Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 5 чэрвеня ў Беларусі:
Сэрвіс Google Maps працягвае публікаваць дэталёвы аналіз паводзін карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Новая справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь. Паводле зьвестак на канец траўня, беларусы сталі ў параўнаньні са «звычайнымі паводзінамі» да пандэміі каранавірусу:
Краіны Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзіць большасьць дзяржаў Эўропы, падоўжаць забарону на ўезд для грамадзян трэціх краін, якая завяршаецца 15 чэрвеня. Гэта стала зразумела па выніках нарады міністраў унутраных спраў краін-членаў ЭЗ.
Забарона, якая распаўсюджваецца ў тым ліку і на грамадзян Беларусі, была ўведзеная ў сакавіку з нагоды эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі — уяжджаць у краіны Шэнгенскай зоны могуць толькі іншаземцы, якія маюць від жыхарства або пастаянны від на жыхарства.
Эўракамісія выступала за тое, каб да 15 чэрвеня ў сувязі са зьмякчэньнем карантынных мер адкрыць межы. Аднак большасьць краін-членаў ЭЗ заявілі, што яшчэ не гатовыя да гэтага.
Хутчэй за ўсё, на 15 чэрвеня не атрымаецца ў поўнай меры адкрыць мяжы паміж краінамі самой Шэнгенскай зоны. Многія дзяржавы ў разгар эпідэміі цалкам закрылі свае межы, іншыя ўвялі істотныя абмежаваньні.
У заяве члена Эўракамісіі Ільвы Ёхансан гаворыцца, што большасьць краін ЭЗ — за адкрыцьцё ўнутраных межаў да канца чэрвеня, аднак і гэтая дата пад пытаньнем.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі назвала 5 чэрвеня ў Telegram цэны на правядзеньне тэстаў на COVID-19, якія спатрэбяцца перад выездам за мяжу: 41,38 рубля для рэзыдэнтаў краіны і 56,63 для нерэзыдэнтаў.
Ахвочым зрабіць тэст трэба падаць ня толькі копію пашпарта, але і копіі квіткоў у краіны, куды чалавек зьбіраецца ехаць. Па завяршэньні тэсту абяцаюць выдаць вынікі на расейскай і ангельскай мовах. Цалкам чытайце па спасылцы.
Некалькі тыдняў таму мяне выпісалі зь лякарні на «амбуляторнае лячэньне COVID-19». І гэта аказалася яшчэ адной гісторыяй у стылі «чаканьне — рэальнасьць» — гісторыяй, поўнай маіх расчараваньняў і абыякавасьці з боку мэдыкаў, распавядае сваю «гісторыю хваробы» блогерка Наста Захарэвіч. Чытайце па спасылцы.
Прынамсі 21 мэдычны супрацоўнік, што быў хворы на COVID-19 ці пнэўманію, памёр за два апошнія месяцы эпідэміі ў Беларусі. Зьвесткі пра ахвяр эпідэміі каранавірусу Свабода зьбірае ў праекце «Сьпіс памяці».
Толькі ў другой палове траўня памерлі шасьцёра мэдыкаў.
Больш за ўсё ахвяр эпідэміі сярод мэдыкаў вядома зь Віцебску (трое), Менску (трое) і Барысава (таксама трое). Прычым у Барысаве ўсе трое мэдыкаў працавалі ў адной установе — цэнтральным раённым шпіталі.
Сярод 21 мэдыка, пра сьмерць каго нам вядома цяпер, 17 мелі пацьверджаны тэст на каранавірус (у астатніх — двухбаковая пнэўманія і падазрэньне на каранавірус. — РС). Але не ўва ўсіх гэтых людзей у пасьведчаньні аб сьмерці было запісана пра каранавірус. Хоць Сусьветная арганізацыя здароўя тлумачыла выданьню Onliner, што да ахвяр COVID-19 варта адносіць усіх людзей, якія мелі пацьверджаны COVID-19, нават калі ў іх была дыягнаставаная нейкая хранічная хвароба.
Міністэрства аховы здароўя тым часам не распаўсюджвае інфармацыю пра мэдыкаў, якія памерлі ад каранавірусу. Яно спасылаецца на біяэтыку і лекарскую таямніцу.
Па афіцыйных зьвестках, у Беларусі за ўвесь час ад каранавірусу памерлі 259 чалавек. Гэта значыць, што мэдыкі складаюць амаль 10% ад усіх ахвяр эпідэміі.
Захворваньне на COVID-19 пайшло на зьніжэньне ў Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях, паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
«Менск ужо прайшоў верхавіну і ідзе на зьніжэньне. Менская і Віцебская вобласьці прайшлі дакладна гэтак жа. То бок фактычна 40-45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі. Калі пройдзе Берасьцейская вобласьць, у нас будзе бліжэй да 60%. Сёньня Берасьцейская вобласьць знаходзіцца на максымальным для вобласьці плято. Яшчэ нейкі час яна будзе знаходзіцца тут, потым пойдзе ўніз», — цытуе Богдан прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Паводле Алены Богдан, усе рэгіёны па-рознаму ўступалі ў гэты працэс. Пачыналася з Віцебска, потым далучыліся Менск і Менская вобласьць, затым Берасьцейская, практычна паралельна зь ёй пайшла Горадзенская, крыху з адставаньнем пачынае Гомельская вобласьць, і найменшыя паказчыкі сёньня ў Магілёўскай вобласьці.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў Магілёве заявіў, што ў краіне паступова праблема каранавіруса адыходзіць, у тым ліку ў Магілёве сытуацыя цяпер складваецца цалкам шчасна.
Аляксандар Лукашэнка пачаў візыт у Магілёў з наведваньня Сьвята-Мікольскага жаночага манастыра, дзе ён паставіў сьвечкі, перадае БелТА.
«Пашанцавала магілёўцам у тым пляне, што нават калі ёсьць захворваньне, то ўжо ў лёгкай форме», — сказаў Лукашэнка.
Ён назваў правільным выбраны ў Беларусі шлях барацьбы з захворваньнем без уводу ўсеагульнага карантыну. Лукашэнка заклікаў людзей быць акуратнымі, выконваць неабходныя засьцярогі, больш праводзіць часу на сьвежым паветры.
«Мы павінны прыгожа прайсьці гэты пэрыяд і перамагчы чатыры-пяць пандэмій, якія сёньня блукаюць па нашай краіне — у галіне аховы здароўя, палітыкі, эканомікі, інфапандэмію. Мы іх пераадолеем. Не такія праблемы пераадольвалі», — сказаў Лукашэнка.
У манастыры кіраўніку краіны падарылі абраз, які абараняе ад ворагаў.
Паводле міністэрства, на 6 чэрвеня ў Беларусі:
Піша Юры Дракахруст.
Упершыню з пачатку пандэміі каранавірусу ў Беларусі на працягу чатырох дзён колькасьць новых выяўленых інфікаваных менш, чым колькасьць новых ачунялых і памерлых. Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, то гэта будзе азначаць, што пандэмія прайшла пік і ідзе на спад.
6 чэрвеня ў выніку цяжкай і працяглай хваробы, ускладненай каранавіруснай інфэкцыяй, памёр схіепіскап Дзятлаўскі Пётр, вікарый Наваградзкай эпархіі, паведамляе афіцыйны партал беларускай праваслаўнай царквы church.by.
Вікарыю быў 61 год. Ён нарадзіўся 5 студзеня 1959 году ў Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю. У 1992 годзе стаў эпіскапам Тураўскім і Мазырскім, з 2004 году быў прызначаны кіраўніком Бабруйскай эпархіяй, затым быў вікарыем Віцебскай эпархіі. З 2013 году ўладыка Пётр прызначаны эпіскапам Смаргонскім, вікарыем Наваградзкай эпархіі.
Па стане на 7 чэрвеня ў Беларусі 48 630 выпадкаў каранавірусу. За ўвесь час памерлі 269 пацыентаў.
Міністэрства аховы здароўя апублікавала статыстыку па хворых на каранавірус на 7 чэрвеня. Агульных выпадкаў – 48 630, за ўвесь час памерлі 269 пацыентаў. Прырост выпадкаў за суткі – 879 чалавек.
У Расеі за апошнія суткі выяўлена 8984 выпадкі заражэньня каранавірусам, сьведчыць афіцыйная статыстыка. Зь іх толькі 1956 выпадкаў — у Маскве, якая да сярэдзіны траўня была асноўным месцам распаўсюджваньня хваробы.
Агульная колькасьць тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй у Расеі з пачатку эпідэміі вырасла да 467 673 чалавек. Амаль палова ўжо выздаравелі — 226 731 чалавек.
Памерлі, паводле афіцыйных дадзеных, крыху больш за 1 адсотка інфікаваных — 5859 хворых. Зь іх 134 за суткі.
Тэлеканал АНТ зрабіў спэцыяльны сюжэт, у якім спрабаваў зьняпраўдзіць «фэйкі» пра рост каранавірусу ў сувязі зь менскім парадам 9 траўня, не назваўшы пры гэтым ніводнага СМІ і ніводнай лічбы.
«Чамусьці ўсе адчайна маўчаць пра парад у Менску, — заявіў расейскі сацыёляг Ганчароў. — А напярэдадні ўся заходняя прэса і, на жаль, расейская, „клікушнічала“: „Лукашэнка вывеў людзей на вуліцы, праз 2 тыдні інкубацыйнага пэрыяду Беларусь „вымрэ“.
Нічога не адбылося — Беларусь жывейшая за ўсіх жывых. Эпідэмічныя паказьнікі там лепшыя, чым у Аўстрыі і Нямеччыне. Калі б самая малая вірусная ўспышка здарылася пасьля параду, мы б пра гэта чулі з кожнага праса».
Распаўсюд новага каранавірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19, якую ён выклікае, не спыняецца. З пачатку году ў сьвеце зафіксавалі ўжо звыш 7 мільёнаў выпадкаў хваробы, памерлі прынамсі 406 тысяч чалавек. Агульная колькасьць выпадкаў новага каранавірусу ў ЗША перавысіла 2 мільёны.
Выпісалі здаровымі пасьля каранавірусу 3,462 млн чалавек, але хворымі застаюцца 3,224 млн, зь іх амаль 54 тысячы ў крытычным стане. Лекаў і вакцынаў ад новага каранавірусу ўсё яшчэ не знайшлі — ёсьць толькі пэрспэктыўныя экспэрымэнты, але не прэпараты з пацьверджанай эфэктыўнасьцю.
У пачатку чэрвеня штодзень выяўляюць да 130 тысяч новых выпадкаў, хоць вясной выяўлялі па 70–100 тысяч на дзень. Паводле даступных на момант публікацыі зьвестак, за 7 чэрвеня выявілі 113 тысяч выпадкаў: найбольшы прырост у Злучаных Штатах (18,9 тысячы), Бразыліі (18,3 тысячы), Індыі (10,8 тысячы), Расеі (9 тысяч) і Чылі (6,4 тысячы).
Колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень паступова спадае ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыне і іншых краінах, але толькі расьце ў Бразыліі, Індыі і іншых.
У рэдакцыю Tut.by трапіў новы загад Міністэрства здароўя Беларусі аб дапамозе хворым на COVID-19. Згодна з загадам, ад 15 чэрвеня ўстановы аховы здароўя абласнога ўзроўню зьбіраюцца паэтапна вяртаць у звычайны рэжым працы.
Што яшчэ мяняе загад:
На сайце Petitions.by апублікавалі адказ на зварот аб рэгулярнай публікацыі статыстыкі сьмяротнасьці ў Беларусі ў параўнаньні зь мінулым годам. Зварот за гэта падпісаў 431 чалавек.
Першы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч адказаў на гэта адмовай. Паводле яго:
Павал Палейчык лічыць, што прычынай гэтага стала яго палітычная актыўнасьць. Пасьля вызваленьня з «сутак» Павал вярнуўся да працы і некалькі тыдняў не меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленьне аб непрацягненьні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідзкай «хуткай» стане 9 ліпеня.
Паводле міністэрства аховы здароўя, на 8 чэрвеня ў Беларусі:
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3 і 4 чэрвеня сталі выпісваць больш, чым выяўляць новых хворых.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».