Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспартныя пляны ў 2019 годзе правалілі ўсе міністэрствы Беларусі. Падзеньне працягваецца і ў 2020-м


Сельска-гаспадарчая тэхніка беларускай вытворчасьці

У 2019 годзе беларускія міністэрствы і канцэрны, якім даводзіліся заданьні ў экспарце тавараў, ня выканалі іх, спасылаецца БелаПАН на афіцыйныя зьвесткі.

Урад плянаваў, што ў 2019 годзе прадпрыемствы Міністэрства прамысловасьці павялічаць экспарт тавараў на 9%, аднак па факце адбылося яго зьніжэньне на 9,2%.

Аб’екты гспадараньня, падпарадкаваныя Мінсельгасхарчу, павялічылі экспарт на 4,5% пры заданні 8,6%. Арганізацыі Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры зьменшылі экспарт на 3,8% пры заплянаваным росьце на 3,5%.

Канцэрну «Белнафтахім» ставілі задачу захаваць аб’ём экспарту на ўзроўні 2018 году, аднак пастаўкі прадукцыі на вонкавыя рынкі ў грашовым эквіваленце скараціліся на 17,5%.

Падзеньне экспарту нафтапрадуктаў працягваецца і сёлета. Паводле Белстату, у студзені 2020 году экспарт нафтапрадуктаў склаў 305,5 тысячы тон, у студзені летась ён складаў 1006,3 тысячы тон. Сёлетні студзеньскі экспарт нафтапрадуктаў склаў усяго 30,4% ад экспарту нафтапрадуктаў у студзені 2019 году — зьніжэньне амаль на 70%.

Канцэрн «Беллеспаперапрам» павялічыў экспарт на 3,6% пры заданьні 11,9%. Экспарт арганізацый «Беллегпрама» зьнізіўся на 6,7%, хоць плянавалі рост на 6%. Перад канцэрнам «Белдзяржхарчпрам» ставілася задача захаваць аб’ём экспарту на ўзроўні 2018-га, аднак ён зьнізіўся на 17,3%.

На думку эканамістаў, невыкананьне дзяржаўнымі органамі заданьняў па экспарце — чаканы вынік.

«Адміністрацыйнымі захадамі можна стымуляваць збыт прадукцыі на ўнутраным рынку. На замежных рынках такія намаганьні не спрацоўваюць. Таму дырэктыўныя заданьні росту экспарту, якія ў Беларусі даводзяцца да дзяржорганаў, у асноўным не выконваюцца», — падкрэсьліў у камэнтары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Зьміцер Крук.

На яго думку, з улікам імавернага эканамічнага спаду ў Расеі, шанцаў павялічыць беларускі экспарт у 2020 годзе практычна няма. Для яго росту найперш павінны быць зьнятыя бар’еры на шляху разьвіцьця прыватнага бізнэсу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG