Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША павялічылі продаж зброі на чвэрць, Ізраіль — на 77%, экспарт Расеі зьнізіўся на 18%


Аб’ём продажаў зброі за апошнія пяць гадоў у сьвеце вырас на 5,5% у параўнаньні з папярэднім пяцігадовым пэрыядам, гаворыцца ў дакладзе Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).

Найбуйнейшымі экспартэрамі зброі застаюцца Злучаныя Штаты, Расея, Францыя, Нямеччына і Кітай. ЗША ўмацавалі лідэрства ў сусьветным гандлі зброяй — за апошнія пяць гадоў Вашынгтон павялічыў абʼём продажаў амаль на чвэрць (23%). Палова амэрыканскага экспарту зброі прыпадае на Блізкі Ўсход, палова з гэтых паставак — на Саудаўскую Арабію. Павышаны попыт на авіятэхніку ЗША прадэманстравалі краіны Эўропы, Аўстралія, Японія і Тайвань.

Агульны абʼём продажаў узбраеньняў ЗША на 76% перавысіў суму ўгод другога велічынёй у сьвеце экспартэра ўзбраеньняў, Расеі. За названы пэрыяд экспарт расейскай зброі зьнізіўся на 18%, адзначаюць экспэрты SIPRI.

Прыкметны рост продажаў прадэманстравала Францыя — 72% у параўнаньні з пэрыядам 2010-2014 гадоў. Яе доля ўзрасла дзякуючы кантрактам з Эгіптам, Катарам і Індыяй.

Упершыню ў сьпіс дзесяці найбуйнейшых экспартэраў зброі ўвайшла Паўднёвая Карэя, яе экспарт павялічыўся на 143% у параўнаньні з папярэднім пяцігадовым пэрыядам. Экспарт узбраеньняў з Ізраіля за гэты ж пэрыяд вырас на 77% і дасягнуў рэкорднага ўзроўню.

Сярод імпартэраў самыя незвычайныя паказчыкі прадэманстравала Паўднёвая Афрыка — некалі найбуйнейшы на поўдзень ад Сахары пакупнік за мінулыя пяць гадоў амаль не набываў зброі.

SIPRI — сусьветны навукова-дасьледчы інстытут, які сыстэматызуе дадзеныя аб выдатках і абароце зброі ў сьвеце, а таксама аб глябальнай і рэгіянальнай бясьпецы. Інстытут складае рэйтынгі, грунтуючыся на аналітыцы, камэнтарах экспэртаў і адкрытых дадзеных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG