Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкія ўлады заступіліся за жанчыну, якую цкавалі ў сацсетках за каранавірус


Ілюстрацыйнае фота. Шпіталізацыя чалавека, заражанага каранавірусам

Старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Дзямідаў падтрымаў жыхарку гораду, якая заразілася каранавірусам і сутыкнулася з цкаваньнем у сувязі з гэтым.

Чыноўнікі зьвярнуўся да жанчыны ў сваім інстаграме, піша Tut.by.

Жыхарка Наваполацку Тацяна вярнулася зь міжнароднай выставы ў Маскве, здала тэст на каранавірус — ён быў станоўчым, яе зьмясьцілі ў Віцебскую абласную клінічную інфэкцыйную лякарню. Калі Тацяну шпіталізавалі, па Наваполацку папаўзьлі розныя чуткі, у прыватнасьці пра тое, што яна нібыта «памерла».

У сетках пачалі распаўсюджваць яе асабістыя зьвесткі, нават хатні адрас. Некаторыя новапалачане адкрыта цкавалі жанчыну. Кіраўнік гарвыканкаму Наваполацку Дзьмітры Дзямідаў 19 сакавіка ў сваім інстаграме разьмясьціў адкрыты зварот да пацыенткі (цяпер яго старонка закрытая):

«Паважаная Тацяна! Дазвольце мне як старшыні Наваполацкага гарвыканкаму запэўніць, што абсалютная большасьць новапалачан падтрымлівае вас і з разуменьнем ставіцца да сытуацыі, якая склалася. Шчыра прашу, ня слухайце злых языкоў, якія паддаліся паніцы або наўмысна нагнятаюць абстаноўку. Пройдзе час, і, я ўпэўнены, гэтым людзям будзе сорамна за свае выказваньні. Іх паводзіны не павінна хваляваць вас і перашкаджаць вашаму акрыяньню і вяртаньню дадому, дзе вас любяць і чакаюць родныя і блізкія. Кожны разважлівы чалавек разумее, што вы праявілі сьвядомасьць у дачыненьні да сябе і навакольных, паказалі прыклад таго, як неабходна сябе паводзіць у сытуацыі, якая склалася», — гаворыцца ў паведамленьні.

Наваполацкі гарвыканкам 18 сакавіка прыняў рашэньне аб абмежаваньні масавых захадаў. Іх перанесьлі на тэрмін пасьля 15 красавіка. Улады заклікаюць гараджан абмежаваць выхады ў людныя месцы, больш знаходзіцца дома.

На 20 сакавіка ў Беларусі афіцыйна пацьверджана 69 выпадкаў каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG