Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь запрасіла місію МАГАТЭ ў фізычнай ядзернай бясьпецы


Беларуская АЭС

Беларусь запрасіла місію Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі IPPAS у пытаньнях фізычнай ядзернай бясьпекі, паведаміў журналістам намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк на брыфінгу аб выніках місіі МАГАТЭ ў комплекснай ацэнцы разьвіцьця нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энэргетыкі (INIR 3), перадае БелТА.

«Мы добраахвотна запрасілі місію. Папярэдне гэтыя пытаньні і некаторыя аспэкты абмяркоўваліся падчас цяперашняй місіі INIR 3», — адзначыў Міхаіл Міхадзюк.

Паводле яго, Беларусь мае намер працягваць узаемадзеяньне з МАГАТЭ пры рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энэргетычнай праграмы.

«Што тычыцца далейшага супрацоўніцтва, то мы ні ад аднаго інструмэнта, прапанаванага МАГАТЭ, не адмаўляемся і ня будзем адмаўляцца. Таму што ў агенцтве сабраны згустак усіх сусьветных ведаў у галіне атамнай энэргетыкі, гэта для нас вельмі важна», — падкрэсьліў намесьнік міністра.

Намесьнік генэральнага дырэктара, кіраўнік Дэпартамэнту ядзернай энэргіі МАГАТЭ Міхаіл Чудакоў пацьвердзіў, што беларускі бок накіраваў ліст наконт наступнай місіі ў адрас гендырэктара агенцтва Рафаэля Гросі. Гэтая місія ў Беларусі будзе пастаўлена ў плян працы МАГАТЭ на 2021 год.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасьцю 2400 МВТ будуецца па расейскім праекце паблізу Астраўца (Горадзенская вобласьць). Генэральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» (АСЭ). Увод першага энэргаблёку заплянаваны ў 2020 годзе, другога — у 2021-м.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG