Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Instagram МЗС зноў запрасіў вядомага амэрыканца ў Белавескую пушчу. Цяпер Цукербэрга


Марк Цукербэрг, архіўнае фота
Марк Цукербэрг, архіўнае фота

Кіраўнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг апублікаваў у Instagram фота і відэа зь Елаўстоўнскага парку. МЗС Беларусі запрасіў яго паглядзець на зуброў і праграмістаў.

Цукербэрг пабачыў і зьняў на відэа бізона ў засьнежаным Елаўстоўнскім парку, што ў штаце Ваёмінг (другое відэа ў пасьце). Таксама ён апублікаваў кадры з гарачымі азёрамі, каньёнам і гарамі.

Афіцыйны акаўнт Міністэрства замежных справаў Беларусі пракамэнтаваў пост мільярдэра:

«Вельмі ўражвае! — піша МЗС Цукербэргу. — У нас таксама ёсьць выдатныя зубры ў Белавескай пушчы, у Беларусі! Дарэчы, калі вам спадабаўся MSQRD, ставім на тое, што вы знойдзеце, што наведаць у беларускім Парку высокіх тэхналёгіяў! Варта падумаць :)».

Пад тым, што «Цукербэгру спадабаўся MSQRD», МЗС мае на ўвазе тое, што ў 2016 годзе Facebook набыў беларускую кампанію Masquerade, якая распрацавала праграму MSQRD. Суму ўгоды тады не называлі, але гаворка ішла пра дзясяткі мільёнаў даляраў.

Месяц таму МЗС запрашаў у Белавескую пушчу іншага вядомага амэрыканца: актора Джарэда Падалецкага, які пажартаваў, што гэта ён прыдумаў дызайн старых беларускіх рублёў. Праўда, Падалецкага запрашалі паглядзець не на зуброў, а на ласёў.

МЗС публікуе ня ўсе пасты амэрыканскіх зорак, дзе можна пабачыць прывязку да Беларусі. Так, МЗС не адрэагаваў на пост актора Ўіла Сьміта, дзе той заклікаў адказна спажываць алькаголь і ілюстраваў заклік кадрамі «танкавага дрыфту» ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG