Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ААН: Расея датычная да ваенных злачынстваў у Сырыі


Пасьля расейскай паветранай атакі на Маарат-эн-Нууман 22 ліпеня 2019 году

Міжнародная камісія ААН па Сырыі выявіла дадзеныя аб датычнасьці Расеі да паветраных удараў, у выніку якіх загінулі некалькі дзясяткаў мірных жыхароў Cырыі, у тым ліку жанчын і дзяцей, паведамляе The Guardian.

Паводле выданьня, экспэрты ААН упершыню наўпрост выкрылі ўдзел расейскіх вайскоўцаў у ваенных злачынствах.

У дакладзе, прысьвечаным падзеям другой паловы 2019 году, прыводзіцца інфармацыя аб паветраных ударах па:

  • рынку ў горадзе Маарат-эн-Нууман, нанесеных 22 ліпеня,
  • доме, у якім былі разьмешчаныя ўцекачы ў населеным пункце Хас 16 жніўня.

Налёты на рынак зрабілі ў два заходы, гаворыцца ў дакладзе. Пад другую хвалю бамбардаваньня трапілі ратавальнікі, якія дапамагалі ахвярам першага ўдару. 43 чалавекі былі забітыя, у тым ліку 4 дзяцей. У выніку удараў па Хасе загінулі 20 чалавек, сярод іх 8 жанчын і 4 дзяцей.

«Зыходзячы з даступных сьведчаньняў, сярод якіх паказаньні сьведак, відэазапісы, электронныя выявы, а таксама паведамленьні назіральнікаў за палётамі, перахоп радыёперамоваў, дадзеныя назіраньняў раньняга папярэджаньня, у камісіі ёсьць дастатковыя падставы верыць у тое, што расейскія самалёты ўдзельнічалі ў кожным з гэтых інцыдэнтаў, — гаворыцца ў справаздачы. — У кожным з інцыдэнтаў расейскія ВПС не перасьледавалі канкрэтных ваенных мэтаў, што зьяўляецца ваенным злачынствам».

Экспэрт з Вашынгтонскага інстытуту Блізкага Ўсходу Чарльз Лістэр, якога цытуе The Guardian, называе гэтую выснову экспэртаў ААН «выключна важнай» падзеяй, паколькі ААН вельмі рэдка называе адказных за падобныя напады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG