Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Валэнса — беларусам: дамагацца хлеба трэба праз барацьбу за свабоду, а не наадварот

Легендарны лідэр «Салідарнасьці» даў інтэрвію Свабодзе. У ім Лех Валэнса расказаў, як трэба змагацца за перамены ў аўтарытарнай дзяржаве, ці можа быць эфэктыўным байкот выбараў і чаму заўтрашні дзень належыць «хітрым палякам і беларусам».

Тэкст тут >>

Бабарыка адказаў на прэтэнзіі Лукашэнкі, пра АЭС і магчымую супрацу з Румасам

Вяртаньне ва ўрад адпраўленага ў адстаўку прэм'ер-міністра Сяргея Румаса не зьяўляецца тэмай для абмеркаваньня, заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, адказваючы на пытаньні журналістаў і сяброў сваёй ініцыятыўнай групы 4 чэрвеня ў Віцебску.

«Я многіх людзей ведаю. У мяне няма цяпер адказу на гэтае пытаньне. І, як я заўсёды кажу, фармаваньне каманды — гэта сустрэчны рух. Я ж ня ведаю, можа, Сяргей Мікалаевіч не захоча працаваць са мной», — казаў Бабарыка.

Што ён сказаў пра БелАЭС, «ПрыватЛізінг», палацы Лукашэнкі і Чаўшэску >>

Ці апынецца Румас у камандзе Бабарыкі

Чаму на нарадзе ў Лукашэнкі наконт складу новага ўраду не прысутнічаў дзейны прэм’ер Румас? Якога тыпу асобу кіраўнік дзяржавы прызначыць на пасаду прэмʼера? Якіх зьменаў у палітыцы можна чакаць ад гэтага кадравага рашэньня? Ці апынецца Румас у камандзе Бабарыкі? Абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў. Чытайце па спасылцы.

«Гэтае відэа можна накіраваць у пракуратуру і ЦВК». Што адбываецца на відэа з Рэчыцкай паліклінікі, дзе зьбіраюць подпісы за Лукашэнку?

Рэгіянальны інфармацыйны партал «Палеская вясна» апублікаваў відэа збору подпісаў за Лукашэнку ў рэгістратуры дзіцячай паліклінікі Рэчыцы. Гэта адбывалася ў працоўны час, пры выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу. Свабода разьбіралася, што пра гэта думае юрыст. Чытайце артыкул цалкам па спасылцы.

Ярмошына папрасіла фэміністак заступіцца за яе. Што яны ёй адказалі

4 чэрвеня на пасяджэньні ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай пачула пагрозу сабе — слова «прыхлопнуць» ды эпітэты. Паводле яе, гэта можна ўспрыняць як «пагрозу забойства». Таксама чыноўніца пабачыла пагрозу ў тым, што каля ейнага дома зьбіраліся зладзіць пікет для збору подпісаў за Ціханоўскую, і ў закліку «зайсьці ў госьці» да яе.

«Дзе наогул ваша абарона, спадарыні фэміністкі, мяне, пажылой жанчыны, ад замахаў? Гэта мэтады браткоў з 90-х, у нас ніколі не чапалі прыватнае жыцьцё асобаў, якія працуюць у дзяржапараце і займаюцца палітыкай», — заявіла старшыня ЦВК. Што ёй адказалі беларускія фэміністкі, чытайце па спасылцы.

Прэтэндэнтка на прэзыдэнта патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці за дыскрымінацыю жанчын

Прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Вольга Кавалькова 4 чэрвеня зьвярнулася ў Сьледчы камітэт з заявай аб прыцягненьні Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 190 Крымінальнага кодэксу («Парушэньне раўнапраўя грамадзян»). Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.

«Як яна будзе цяпер у Беларусі жыць?» Што кажуць суседзі пра ўдзельніцу затрыманьня Ціханоўскага ў Горадні

Свабода пагутарыла ў Бабруйску з суседзямі жанчыны, якая 29 траўня ў Горадні за некалькі хвілін да затрыманьня відэаблогера Сяргея Ціханоўскага настойліва дамагалася ад яго адказу на свае пытаньні. Калі той адмовіўся, то зьявіліся двое міліцыянтаў, і ў штурханіне адзін зь іх апынуўся на асфальце.

Цяпер арыштаванаму блогеру, кіраўніку выбарчага штабу вылучэнкі на прэзыдэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама 8 ягоным паплечнікам інкрымінуюць «гвалт супраць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў». Саму ж жанчыну шмат хто называе правакатаркай, якая ўсчала канфлікт, каб даць падставы міліцыі арыштаваць Ціханоўскага. Цалкам чытайце па спасылцы.

Лукашэнка прыгразіў «нагадаць», як ва Ўзбэкістане расстралялі дэманстрантаў. Што было ў Андыжане?

Аляксандар Лукашэнка 4 чэрвеня зьмяніў склад ураду. Даючы наказы новаму ўраду, пачаў абурацца заявамі сваіх патэнцыйных апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Сярод іншага ён заявіў, што адно з найважнейшых дасягненьняў Беларусі — мір і стабільнасьць. Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, пасьля гэтага ён прыгразіў «нагадаць», як адбываліся масавыя расстрэлы дэманстрантаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ператрус на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага цягнуўся цэлыя суткі

Ператрус на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага Соф'і Ціханоўскай у садаводзкім таварыстве за 25 ад Гомля пачаўся а 16-й гадзіне 3 чэрвеня і скончыўся калі 16-й гадзіны сёньня.

Тры разы за ноч зьмяняліся сьледчыя групы, і каля 3-й ночы ў доме знайшлі 900 тысяч даляраў, прычым на бачных месцах — за шафкай на кухні і за ложкам на другім паверсе, паведаміла МУС. Цяпер маці блогера павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт, пра гэта яна паведаміла Свабодзе. Пасьля допыту адбудзецца вобшук у яе кватэры. Каля лецішча было 7 аўтамабіляў, дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі і Сьледчага камітэту.

«Тэрор быў страшны!» Як рабілі ператрус у мазырскага фэрмэра, сюжэт пра якога здымаў Ціханоўскі

У вёсцы Прудок пад Мазыром у прыватным доме фэрмэра Аляксандра Вянгуры адбыўся начны ператрус. Пра Вянгуру раней здымаў сюжэт Сяргей Ціханоўскі.

«Тэрор быў страшны! Наляцелі 18 міліцыянтаў, але ўсе ў цывільным, увесь дом — і мой, і маці паставілі дагары нагамі», — сказаў Аляксандар Вянгура Свабодзе. Далей чытайце па спасылцы.

Правяраем, ці прывозяць на пікеты людзей, як сказаў Лукашэнка. ВІДЭА

Прадстаўляючы новы ўрад, Аляксандар Лукашэнка назваў чэргі паставіць подпіс за альтэрнатыўных яму прэтэндэнтаў у прэзыдэнты «вялікай і малой карусэльлю». Карэспандэнты Свабоды выправіліся да Камароўскага рынку ў Менску ды пагутарылі зь людзьмі ў чэргах. ​

У Горадні затрымалі валянтэра і каардынатарку ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

Валянтэра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Сьвятланы Ціханоўскай Уладзімера Кнігу затрымалі на пікеце ў Горадні 4 чэрвеня. Пра гэта Свабодзе паведаміла каардынатарка ініцыятыўнай групы Вольга Каракіна. Падставы затрыманьня ёй невядомыя. Міліцыянты пасадзілі Кнігу ў шэры мікрааўтобус каля Савецкай плошчы.

Пазьней затрымалі і саму Вольгу Каракіну — яе міліцыя забрала зь мінірынку на вуліцы Паповіча ў Горадні. Яна там працавала. Вольга Каракіна — дзяўчына затрыманага 29 траўня ў Горадні Зьмітра Фурманава. Падрабязнасьці па спасылцы.

Чаго нельга рабіць падчас збору подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты. Тлумачым

Ужо за першыя некалькі дзён за Лукашэнку сабралі больш за 200 тысяч подпісаў, а на пікетах Ціханоўскай падпісваюцца тысячы людзей у розных гарадах. Сабралі для вас парады, як кандыдатам сабраць патрэбныя подпісы і не парушыць асноўных правілаў падчас перадвыбарчай кампаніі.

Лукашэнка заявіў пра «карусэлі» пры зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 4 траўня, абвясьціўшы новы склад ураду, заявіў пра адсутнасьць «новага пратэставага руху» ў Беларусі і пра тое, што подпісы за кандыдатаў зьбіраюць так званымі «карусэлямі», паведамляе БелТА.

«А гэтыя чэргі — гэта малая беларуская карусэль, як я яе называю, і вялікая беларуская карусэль. Сутнасьць малой у тым, што тут яны расьпісаліся, потым зноў сталі ў гэтую чаргу ў хвост, яшчэ расьпісаліся... Нават дастукаліся да таго (мэр Менску заўважыў), што на аўтамабілях падвозяць людзей. Расьпісаліся, пайшлі, селі, яны іх па квартале абвезьлі, зноў паставілі іх у чаргу», — заявіў Лукашэнка. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Думаю, іх маглі падкінуць». Сьвятлана Ціханоўская патлумачыла знойдзеныя сьледчымі 900 тысяч даляраў

Прэтэндэнтка на вышэйшую пасаду Сьвятлана Ціханоўская ў размове з карэспандэнтам Свабоды назвала правакацыяй знойдзеныя 900 тысяч даляраў на лецішчы, якое належыць маці яе мужа, затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Я проста ў шоку! — плача Сьвятлана. — Мы з хлеба на ваду перабіваемся, а тут такія грошы! Маці Сяргея 71 год, яе ноч марнавалі, і яна перахвалявалася. Калі пачалі даставаць даляры, яна сказала, што „гэта мы з сынам зараблялі“, бо ня ведала і ня бачыла, колькі там. Маці Сяргея, калі хвалюецца, бянтэжыцца, усё забывае, тым больш да гэтага ноч ня спала».

У канцы Сьвятлана абурылася, як у «гэтых людзей (міліцыянтаў. — РС) хапае сумленьня так абыходзіцца» зь Сяргеем і ягонай сям’ёй.

Ярмошына зьвярнулася ў Сьледчы камітэт, пабачыла пагрозы сабе

Лідзія Ярмошына адзначыла, што на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай пачула пагрозу сабе — слова «прыхлопнуць» ды іншыя эпітэты. Гэта можна ўспрыняць як «пагрозу забойства», дадала яна.​

Таксама чыноўніца пабачыла пагрозу ў тым, што каля ейнага дому зьбіраліся зладзіць пікет у зборы подпісаў за Ціханоўскую і закліку «зайсьці ў госьці» да яе.

Ярмошына падрыхтавала зварот у Сьледчы камітэт з просьбай праверыць, ці не ўкладваюцца гэтыя дзеяньні ў «перашкоду ажыцьцяўленю выбарчых правоў» (арт. 191 КК РБ).

ЦВК адхіліла скаргі Бабарыкі, здымаць з выбараў Лукашэнку адмовілася

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі сабралася 4 чэрвеня на паседжаньне для разгляду «некаторых зваротаў», якія паступілі ў ЦВК. Гайдукевічу дазволілі зьняцца з выбараў, на ўсе скаргі Бабарыкі адказалі адмовай.

За тое, каб прызнаць скаргі Бабарыкі неабгрунтаванымі, чальцы камісіі прагаласавалі аднагалосна. Закон не прадугледжвае абскарджаньня пастановы.

Ярмошына адзначыла, што юрысты ЦВК цяпер працуюць амаль толькі на групу Бабарыкі. Заявы Бабарыкі Ярмошына яшчэ да прыняцьця рашэньня ЦВК назвала «ўкідамі».

Як гэта было, падрабязна >>

«Пасьля пятага ператрусу знайшлі Зянона Пазьняка». Як сацсеткі адрэагавалі на знойдзеныя ў Ціханоўскага $900 тысяч

У гомельскім доме блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнткі на кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, сьледчыя выявілі 900 тысяч даляраў, паведаміў Свабодзе 4 чэрвеня паплечнік Ціханоўскіх Аляксандар Кабанаў. Пазьней інфармацыю пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі. У сацыяльных сетках гэтае паведамленьне ўспрынялі зь недаверам і сарказмам.

Больш >>

Бабарыка атрымаў скаргі на прымусовы збор подпісаў за яго

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка заявіў, што яму паведамілі аб загадзе здаваць подпісы за вылучэньне ягонай кандыдатуры. Дзе менавіта такое адбылося, ён не паведаміў, але заявіў, што будзе скардзіцца на такое ў пракуратуру. Раней Бабарыка падаваў у ЦВК скаргу на прымусовы збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

«У гомельскім доме Сяргея Ціханоўскага сьледчыя выявілі 900 тысяч даляраў», — каардынатар кампаніі Ціханоўскай

Пра гэта Свабодзе расказаў паплечнік Ціханоўскіх Аляксандар Кабанаў. Паводле яго інфармацыі, пералічваньне купюраў працягваецца дагэтуль.

«Я магу паведаміць толькі тое, што мне вядома на гэты момант, — кажа Аляксандар Кабанаў. — Інфармацыю маю ад людзей, якія знаходзяцца на месцы вобшуку. Перапіс купюр яшчэ працягваецца. Іх знайшлі ўначы, прыкладна паміж 1-й і 4-й гадзінамі.

Грошы знайшла ўжо трэцяя сьледчая брыгада, якая прыехала на месца. Яны зьмяняліся на працягу ўсяго пэрыяду вобшуку. Панятыя таксама зьмяняліся, у дом нікога не пускалі. Разам з маці Сяргея Ціханоўскага ў якасьці панятых на месцы вобшуку хацелі прысутнічаць яго знаёмыя і сябры, але ім адмовілі.

Трэцяя брыгада сьледчых знайшла частку грошай у адным месцы, яшчэ частку — у другім. Гэта не былі нейкія таемныя месцы. Там ужо праводзілі вобшук і раней нічога не знайшлі».

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG