Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства гандлю Беларусі пачало расьсьледаваць дзейнасьць расейскіх дыскаўнтэраў «Светофор»


©Shutterstock
©Shutterstock

Па выніках расьсьледаваньня хочуць вызначыць, што наагул такое «жорсткі дыскаўнтэр».

Міністэрства гандлю Беларусі пачала 16 сакавіка антыманапольнае расьсьледаваньне дзейнасьці сеткі так званых «жорсткіх дыскаўнтэраў» — кампаніяў «МасПрадуктСэрвіс», «ЛенПрадуктСэрвіс», «ВіцебскПрадуктСэрвіс» і «ГомельПрадуктСэрвіс».

Як адзначае «Інтэрфакс», гэта ўладальнікі крамаў расейскай сеткі «Светофор» — такіх крамаў у Беларусі 86, а агулам па сьвеце з улікам Расеі, Казахстану, Кітаю звыш 800. У Расеі «Светофор» ёсьць найбуйнейшай сеткай сярод «жорсткіх прадуктовых дыскаўнтэраў». Сетка належыць братам Шнайдэрам з Краснаярску, пра якіх не вядома практычна нічога.

Расьсьледаваньне ў Беларусі пачалі пасьля заявы Асацыяцыі раздробных сетак, у якой сьцьвярджалася, што сетка не трымаецца асартымэнтных сьпісаў тавараў, выкарыстоўвае непразрыстыя схемы набыцьця і дэмпінгуе — апускае цэны ніжэй за рынкавыя, каб выціснуць канкурэнтаў.

Міністэрства гандлю паведаміла прадстаўнікам сеткі пра пачатак расьсьледаваньня на працоўнай сустрэчы і адзначыла значныя неадпаведнасьці патрабаваньням, выяўленыя пры маніторынгу гандлёвых аб’ектаў.

«Разам з тым адзначана, што „жорсткія дыскаўнтэр“ — гэта мэханізм, які цісьне на гандлёвыя арганізацыі, што займаюць дамінантнае становішча, і прымушае іх стрымліваць цэны», — адзначае міністэрства.

У выніку расьсьледаваньня ў міністэрстве хочуць ня толькі вызначыць, ці былі парушэньні, але і даць азначэньне паняцьцю «жорсткі дыскаўнтэр», укласьці патрабаваньні да фармату і стварыць выразныя і зразумелыя ўмовы працы ў гэтай сфэры.

Акрамя сеткі «Светофор», у Беларусі ёсьць і «Грошык» — сетка «жорсткіх дыскаўнтэраў» кампаніі «Еўраопт», якая пакуль налічвае дзьве крамы ў краіне.

Звычайна «жорсткімі дыскаўнтэрамі» называюць крамы, якія арыентуюцца на тавары штодзённага спажываньня і эканомяць на сваім пэрсанале, а выглядаюць хутчэй як склады з цэньнікамі на паліцах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG