Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры скасавала або перанесла міжнародныя імпрэзы ў Беларусі да канца траўня


Спэктакль Свабоднага тэатру
Спэктакль Свабоднага тэатру

Міжнародныя фэстывалі, якія плянавалася правесьці сёлета ў сакавіку, красавіку і траўні, перанесеныя на пазьнейшы тэрмін або адмененыя, паведаміла начальніца ўпраўленьня культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Перанос закрануў міжнародны фэстываль «М.@rt.контакт» у Магілёве і Беларускі міжнародны фэстываль тэатраў лялек, спасылаецца на прадстаўніцу ведамства БелаПАН. Фінал конкурсу «Нацыянальная тэатральная прэмія» пройдзе ў другім паўгодзьдзі.

Ірына Дрыга адзначыла, што праца тэатральна-відовішчных арганізацый Беларусі арганізуецца ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя. З улікам гэтага праекты з удзелам замежных калектываў і выканаўцаў адмененыя або перанесеныя на пазьнейшы пэрыяд.

«Гэта закранула як дзяржаўныя, так і прыватныя тэатры, канцэртныя арганізацыі, усіх, хто займаецца арганізацыяй такіх праектаў, — сказала чыноўніца. — Праекты, спэктаклі з удзелам беларускіх выканаўцаў арганізуюцца ў тым выпадку, калі ўласьнікі пляцовак могуць забясьпечыць супрацьэпідэмічныя захады».

На адмысловай нарадзе ў Савеце Міністраў пастанавілі да 6 красавіка абмежаваць культурна-масавыя, спартыўныя і навуковыя імпрэзы зь міжнародным удзелам.

Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 86, яшчэ два пад пытаньнем. Выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі 29 пацыентаў, на мэдычным кантролі 57 пацыентаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG