Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я сядзела агаломшаная — хачу!» Размова зь беларускай перакладчыцай эўрапейскага бэстсэлеру


Вольга Гронская
Вольга Гронская

Размаўляем з Вольгай Гронскай, чый пераклад раману «Тыль» нямецкага пісьменьніка Даніэля Кельмана на беларускую мову толькі што зьявіўся ў выдавецтве «Янушкевіч».

Раман «Тыль», які стаў эўрапейскім бэстсэлерам, сёлета ўвайшоў у кароткі сьпіс Міжнароднай прэміі Букера. На расейскай мове раман не публікаваўся.

— Як вам прыйшла ў галаву думка перакладаць Даніэля Кельмана, ягоны раман «Тыль»?


— Даніэля Кельмана я чытаю здаўна. Мяне захапіла ягоная кніга «Вымярэньне сьвету» (Die Vermessung der Welt, 2005) — гэта шэдэўр. Што тычыцца «Тыля» (Tyll, 2017), гэта быў ня мой выбар і не маё рашэньне. Гэта быў заказ ад выдавецтва «Янушкевіч». Але гэта была тая просьба, пра якую я марыла. Я ведала, што Андрэй Янушкевіч зьбіраецца выдаваць «Тыля», і я вельмі хацела, недзе ўнутры, каб мне прапанавалі гэты пераклад. Нахабства не хапала прапанаваць самой. Але калі Андрэй запытаў мяне, ці не магу я ўзяцца за гэты пераклад, усе зоркі сышліся туды, куды трэба.

Да гэтай прапановы я раману «Тыль» яшчэ не прачытала. Я прачытала толькі маленькі ўрывак, які быў выкладзены выдавецтвам Rowohlt у інтэрнэт для азнаямленьня. Немцы і аўстрыйцы такое практыкуюць, каб людзі маглі пачытаць і падумаць загадзя — купляць ім кніжку ці не? Пасьля гэтага аднаго разьдзелу я сядзела як агаломшаная, а ўнутры нешта ажно трымцела — хачу! хачу! Гэта вельмі мая кніжка, гэта вельмі мой аўтар, і так атрымалася, што яна стала маёй у перакладзе.

— Тыль Уленшпігель як пэрсанаж нямецкай літаратуры ці, можа, нямецкага фальклёру згадваецца ў пісьмовых крыніцах упершыню недзе на пачатку XVI стагодзьдзя. А дзеяньне раману Кельмана адбываецца падчас гэтак званай Трыццацігадовай вайны (1618–1648), у першай палове XVII стагодзьдзя. Кельман узяў і перанёс народнага героя ў часе? Чаму, як вы думаеце?

— Я ня тое каб думаю — я ведаю. Рыхтуючыся да перакладу, я прачытала шмат чаго і праслухала ўсе магчымыя інтэрвію з Кельманам. То бок я ведаю, што сам аўтар пра гэта расказвае.

У Кельмана першапачаткова была задума напісаць раман пра Трыццацігадовую вайну. Як ён расказвае, ён хацеў паказаць ня проста ваенныя дзеяньні, але розных людзей таго часу, розныя пласты насельніцтва, ад сялян да каралёў, і розныя сфэры жыцьця, у тым ліку навуку, мастацтва, і так далей. Яму патрэбны быў герой, які злучаў бы гэтыя пласты, які мог бы быць знаёмы і з мужыком, і з каралём.

Праблема грамадзтва таго часу была ў тым, што яно было мала рухомае, мала мабільнае. То бок нейкі млынар, умоўна кажучы, жыў у адным месцы і ня мог пазнаёміцца, скажам, з каралём. Тады Кельман узгадаў пра вагантаў, пра бадзяжнікаў, і яму прыгадаўся Тыль, герой народных легендаў. Раман называецца «Тыль», але гэта раман ня столькі пра Тыля Ўленшпігеля, колькі пра вайну і зусім іншых людзей. Тыль у рамане выконвае ролю «злучніка» — чалавека, які знаходзіцца паўсюль і знаёмы з усімі.

Кельман — ня першы, хто пераносіў Тыля ў іншы час. Гэтак зрабіў і Шарль дэ Кастэр, у якога Тыль — флямандзкі герой. Гэтак рабілі і іншыя нямецкія пісьменьнікі… Але яны чамусьці заўсёды пераносілі Тыля ў час вайны. Бо першапачаткова, у тых першых нямецкіх легендах, Тыль — зусім не ваенны герой, а проста блазан, штукар, прайдзісьвет, жартаўнік…

— Ці трэба беларускаму чытачу ведаць нямецкую гісторыю, каб зразумець кніжку Кельмана? Пытаю, бо сам я ня ведаю пра Трыццацігадовую вайну амаль нічога. Або ведаю толькі тое, што пра яе напісалі літаратары, а не гісторыкі — напрыклад, Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн у «Авантурніку Сымпліцысімусу» або Гюнтэр Грас у «Сустрэчы ў Тэльгтэ». Наколькі падзеі гістарычнага тла ў рамане Кельмана ўскладняюць яго ўспрыманьне?

— Я б сказала, што гэты раман — вельмі шматпластавы. Нямецкія крытыкі нездарма часам параўноўваюць «Тыля» з раманамі Ўмбэрта Эка ў гэтым пляне. Раман прачытваецца рознымі людзьмі на розных узроўнях. Канечне, каб прачытаць усе сэнсы, усе пласты, варта ведаць ня толькі Трыццацігадовую вайну, але і нямецкамоўную літаратуру таго часу, культуру таго часу і гэтак далей. Таму што ў сваёй кнізе Кельман гуляе на самой справе з чым заўгодна. Там шмат рэальных гістарычных дзеячоў, але ў рамане аўтар гуляе з гісторыяй.

Вывучаць гісторыю Трыццацігадовай вайны ці гісторыю таго часу паводле раману Кельмана я ня раю. У яго ёсьць героі, якія выглядаюць як рэальныя гістарычныя постаці таго часу, а на самой справе іх не было — Кельман іх прыдумаў. Або наадварот — ён бярэ рэальных гістарычных герояў і прымушае іх рабіць тыя ўчынкі, якіх яны ніколі не рабілі. Але акурат гэтым раман і цікавы — для тых, хто ведае…

— Менавіта, для тых, хто ведае. Вы, напрыклад, ведаеце, бо ж вы мусілі прадзерціся праз тэкст раману, паразгадваць яго намёкі і асацыяцыі, зразумець, дзе гістарычная праўда, а дзе аўтарская гульня. А вось для звычайнага чытача, такога, як я, у рамане будзе пласт недаступны для разуменьня — я вас правільна зразумеў?

— Але гэта нармальна — так бывае, ёсьць такія кніжкі. Умоўна кажучы, звычайны чытач прачытае вельмі тонкую, іранічную і трагічную гісторыю людзей таго часу. І гэта ўсё адно будзе цікава для яго. Там ня столькі вайна, колькі розныя бакі жыцьця таго часу: працэсы над ведзьмамі, тэатар, мастацтва, паэзія, навука, як мысьлілі людзі… Гэтая кніга — панарама жыцьця XVII стагодзьдзя. І гэта, мне падаецца, будзе цікава і для тых, хто ня ў курсе гістарычнага працэсу таго часу.

Гэтую кнігу я ўмоўна называю гімнам жыцьцю. І адначасова — гімнам мове. Там вельмі цікавыя рэчы адбываюцца з мовай, і разважаньні пра мову цікавыя. Гэты раман настолькі шматбаковы, што ён можа быць цікавы розным чытачам — якраз сваімі рознымі бакамі. Кніга складаецца з васьмі частак. У кожнай частцы свае героі, хоць ёсьць і героі, якія пераходзяць з часткі ў частку. Кожная частка напісаная сваім стылем — у залежнасьці ад таго, чый голас гучыць у частцы, Кельман мяняе свой голас, свой стыль. І аповед вядзецца не ў храналагічнай паслядоўнасці: аўтар сам ператвараецца ў штукара і жанглюе главамі і падзеямі, як мячыкамі. Пасьля прачытаньня гэтага раману ў мяне, як і ў шмат якіх іншых чытачоў, зьявілася ахвота перачытаць яго, каб паўней зразумець пісьменьніцкія гульні і ўкладзеныя ў аповед сэнсы.

— У мяне гэты раман ёсьць па-нямецку, і я нават спрабаваў пачытаць яго ў арыгінале, але калі дачуўся, што будзе беларускі пераклад, то вырашыў пачакаць. Цяжка вам было перакладаць раман Кельмана з увагі, напрыклад, на розныя стылі розных частак, пра што вы згадалі? Або ці трэба было вам «архаізаваць» мову перакладу, як гэта спрабаваў рабіць Васіль Сёмуха ў перакладзе Грымэльсгаўзэна? Маё ўражаньне такое, што мова ў Кельмана — не архаізаваная…

— Так. Адметнасьць гэтага раману ў тым, што ён напісаны сучаснай мовай. Кельман не спрабуе стылізаваць сваю мову пад мову XVII стагодзьдзя. Гэта сьвядомы ход аўтара. У сваіх інтэрвію Кельман тлумачыў, што ён даволі добра ўяўляў сабе, што думалі людзі XVII стагодзьдзя — бо гэта ўсё зафіксавана ў гістарычных крыніцах — але яму было цяжка ўявіць, як яны размаўлялі. І ён вырашыў, што можа дазволіць сабе напісаць гэты раман цалкам сучаснай мовай. Таму і чытаецца гэты тэкст вельмі лёгка, і ў перакладзе не было такой праблемы, каб гэтую мову архаізаваць.

Але былі іншыя праблемы. Нельга было проста ўзяць арыгінал «Тыля» і перакладаць па старонках. Сам Кельман пісаў гэты раман пяць гадоў, абклаўшыся самымі рознымі крыніцамі. Падчас працы над перакладам у мяне пад рукой, акрамя арыгіналу і слоўнікаў, былі і іншыя тэксты: народная кніга пра Тыля Ўленшпігеля, раман Шарля дэ Кастэра пра Тыля Ўленшпігеля, той самы Грымэльсгаўзэн па-нямецку і па-беларуску, нямецкая паэзія XVII стагодзьдзя, аповед італьянскага гісторыка Карлё Гінзбурга пра жыцьцё аднаго італьянскага млынара XVI стагодзьдзя, якім карыстаўся і Кельман… Насамрэч было шмат крыніц, куды трэба было зазіраць і неяк да іх суадносіцца. Дарэчы, у Кельманавым рамане ёсьць і суаднясеньні да раману Грымэльсгаўзэна…

Што тычыцца перакладу розных стыляў розных частак, то перакладаць было ня столькі цяжка, колькі цікава. Вось тут гаворыць селянін, а там — каралева. Іншыя словы, іншая інтанацыя… Розныя нюансы, якія можна абгуляць у нашай мове…

— Як разумею, пакуль што няма расейскага перакладу «Тыля»?

— Пакуль што няма. І мы вельмі спадзяёмся, што ў бліжэйшым часе ён ня зьявіцца…

— Колькі часу вам спатрэбілася, каб перакласьці раман Кельмана?

— Каля паўгода. Хоць сам пачатак працы быў амаль роўна год таму — недзе на пачатку траўня 2019-га я атрымала PDF раману «Тыль» па-нямецку ад выдавецтва.

І, я думаю, вельмі добра, што кніга выходзіць цяпер. Бо гэта кніга пра трываласьць чалавека ў цяжкі час. Там ёсьць і вайна, і чума, і што заўгодна. Але вось прага жыцьця нягледзячы ні на што — гэтая інтанацыя вельмі важная якраз сёньня. Бо гэта кніга не пра вайну і ня супраць вайны, а пра героя, які выбірае жыцьцё. І герой у Кельмана — ня проста блазан і жартаўнік, але і чалавек мастацтва, ён жанглёр і канатаходзец, які вучыцца, практыкуецца і выбудоўвае зь сябе чалавека, нягледзячы ні на што…

— Ёсьць у вас ужо перакладчыцкія пляны на будучыню?

— Ня тое каб гэта былі канкрэтныя пляны, але нейкія задумкі ў галаве ходзяць. Вельмі хочацца зрабіць зборнік паэзіі аўстрыйскай аўтаркі Інгеборг Бахман. Пасьля перакладу «Тыля» мне вельмі захацелася перакласьці на беларускую мову нямецкую паэзію XVII стагодзьдзя. Што яшчэ? Ёсьць такі сучасны нямецкі аўтар польскага паходжаньня Матыяс Наўрат, і мне вельмі хацелася б перакласьці ягоны раман, які мае працоўную назву «Шмат сьмерцяў нашага дзядулі Юркі».

* * *

Вольга Гронская — паэтка, перакладчыца зь нямецкай мовы.
Нарадзілася ў 1978 годзе ў пасёлку Крывічы Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Скончыла рамана-германскае аддзяленьне філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і асьпірантуру пры ім. У 2004-м абараніла кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Хранатоп прозы Інгеборг Бахман». Працуе на філфаку БДУ. Выдала зборнік паэзіі «АдВольная міфалогія» (2013).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG