Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлік стажу, пэнсіі і бясплатнае ЭКА — як зьменяцца ўмовы сацыяльнай падтрымкі грамадзян


Ілюстрацыйнае фота. Сямейная пара перад працэдурай ЭКА

Кіраўнік Беларусі падпісаў указ «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

Шматдзетныя маці

З 1 студзеня 2021 году жанчынам, якія нарадзілі нарадзілі чацьвярых дзяцей, залічаць у працоўны стаж час да 12 гадоў (цяпер — 9 гадоў). Пэнсіі ім будуць прызначаць пры наяўнасьці працоўнага стажу ня менш за 20 гадоў і страхавога стажу ня менш за 10 гадоў (цяпер — 17 гадоў 6 месяцаў).

Людзі з інваліднасьцю

З 1 студзеня 2021 году для інвалідаў I і II групы, дыягназ якім паставілі больш за 10 гадоў таму, зьніжаецца патрабаваньне да страхавога стажу для прызначэньня пэнсіі па ўзросьце прапарцыйна часу знаходжаньня на інваліднасьці.

Для інвалідаў зь дзяцінства на 5 гадоў зьнізяць мінімальны працоўны стаж, неабходны для атрыманьня права на датэрміновую пэнсію па ўзросьце (для жанчын — з 20 гадоў да 15 гадоў, для мужчын — з 25 гадоў да 20 гадоў).

Бацькі дзяцей-інвалідаў зь цяжкай ступеньню страты здароўя, якія доўгі час даглядаюць іх (як мінімум 20 гадоў), змогуць атрымліваць падвышаную сацыяльную пэнсію, супастаўную зь мінімальнай пэнсіяй па ўзросьце (да 243,39 р., цяпер — 123,39 р.).

Работнікі зь няпоўным страхавым стажам

Работнікам зь няпоўным страхавым стажам (больш за 10 гадоў, але менш, чым трэба) замест сацыяльнай пэнсіі будуць плаціць працоўную пэнсію па ўзросьце пры няпоўным страхавым стажы. Жанчыны змогуць прэтэндаваць на такую пэнсію з 60 гадоў, мужчыны — з 65 гадоў, як гэта прадугледжана для сацыяльнай пэнсіі.

Бязьдзетныя сем’і

Шлюбным парам, у якіх жанчына маладзейшая за 40 гадоў, пры наяўнасьці мэдыцынскіх паказаньняў бясплатна дадуць адну спробу экстракарпаральнага апладненьня (ЭКА).

Шматдзетныя семʼі

З 1 верасьня 2020 году для шматдзетных семʼяў павялічаць тэрмін выплаты штомесячнай сацыяльнай дапамогі да 12 месяцаў (цяпер — да 6 месяцаў), а таксама ўсталююць крытэр беднасьці са 100% да 115% бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва для прызначэньня такой дапамогі (да 283,8 р., цяпер — 246,78 р.).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG