Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чальцы БРСМ неспадзявана атрымалі зьніжку ў Symbal.by


БРСМ праводзіць «Дзень вышыванкі» пад чырвона-зялёным сьцягам, 2017 год. Раней акцыю з такой назвай, але з нацыянальнай сымболікай, ладзіў Symbal.by

Дырэктар крамы патрыятычнага адзеньня і падарункаў Symbal.by Павал Белавус расказаў на Facebook пра «неспадзяванку»: у краме будуць мець 10-працэнтную зьніжку чальцы праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Як растлумачыў Белавус, крама падключылася да дысконтнай праграмы Autohelp (да яе ж падключаныя ЦУМ і ГУМ, «Алеся» і Tom Tailor, «Родны кут» і «Радзівілаўскі»), а праграма дае зьніжку і чальцам БРСМ, «бо фактычна сяброўскі білет БРСМ — гэта дысконтная картка», адзначае Белавус.

«Так што цяпер будзем агітаваць бээрэсэмаўцаў прыходзіць у нашую краму па сьцягі, рэчы з „Пагоняй“ і вышыванкі», — дадае Белавус.

Свой допіс ён ілюстраваў фота з акцыі мастака Аляксея Кузьміча — той прышпіліў сабе значок БРСМ проста да грудзей, за скуру.

БРСМ і Symbal.by яднае прынамсі яшчэ адна рэч: і тыя, і другія ладзілі акцыі пад назвай «Дзень вышыванкі». Акцыі з такой назвай з 2014 году ладзіла «Арт Сядзіба» супольна з Symbal.by — незалежна ад дзяржавы і без усялякай дзяржаўнай падтрымкі. У 2016 годзе Савет Міністраў загадаў БРСМ правесьці ўласнае сьвята пад такой назвай — Белавус прапаноўваў дапамогу, але БРСМ адмовіўся. На сьвяце праўладнай арганізацыі панавала дзяржаўная сымболіка, а бел-чырвона-белых сьцягоў ці Пагоні не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG