Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў угаворваў яго стаць вар’ятам. 10 фактаў пра пісьменьніка Аляксея Карпюка


Аляксей Карпюк

14 красавіка споўнілася б 100 гадоў беларускаму празаіку Аляксею Карпюку. Калі многія нашыя пісьменьнікі жылі і працавалі аглядаючыся, дык Карпюк заўсёды ішоў напралом, нічога і нікога не баяўся. У сваім жыцьці ён зьведаў польскую і нямецкую турмы, лягер сьмерці Штутгаф, допыты ў КДБ і пагрозу новага, гэтым разам савецкага, арышту.

Аляксей Карпюк (1920–1992) працаваў сакратаром Горадзенскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР, творча і жыцьцёва спрыяў Васілю Быкаву, Ларысе Геніюш, Дануце Бічэль.

Ён не баяўся прызнаваць памылкі. Пачынаў пісаць прозу як шчыры камуніст, а напрыканцы жыцьця лічыў камунізм адной з самых пачварных зьяў на сьвеце.

1. У дзяцінстве быў злы на бацьку

«Бацька наш быў суворы... Аднаго разу за нейкую шкоду... накруціў мне вушы, я ўцёк да суседа... Там было некалькі мужчын. Увайшоў яшчэ адзін хлапец і стаў апавядаць... быццам бы падпольшчыкі атрымалі інструкцыю, каб ачысьціць рады партыі... ад кулакоў. Ня бачачы мяне, нехта заўважыў, што найбольш зямлі мае Нічыпар Карпюк — сам сакратар партарганізацыі... Вярнуўся я дамоў, а тут бацька мне даў папругі... што я недзе лётаю і не вучу ўрокаў. Але цяпер я не заплакаў, а кінуў помсьліва: — Ага, а цябе з партыі выключаць, бо ты — кулак!

I раптам я ўбачыў, як ад маіх слоў бацька зьмяніўся ў твары. Ён паглядзеў на мяне так, што маё сэрца ледзь не разарвалася... Відаць, найбольш пакрыўдзіць бацькоў могуць толькі дзеці...» (Аляксей Карпюк. Разьвітаньне з ілюзіямі. Горадня — Уроцлаў. 2008)

Аляксей Карпюк разам са сваім сабакам
Аляксей Карпюк разам са сваім сабакам

2. Ненавідзеў школу і настаўнікаў

«У маім клясе [мястэчка Гарадок] зь сялянскіх дзяцей вучыліся толькі я і Сашка Кандрусік... а рэшта былі сынкі польскіх чыноўнікаў, яўрэйскіх фабрыкантаў, крамнікаў і іншай дробнай буржуазіі. Зрэбная кашуля, розныя гузікі на ёй, босыя ногі ці ня так вымаўленае польскае слова выклікалі ў маіх аднаклясьнікаў насьмешку. Яны мною ганьбавалі. Настаўнікі глядзелі на мяне зь цікаўнай варожасьцю, як на выхадца са славутай вёскі, якую паліцыя называла „чырвоным гняздом“. Я ўзьненавідзеў і школу, і настаўнікаў, і тое, чаму яны вучылі. Хадзіў туды, бо баяўся бацькі». (Аляксей Карпюк, 2008)

3. Зладзіў няўдалыя ўцёкі з Заходняй Беларусі ў БССР

«...я задумаў уцячы вучыцца ў СССР. Начытаўшыся Ната Пінкертона і Шэрлака Холмса, летам 1934 года я падгаварыў Васю Курцэвіча з Валіл, з якім некалькі год сядзелі за адной партай. Мы запасьліся харчамі і падаліся на ўсход. Граніцы перайсьці мы не змаглі. Шукаючы яе, цэлы тыдзень праблукалі ў палескіх балотах ля Ганцавіч і Морачы. Згаладнелых і абарваных, нас злавілі польскія пагранічнікі і перадалі паліцыі. Суд у Клецку даў нам па тры месяцы ўмоўна. Крыху патрымаўшы ў каталажцы і ўсыпаўшы як сьлед на дарогу, нас адправілі дамоў. Вярнуўся я... героем. Падпольшчыкі цяпер мяне адразу прынялі ў камсамол» (Аляксей Карпюк, 2008).

Аляксей Карпюк разам з піянэрамі
Аляксей Карпюк разам з піянэрамі

4. За першы апублікаваны мастацкі твор яму было сорамна

«Я перапісаў бы „Ў адным інстытуце“. Там гэты падзел — на „нашых“ і „кулакоў“, багатых і бедных. Я выдумаў іх з савецкай прапаганды... Ёсьць там такія акцэнты, за якія сягоньня сорамна... Я апраўдваў калектывізацыю. Не расхваляў, але апраўдваў яе, быццам бы гэта непазьбежнасьць. Не разумеючы, што гэта — сьмерць мужыку і зямлі». (Антон Лабовіч. Аляксей Карпюк: «Агідную звычку ненавідзець увесь сьвет прынесьлі да нас камуністы...» // Пагоня. 15 ліпеня 1999 г.)

5. Ледзь ня стаў Героем Савецкага Саюзу

«Сын [Карпюк] паведамляў бацькам: «За прарыў абароны праціўніка на Одэры і выхад да Бэрліна я ў ліку шасьці чалавек з палка быў прадстаўлены да званьня Героя Савецкага Саюзу. Указ аб першых узнагароджаных прыходзіць, а мяне чамусьці няма... Але ці трэба зьдзіўляцца, я ж — заходнік... Людзям зьверху здаецца — контрарэвалюцыянэр нейкі...» (Сьцяпан Ярашчук. Аляксей Карпюк: Лісты з фронта і на фронт // Пагоня, 13 красавіка 1999 г.)

Аляксей Карпюк сярод беларускіх пісьменьнікаў
Аляксей Карпюк сярод беларускіх пісьменьнікаў

6. Яго ледзь не забіў зубар

Па ўспамінах пісьменьніка Ўладзімера Калесьніка: «Аднойчы Аляксей Карпюк паклікаў мяне, паехалі да Геніюшаў, узялі ў машыну Ларысу і Янку, завезьлі ў Белавескую пушчу паглядзець зуброў. Але па пушчы пагуляць, пазьбіраць баравічкі нам не дазволілі. У вялікім загарадзе пасьвілася сям’я зуброў, былі яны далёка ад дарогі. Аляксей Нічыпаравіч перадзыгнуў праз плот і пайшоў да зуброў. Адышоўся далёка ад плота. Зубар не зьвяртаў на яго ніякай увагі, блізка падпусьціў... А пасьля як павернецца, як пабяжыць на Карпюка, а Карпюк уцякаць... А мы стаім — і ня ведаем, што нам рабіць... Карпюк пераскочыў праз плот адным махам, зубар урэзаўся ў слуп так, што гэты магутны плот амаль не разваліўся...» (Аляксей Карпюк, 2008)

7. Яго хвалілі ў эміграцыйным друку, што абярнулася для Карпюка вялікай бядой

«...бядою для аўтара абярнуўся станоўчы водгук на „Маю Джамалунгму“ [успаміны Карпюка] мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына“, якую выдавалі... Станіслаў Станкевіч і Якуб Стральчук... Пачалося зламыснае калупаньне ў яго акупацыйнай біяграфіі. Нейкі спэцработнік навыграбаў у архіве канцлягера Штутгаф пераводаў і квітоў на грошы, якія атрымліваў пад расьпіску вязень.

Беласточчына, як вядома, была далучана да Прусіі, там хадзілі не акупацыйныя маркі, а сапраўдныя „рэйхсмаркі“, бацькам рэпрэсіраваных дазвалялася пасылаць абмежаваную колькасьць грошай... спэцработнік прыдумаў абвінаваўчую вэрсію, нібыта грошы выплачвала Карпюку ахова лягера за нейкія брыдкія паслугі. Пад сумненьне была ўзята добраахвотнасьць уцёкаў Карпюка са Штутгафа, а затым ініцыятыва па стварэньні партызанскага атрада імя Каліноўскага. Карпюка выключылі з партыі, і толькі на бюро ЦК яму ўдалося адхіліць інсынуацыі». (Уладзімір Калесьнік. Плён творчасьці — досьлед жыцьця / Усё чалавечае. Менск, 1993)

Аляксей Карпюк з Данутай Бічэль
Аляксей Карпюк з Данутай Бічэль

8. Адмаўляўся выступаць супраць Васіля Быкава

«Паклікаў мяне сакратар абкама партыі па прапагандзе ды паставіў пытаньне рубам: ты, камуніст, думаеш крытыкаваць Быкава за ачарненьне савецкай рэчаіснасьці, ці ня думаеш? Пачаў я даводзіць, што Быкаў піша аголенымі нэрвамі... што ён сам, хоць і беспартыйны, піша з чысьцейшых партыйных пазыцый... таму аўтара такога не крытыкаваць трэба, а вылучыць на Дзяржаўную прэмію. Сакратар мяне абарваў: — Яшчэ і прэмію яму? За тое, што піша?.. Значыць, удзельнічаць у перавыхаваньні Быкава адмаўляесься? Што ж, наракай на сябе...

Неўзабаве навіна — КДБ вядзе допыт знаёмых, корпаецца ў маёй біяграфіі. Папярэдзілі Максіма Танка, каб спатрабаваў ад мяне заяву аб звальненьні з пасады сакратара гродзенскага аддзяленьня СП БССР. Апрача „Нового мира“, усе рэдакцыі вярнулі мне рукапісы...» (Аляксей Карпюк. Варашылаўскія стралкі // Літаратура і мастацтва. 20 кастрычніка 1989 г.).

9. Быкаў угаворваў яго зрабіцца вар’ятам

«...сябры прыдумалі для мяне ратунак... урач браўся выдаць даведку, дзе чорным па белым будзе стаяць, што я псыхічна ненармальны. Маўляў, тады адразу ад мяне адстануць і па партыйнай лініі, і па судовай, і КДБ, бо паводле нашай Канстытуцыі на такіх людзей справы ніхто заводзіць ня мае права. Васіль [Быкаў] пачаў угаворваць: — Аляксей, згаджайся! Бо пасадзяць! Сядзеў у польскай турме, нямецкай, запякуць яшчэ і ў нашу...

...Здавалася б, вазьмі такую даведку, вяртайся дамоў ды рабі кпіны сваім ворагам. Але ж... я не люблю сябе адчуваць абсьмяяным... Што, потым хадзі з кляймом дыплямаванага прыдурка ў кішэні?» (Аляксей Карпюк, 1989).

Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасьля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 год
Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасьля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 год

10. Пакутаваў ад маральнага разлажэньня грамадзтва ў застойныя часы

«...аднойчы мая дачка-пяціклясьніца... прыйшоўшы са школы, пахвалілася: — А мне сёньня ня трэба вучыць матэматыку! У нас была камісія, дык настаўніца задавала пытаньні па ўроку, які мы праходзілі раней, хоць зрабіла выгляд, што расказвае ўсё гэта нам упершыню. Усім пяцёркі выставіла!..

Дзяўчынка прымала хлусьню настаўніцы, як належнае. Разлажэньне грамадзтва ў застойны пэрыяд ішло на ўсіх узроўнях... У часы застою і мараль нашая будавалася на каркасе, зробленым... цяп-ляпам. І таму мы зараз маем тое, што маем...» (Аляксей Карпюк, 1989).

Аўтар дзякуе Паўлу Мажэйку і горадзенскаму руху «За свабоду» ў дапамозе пры падрыхтоўцы публікацыі.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG