Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус. Новую вакцыну ў ЗША выпрабуюць на добраахвотніках


Ілюстрацыйнае фота

Клінічныя выпрабаваньні вакцыны ад новага каранавірусу пачнуцца ў панядзелак 16 сакавіка, паведаміў прадстаўнік фэдэральнага ўраду.

Першы ўдзельнік клінічных выпрабаваньняў атрымае экспэрымэнтальную вакцыну ў панядзелак, паведаміў чыноўнік на ўмовах ананімнасьці, паколькі пра выпрабаваньні не было абвешчана публічна. Выпрабаваньні фінансуюцца Нацыянальнымі інстытутамі аховы здароўя і пройдуць у Дасьледчым інстытуце сыстэмы аховы здароўя Kaiser Permanente Washington у Сіетле, паведаміла крыніца.

Прадстаўнікі органаў аховы здароўя кажуць, што на поўную праверку любой патэнцыйнай вакцыны пойдзе ад году да паўтара.

Выпрабаваньні пачнуцца з 45 маладых, здаровых добраахвотнікаў, якім увядуць розныя дозы прэпарату, распрацаванага Нацыянальнымі інстытутамі здароўя й кампаніяй Moderna. Заражэньне валянтэраў выключана, бо прэпарат не зьмяшчае самога віруса. Мэта складаецца ў тым, каб праверыць, ці вакцыны ня маюць трывожных пабочных эфэктаў, і падрыхтаваць глебу для больш маштабных выпрабаваньняў.

Дзясяткі дасьледчых арганізацый ва ўсім сьвеце сьпяшаюцца стварыць вакцыну, бо захворваньне COVID-19 працягвае расьці. Важна, што яны спрабуюць распрацаваць розныя тыпы вакцын, якія ня толькі ствараюцца з выкарыстаньнем новых тэхналёгій, якія дазваляюць вырабляць іх хутчэй, чым традыцыйныя прэпараты для прышчэпак, але і могуць аказацца больш магутнымі.

Некаторыя дасьледчыкі спрабуюць распрацаваць часовыя вакцыны, якія маглі б ахоўваць здароўе людзей на працягу аднаго-двух месяцаў, пакуль распрацоўваюцца больш доўгачасовыя сродкі абароны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG