Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія дэпутаты-перабежчыкі пазбаўляюць Макрона большасьці ў парлямэнце


Эманюэль Макрон

Перабежчыкі з кіроўнай партыі Эманюэля Макрона ў аўторак абвясьцілі пра стварэньне новай групы ў ніжняй палаце парлямэнту Францыі, пазбавіўшы прэзыдэнта безумоўнай большасьці і ўзмацніўшы ціск у бок больш левай палітыкі.

Сем заканадаўцаў выходзяць з партыі Макрона «La Republique en marche!» («Наперад, Рэспубліка!», LREM) і далучаюцца да новай групы «Экалёгія, дэмакратыя, салідарнасьць» (EDS), якая заявіла, што першапачаткова ў яе шэрагах будзе налічвацца 17 парлямэнтароў.

Гэта значыць, у LREM цяпер толькі 288 дэпутатаў, не хапае аднаго да парога 289, неабходнага для абсалютнай большасьці ў парлямэнце, і значна менш, чым 314 — столькі дэпутатаў было выбрана ад партыі Макрона, калі ён зьмяніў палітычны ляндшафт у 2017 годзе.

Партыя Макрона, якая ўтварылася пасьля таго, як былы інвэстыцыйны банкір атрымаў прэзыдэнцкую пасаду ў траўні 2017 году, за апошнія месяцы зазнала істотны адток парлямэнтароў, расчараваных яго жорсткім падыходам да прыняцьця рашэньняў і палітыкай у падтрымку вялікага бізнэсу.

Рышар Фэран, блізкі паплечнік Макрона і прэзыдэнт Нацыянальнай асамблеі, прызнаў страту абсалютнай большасьці LREM, але заявіў, што ўрад можа разьлічваць на галасы 342 дэпутатаў пры падтрымцы дэпутатаў ад меншага кааліцыйнага партнэра, цэнтрысцкай партыі MoDem.

Парлямэнцкая група ня мае фармальных структур партыі. Аднак вельмі магчыма, што любы парлямэнтар, які ўступіў у новую групу, будзе выключаны з партыі Макрона.

Новай групай будуць кіраваць Паўля Фартэза і Мацьё Арфэлен, блізкі саюзьнік былога міністра аховы навакольнага асяродзьдзя Нікаля Юлё, які выйшаў з ураду Макрона, расчараваўшыся ў ягонай палітыцы ў пытаньнях кліматычных зьменаў і зялёнай энэргетыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG