Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыбыла місія МАГАТЭ — правяраць гатоўнасьць да эксплюатацыі АЭС


Кіраўнік дэпартамэнту ядзернай энэргіі МАГАТЭ Міхаіл Чудакоў

Місія МАГАТЭ па ацэнцы гатоўнасці нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энергетыкі да эксплюатацыі АЭС, прыбыла Ў Беларусь.

Сустракаючыся з намесьнікам генэральнага дырэктара, кіраўніком дэпартамэнту ядзернай энэргіі МАГАТЭ Міхаілам Чудаковым, прэмʼер-міністар Сяргей Румас заявіў, што Беларусь мае цьвёрды намер стварыць бясьпечную, эканамічна эфэктыўную і экалягічную атамную галіну.

«Абсалютны прыярытэт у рэалізацыі праекту будаўніцтву Беларускай АЭС застаецца ў пытаньнях гарантаваньня бясьпекі будучай станцыі. Усе этапы, зьвязаныя з уводам яе ў эксплюатацыю, старанна і пасьлядоўна выконваюцца. Прычым Беларусь гэты праект рэалізуе зусім адкрыта, ва ўзаемадзеяньні ня толькі з Расейскай Фэдэрацыяй, але і з многімі міжнароднымі партнэрамі», — прыводзіць словы Румаса прэс-служба ўраду.

Сяргей Румас
Сяргей Румас

«Прынцыповым для нас момантам зьяўляецца няўхільнае выкананьне ўсіх міжнародных абавязаньняў у ядзернай сфэры і прытрымліваньне ўсіх стандартаў і рэкамэндацый МАГАТЭ. Вынікі ацэначных місій МАГАТЭ для нас важны арыентыр у працы», — сказаў Румас.

Сяргей Румас заявіў, што беларускі бок спадзяецца на «ўсялякую далейшую падтрымку з боку агенцтва».

«Беларусь актыўна карыстаецца усім спэктрам інструмэнтаў і паслуг, якія прапаноўваюцца МАГАТЭ, і мае намер у далейшым працягваць гэтую практыку», — сказаў ён.

Падчас сустрэчы
Падчас сустрэчы

Прэмʼер-міністар «запэўніў, што Беларусь мае намер ня толькі ўлічваць досьвед МАГАТЭ і яго краін-ўдзельніц, але і ў поўнай ступені абапірацца на яго ў сваёй дзейнасьці», адзначаецца ў рэлізе.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG