараў і вызваленьня палітвязьняў.

Беларускі ланцуг салідарнасьці: Санкт-Пецярбург

Апошнімі днямі ў шмат якіх месцах сьвету прайшлі ланцугі салідарнасьці і акцыі ў падтрымку беларусаў, падчас якіх удзельнікі патрабавалі свабоды зьняволеным грамадзянам і блогерам Беларусі і дэмакратычных выбараў у краіне.

Пікет салідарнасьці быў зладжаны ў Санкт-Пецярбургу.

«Мы разам». У Кіеве адбыўся марш салідарнасьці зь Беларусьсю

У Кіеве з ініцыятывы Руху салідарнасьці «Разам» адбыўся марш у падтрымку беларусаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі ў часе кампаніі выбараў прэзыдэнта, прызначаных на 9 жніўня.

У акцыі ўдзельнічалі каля 100 чалавек — беларусы, якія ўжо доўгі час жывуць ва Ўкраіне, і ўкраінцы — актывісты і сябры палітычных рухаў і партыяў. Акцыя адбывалася пад бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сьцягамі.

Беларускі ланцуг салідарнасьці ля помніку Касьцюшку. Бостан​

27 чэрвеня каля 100 амэрыканскіх беларусаў выйшлі на акцыю салідарнасьці ў амэрыканскім Бостане. Людзі сабраліся каля Goverment Center і дайшлі да помніка Тадэвушу Касьцюшку.

Удзельнік акцыі пратэсту выказаліся за правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, супраць таго, што ўлада не зьмяняецца ў іх на радзіме, патрабавалі вызваліць палітвязьняў. Пераважная большасьць удзельнікаў акцыі — моладзь 25-30 гадоў.

Адметна, што паліцыянт, які стаяў ля помніка Касьцюшку, меў беларускія карані — ягоная бабуля прыехала ў ЗША зь Беларусі.

Айцішнікі і спэцыялісты іншых сфэр прапануюць бясплатна вучыць тых, хто «сутыкнуўся з рэпрэсіямі»

У апошнія дні ў сеціве зьявілася некалькі ініцыятываў па дапамозе пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі. Тым, хто праз свае палітычныя перакананьні страціў працу або сам хоча сысьці, каб не выконваць «злачынныя загады», прапануюць дапамогу ў перакваліфікацыі і атрыманьні новай прафэсіі. Падрабязьней пра ўсе ініцыятывы чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG