Міністар здароўя Літвы Аўрэліюс Вярыга ў інтэрвію Ziniu radijas 11 чэрвеня заявіў, што краіне цяпер было б «вельмі рызыкоўна» адкрываць межы зь Беларусьсю, Расеяй і некалькімі іншымі краінамі, якія «гуляюць у небясьпечную гульню».
На думку літоўскага міністра, некаторыя краіны прытрымліваюцца стратэгіі, накіраванай на тое, каб новым каранавірусам заразілася як мага большая частка папуляцыі, каб хутчэй сфармаваць калектыўны імунітэт.
«Зь любымі такімі краінамі, як Беларусь, дзе хваробу адмаўляюць і дзе гучыць вельмі дзіўная рыторыка, я думаю, вельмі небясьпечна сьпяшацца адкрываць межы», — дадаў літоўскі міністар. Цалкам чытайце па спасылцы.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 11 чэрвеня ў Беларусі:
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік выказаўся пра магчымасьць другой хвалі каранавірусу. Чыноўнік спаслаўся на дырэктара Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя Ханса Клюге, які лічыць, што другая хваля непазбежная, пытаньне толькі ў тым, наколькі яна будзе цяжкай.
«Цяпер навуковая супольнасьць абмяркоўвае магчымасьць другой хвалі каранавірусу ўвосень бягучага году. Беларуская сыстэма ахова здароўя ў прынцыпе гатовая ды апэратыўнага рэагаваньня. Але трэба спадзявацца, што другой хвалі ня будзе», — цытуе міністра тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя. Цалкам чытайце тут.
Эўракамісія рэкамэндавала краінам ЭЗ, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону, пачаць з 1 ліпеня паэтапнае адкрыцьцё зьнешніх межаў, закрытых зь сярэдзіны сакавіка ў сувязі з каранавіруснай пандэміяй.
Камісія разьлічвае, што да гэтага моманту будуць у асноўным зьнятыя абмежаваньні на перамяшчэньне паміж самімі краінамі Шэнгенскай зоны.
Да 30 чэрвеня мяжы ЭЗ для грамадзянаў трэціх краін, акрамя тых, якія маюць від на жыхарства і ўяжджаюць з прычыны настойлівай неабходнасьці, застануцца закрытымі. З 1 ліпеня Эўракамісія рэкамэндуе адкрыць ўезд для шэрагу катэгорый замежнікаў, у прыватнасьці, для студэнтаў і высокакваліфікаваных працаўнікоў, аднак не для турыстаў.
Разам з тым рэкамэндавана з 1 ліпеня адкрыць межы для грамадзян шэрагу балканскіх краін, якія не ўваходзяць у ЕС. Беларусь у рэкамэндацыях Эўракамісіі ня згадваецца.
Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў ЗША перавысіла два мільёны позна ўвечары 10 чэрвеня. Рэкордная колькасьць пацыентаў назіралася ў Арызоне. Тэхас, Флорыда і Паўночная Караліна, якія ўвайшлі ў лік першых штатаў, якія здымаюць карантын, таксама паведамляюць пра рэкордныя аднадзённыя максымумы.
Паводле ацэнак унівэрсытэту Джона Хопкінса, ад каранавірусу ў ЗША памерла каля 113 000 чалавек, гэта крыху больш за чвэрць ад усіх выпадкаў у сьвеце (416 тысяч).
Мэр Масквы Сяргей Сабянін рэкамэндаваў гараджанам не наведваць афіцыйныя мерапрыемствы 12 чэрвеня ў Дзень Расеі, а таксама заплянаваны на 24 чэрвеня парад, прысьвечаны 75-годзьдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У эфіры тэлеканалу «Расія 24» Сабянін сказаў, што ніякіх масавых мерапрыемстваў на гэтыя дні не плянуецца, бо яны з прычыны эпідэміі каранавірусу пакуль забароненыя. «Так, афіцыйныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і 12-га, і ў дзень параду. Але лепш гэта паглядзець па тэлевізары. Ніякай масоўкі, гледачоў там не павінна быць», — падкрэсьліў мэр.
Раней дзеяньне электронных пропускаў у Маскве працягвалася да 14 чэрвеня. Рашэньне аб датэрміновым зьняцьці абмежаваньняў Сяргей Сабянін прыняў пасьля размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, сьцьвярджалі крыніцы «Медузы». Адна з вэрсій — неабходнасьць забясьпечыць яўку і вынік на галасаваньні пра папраўкі ў Канстытуцыю 1-га ліпеня. Апасеньні, што карантын зьнялі заўчасна, выказваюць палітолягі і лекары.
Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак у Менску абмеркаваў з сваім беларускім калегам Ігарам Сергеенкам плянаваны візыт Уладзіміра Зяленскага ў Беларусь.
«Суразмоўцы адзначылі добрую дынаміку таваразвароту паміж краінамі і выказалі надзею, што пандэмія каранавірусу не акажа нэгатыўнага ўплыву на двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва», — адзначаецца ў заяве.
Жывым выступам папулярнага гурту Akute стартуе летні сэзон на адкрытай пляцоўцы DВОР. Гэта тэрыторыя былой менскай мэблевай фабрыкі (вуліца Кальварыйская, 21).
Як удакладняюць арганізатары, абавязковы дрэс-код для слухачоў — маскі і пальчаткі дзеля бясьпекі ў часе збору.
Арганізатары абяцаюць выконваць захады бясьпекі, а таксама раздаваць наведнікам маскі з пальчаткамі ў харчовай зоне. У кожнай фуд-хатцы будзе антысэптык.
Тэрыторыя DВОРа займае 3,5 тысячы квадратных мэтраў, так што наведнікі ў змозе трымацца на бясьпечнай адлегласьці адзін ад аднаго.
Паводле міністэрства аховы здароўя Беларусі, пандэмія каранавірусу пайшла на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях. Ці праўда, што Беларусь – на трэцім месцы ў Эўропе паводле колькасьці новых выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі?
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 12 чэрвеня ў Беларусі:
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3–6 чэрвеня выпісвалі больш, чым выяўлялі новых хворых. Затым колькасьць «актыўных выпадкаў» працягнула расьці. Рост спыняўся толькі ў дні, калі выпісвалі рэкордную колькасьць пацыентаў.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Украіна з 15 чэрвеня аднаўляе міжнародныя авіязносіны з Альбаніяй, ЗША, Вялікай Брытаніяй і Турэччынай, а з 27 чэрвеня — з Тунісам.
«Сёньня ўрад ухваліў рашэньне адкрыць пункты пропуску ва ўкраінскіх аэрапортах і дазволіць іншаземцам уезд, калі яны не грамадзяне краін з высокай распаўсюджанасьцю COVID-19 і не былі на тэрыторыі такіх дзяржаваў цягам апошніх 14 дзён», — паведаміў міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій.
Тэрміны аднаўленьня авіярэйсаў зь Беларусі пакуль не абмяркоўваюцца. Падрабязнасьці па спасылцы.
У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што жонка Ўладзіміра Зяленскага Алена знаходзіцца на амбуляторным лячэньні ў сувязі з пацьверджаным COVID-19. У сувязі з гэтым тэставаньне прайшла ўся сям’я — Уладзімір Зяленскі і дзеці. У іх вынікі адмоўныя.
«Першая лэдзі пачувае сябе добра і ня мае ніякіх сымптомаў захворваньня. Цяпер яна знаходзіцца на амбуляторным лячэньні, ізаляваная ад іншых членаў сям’і», — гаворыцца ў паведамленьні. Цалкам чытайце тут.
Беларусь усё яшчэ знаходзіцца на стадыі лякальнай перадачы каранавіруснай інфэкцыі, і гэта досыць сур’ёзная сытуацыя, заявіў афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у Беларусі Батыр Бердыклычаў.
«Мы бачым, што з надыходам лета ў людзей назапасілася стомленасьць, яны перастаюць ўсьведамляць усё яшчэ існуючую небясьпеку. Гэта вельмі хвалюючая тэндэнцыя, таму што вірус нікуды не падзеўся, небясьпека захоўваецца, нягледзячы на некаторую стабілізацыю і зьніжэньне колькасці новых выпадкаў», — адзначыў ён. Цалкам чытайце тут.
Паліцыя аштрафавала прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага за парушэньне карантыну. У працоўнай паездцы ён з чыноўнікамі і галоўным санітарным лекарам краіны наведаў кавярню без ахоўных масак.
Браслаўскі райвыканкам увёў дадатковыя меры прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюджваньня вострых рэсьпіраторных інфэкцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, піша «Браслав Online»:
У сямʼі памерлага ад каранавірусу фэльчара вылічылі падаходны падатак з 5000 рублёў матэрыяльнай дапамогі ад прафсаюзаў. Сказалі, што Падатковы кодэкс ня мае выключэньняў для такіх выплат.
12 чэрвеня ў Віцебску памерла мэдсястра Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі Натальля Анціпава. У яе быў каранавірус. Пра гэта Tut.by распавяла яе сястра Тацяна. Натальля Анціпава працавала ў хірургічным аддзяленьні.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 13 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалася практычна аднолькавая статыстыка: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала паказваць спад распаўсюду вірусу.
Дзясяткі выпадкаў заражэньня каранавірусной інфэкцыяй выявілі непадалёк ад самага буйнога мяснога і гародніннага рынку ў сталіцы Кітаю, Пэкіне. У раёне ўведзены рэжым ваеннага часу.
Брытанска-швэдзкая кампанія AstraZeneca Plc паведаміла 13 чэрвеня, што падпісала кантракт з шэрагам эўрапейскіх урадаў на пастаўку вакцыны ад каранавірусу, які выклікае COVID-19. Сама вакцына пакуль не гатовая – яе распрацоўкай займаецца Оксфардзкі ўнівэрсытэт, а AstraZeneca Plc абяцае паскораную вытворчасьць і пастаўкі ўжо ў канцы 2020 году.