Як адзначаюць ініцыятары глябальнай дасьледчай кампаніі, да супольнай справы далучыліся амаль 200 навукоўцаў з больш як 40 дзяржаваў. Ад беларускага боку ў праекце задзейнічаны псыхатэрапэўт Алег Айзбэрг.
Веды, атрыманыя ў выніку дасьледаваньня, дапамогуць больш эфэктыўна падтрымліваць людзей падчас эпідэмій, а таксама вызначыць, хто больш уразьлівы да праблемаў, зьвязаных зь фізычным і псыхічным здароўем. Цалкам чытайце тут.
Прэзыдэнтка Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд разам з былой прэм’ер-міністаркай Новай Зэляндыі Гэлен Кларк, міністрам здароўя Мэксыкі Хорхэ Алькасэрам Варэля і былым чальцом праўленьня Партнэрства ў ахове здароўя маці, нованароджаных і дзяцей САЗ Грасай Машэл прааналізавалі наступствы эпідэміі каранавірусу ў калёнцы на сайце САЗ.
На думку чацьвярых аўтараў, у першую чаргу пандэмія прывядзе да росту дзіцячай сьмяротнасьці, ад 42 да 66 мільёнаў дзяцей апынуцца ў сытуацыі крайняй галечы па ўсім сьвеце. Асноўныя тэзісы і высновы чытайце па спасылцы.
Афіцыйна прызнаныя 38 956 выпадкаў COVID-19 у Беларусі — 22-е месца ў сьвеце паводле распаўсюду новага каранавірусу. Беларусь ужо абагнала Швэцыю, Партугалію, Швайцарыю, Польшчу, Украіну і многія іншыя эўрапейскія краіны.
Паводле колькасьці выпадкаў на душу насельніцтва Беларусь на 16-м месцы ў сьвеце і 10-м у Эўропе: 4140 выпадак на мільён чалавек. Калі адкінуць мікрадзяржавы з насельніцтвам менш за 100 тысяч чалавек (Сан-Марына, Ватыкан, Андору і Гібральтар), Беларусь становіцца на 12-е месца ў сьвеце і 6-е ў Эўропе паводле распаўсюду COVID-19 на душу насельніцтва.
Пры тым у Беларусі прызналі толькі 214 сьмерцяў (22,75 на мільён), і гэта толькі 67-е месца ў сьвеце і 37-е ў Эўропе (менш у Баўгарыі, Грэцыі, Мальце, Украіне, Чарнагорыі, Латвіі, Альбаніі і Славакіі). Паводле суадношаньня прызнаных сьмерцяў да выяўленых выпадкаў COVID-19 Беларусь на 17-м месцы ў сьвеце (без уліку краінаў, дзе не прызналі ніводнай сьмерці).
Жыхар Гомля Яўген Якавенка плянава лячыў анкалёгію і заразіўся ў шпіталі COVID-19. Яго пераводзілі са шпіталя ў шпіталь, ён трапіў у рэанімацыю, расказаў Свабодзе сын нябожчыка Яўген Якавенка (малодшы). «Татка толькі паўгадзіны пабыў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ) — і яго ня стала. Каб не каранавірус — ён бы жыў». Яўгену Якавенку (старэйшаму) было 68 гадоў. Чытайце гісторыю Яўгена па спасылцы.
Актор менскага драматычнага тэатру імя Горкага Аляксандар Ждановіч, той самы Маляваныч з «Калыханкі», перахварэў на COVID-19. Сёньня ўпершыню пасьля шпіталя і ізаляцыі выехаў на лецішча, каб пакасіць, спраўдзіць, як квітнее сад і як узышла цыбуля.
У размове з карэспандэнтам Свабоды Аляксандар Ждановіч расказаў пра свой «суб’ектыўны вопыт» ад перажытай інфэкцыі. Чытайце па спасылцы >>
Больш як два месяцы маштабныя праекты дзеля барацьбы з каранавірусам стварае і рэалізуе онлайн-плятформа «Имена». Яе заснавальніца Кацярына Сінюк расказала Свабодзе пра розныя кірункі дапамогі, пра тое, як у грамадзтве мяняецца стаўленьне да дабрачыннасьці, а таксама выказала занепакоенасьць тым, што ў часе пандэміі істотна зьнізілася дапамога іншым праектам для самых уразьлівых, якія не зьвязаныя наўпрост з COVID-19.
Сьцісла
У Івейскім раёне насельніцтва абавязалі выкарыстоўваць маскі ў грамадзкіх месцах. Кіраўніцтву кампаній і прадпрыемстваў забаранілі абслугоўваць наведнікаў бяз масак.
Таксама з улікам мераў сацыяльнага дыстанцыяваньня абмежавалі колькасьць наведнікаў, якія адначасова знаходзяцца ў:
Сузаснавальнік Microsoft Біл Гейтс раней згадаў «пасьведчаньні аб імунітэце», пасьля чаго ў некаторых супольнасьцях загаварылі, што праект прадугледжвае ўжыўленьне людзям «мікрачыпаў», якія пакажуць, хто быў правераны на каранавірус. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?
Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыняла пастанову аб зьменах у пераліку «хваробаў, якія зьяўляюцца мэдычнай падставай для вызваленьня вучняў ад выпускных іспытаў». Да сьпісу дадалі «інфэкцыю, выкліканую каранавірусам COVID-19». Тэкст быў афіцыйна апублікаваны і набыў моц 28 траўня.
У Беларусі раней вырашылі адкласьці ўступную кампанію ў сувязі з каранавірусам, даты цэнтралізаванага тэставаньня зьмянілі на тыдзень ці два.
Графік выпускных іспытаў у школах можа быць трохі адкарэктаваны ў залежнасьці ад зьместу прадметаў. Што да выпускных вечароў у школах, Мінадукацыі прапануе вырашаць гэта пытаньне індывідуальна ў кожнай навучальнай установе.
На Petitions.by зьбіралі подпісы за скасаваньне выпускных і перанос уступных іспытаў у Беларусі. 27 траўня зварот з амаль 10 тысячамі подпісаў адправілі ў Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта.
Грамадзкае аб'яднаньне «Экадом» выказаа занепакоенасьць бязьдзейнасьцю дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў (Дзяржатамнагляд) на фоне зьяўленьня інфармацыі аб распаўсюдзе COVID-19 на Беларускай АЭС.
Напярэдадні, нагадалі экалягічныя актывісты, генэральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў заявіў, што «на будаўніцтве БелАЭС прыблізна 100 работнікаў інфікаваныя вірусам COVID-19», а таксама «выказаўся аб неабходнасьці ўзмацненьня ахоўных захадаў і паведаміў пра тое, што празь некалькі тыдняў чакаецца выдача ліцэнзіі на эксплюатацыю першага энэргаблёка электрастанцыі і яго фізычны пуск».
«Нас глыбока трывожыць гэтая сытуацыя, якая характарызуецца ў першую чаргу бязьдзейнасьцю нацыянальнага рэгулятара, закліканага кантраляваць будаўніцтва і арганізоўваць бясьпеку функцыянаваньня атамнай электрастанцыі, — гаворыцца ў звароце. — Яшчэ ў красавіку сёлета наша арганізацыя выказала асьцярогі ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі сярод занятых на будаўніцтве БелАЭС і мясцовых жыхароў, уключаючы жыхароў Астравецкага раёну.
Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай рэспублікі ў складзе Расеі, увечары 27 траўня ўпершыню асабіста пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, ці хварэў ён COVID-19. Наўпрост на пытаньне пра магчымасьць захворваньня на каранавірусную інфэкцыю ён так і не адказаў. Ён заявіў, што «абсалютна здаровы», а ў Маскве нібыта быў на дыспансэрызацыі.
«Калі нават я захварэў. У сьвеце мільёны людзей заражаныя каранавірусам, дзясяткі тысяч памерлі, я што, не чалавек? Ня маю права захварэць? Ня маю права паставіць кропельніцу і падняць імунітэт? Я абсалютна здаровы чалавек», — заявіў Кадыраў.
Эўрапейскі цэнтар прафіляктыкі і кантролю захворваньняў (ECDC) узяў пад сумнеў эфэктыўнасьць закрыцьця межаў для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі. Даклад выйшащ у момант, калі краіны Эўразьвязу абмяркоўваюць магчымасьць зьняцьця некаторых абмежаваньняў на паездкі, уведзеных на першым этапе эпідэміі ў Эўропе, піша Reuters.
Экспэрты адзначаюць, што закрыцьцё межаў прывяло да вельмі нэгатыўных наступстваў для эканомікі, але толькі адтэрмінавала эпідэмію ў самым яе пачатку.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін сказаў падчас нарады з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, што з 1 чэрвеня ў Маскве будуць паслабленыя карантынныя абмежаваньні.
Паводле Сабяніна, з 1 чэрвеня:
«Рэжым самаізаляцыі» працягне дзейнічаць: ён падоўжаны мінімум да 14 чэрвеня. Але жыхарам старэйшыя за 65 гадоў дазволена будзе выходзіць на вуліцу паводле графіку.
Па словах мэра, «сытуацыя з захворваньнем на каранавірусную інфэкцыю ў Маскве ня толькі стабілізавалася, але і палепшылася». Таму, паводле яго, можна «зрабіць як бы графік, калі грамадзяне, якія пражываюць у тых ці іншых дамах, могуць выходзіць на прагулкі».
Масквічам дазволяць гуляць па графіку толькі тры разы на тыдзень: два разы ў працоўныя дні і адзін раз у выходны. На сьвітаньні (зь пяці да дзевяці раніцы) кожнага дня — без абмежаваньняў. Графік прагулак для кожнага дома будзе вывешаны на сайце mos.ru.
Паводле міністэрства аховы здароўя, на 28 траўня ў Беларусі:
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.
Першы выпадак каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 быў зафіксаваны ў Беларусі тры месяцы таму: 28 лютага стала вядома, што хваробу выявілі ў студэнта БНТУ з Ірану. Ён ужо паправіўся і нават ажаніўся. Але вірус працягвае пашырацца і ў Беларусі, і ў астатнім сьвеце.
Сьцісла. Вакцынаў і лекаў няма. Некаторыя краіны ўжо перамаглі або амаль перамаглі каранавірус, але Беларусь ня ў іх ліку. Беларусь ня ўводзіла амаль ніякіх карантынных захадаў. Статыстыка каранавірусу ў Беларусі мае шмат анамаліяў. Эпідэміялягічны прагноз уладаў Беларусі не пацьвярджаецца. Трактары і козачкі — «лекі Лукашэнкі ад каранавірусу». Беларускія мэдыкі не задаволены надбаўкамі і ўмовамі працы.
5,8 мільярдаў рублёў — гэта чыстыя страты ўсіх буйных і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі са студзеня па красавік 2020 году. Летась за такі ж пэрыяд яны спрацавалі з чыстым прыбыткам у 3,1 мільярда рублёў. Глядзім, чаму так атрымалася і каго напаткаў найбольшы крызіс. Чытайце артыкул па спасылцы.
Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў на Facebook пра вынікі працы за два месяцы: на дапамогу беларускім мэдыкам сабралі 302 619 даляраў.
Гэта пяць тысяч даляраў на дзень або дзьвесьце даляраў на гадзіну, адзначае Стрыжак. З гэтай сумы 58 957 даляраў унесла беларуская дыяспара з-за мяжы. «Узгадайце гэта кожны раз, калі хтосьці скажа, што беларусы ня здольныя на салідарнасьць і ўзаемадапамогу», — дадае ён. Цалкам чытайце тут.
Аляксандру Мацьвееву, маці якога памерла ад COVID-19, адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы. Ён даведаўся пра гэта па тэлефоне ў міліцыі. Мацьвееў вінаваціў Лукашэнку ў бязьдзеяньні службовай асобы падчас пандэміі каранавірусу.
Афіцыйная прадстаўніца УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Шкуратава пацьвердзіла Радыё Свабода, што праверку скончылі, яе вынікі накіравалі Мацьвееву на пазначаны адрас.
Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Эўропы з найбольшай колькасьцю зарэгістраваных выпадкаў заражэньня COVID-19 за апошнія два тыдні, паведаміў 28 траўня дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя Ганс Клюге.
Акрамя Беларусі, у першую пяцёрку ўвайшлі Расея, Вялікая Брытанія, Турэччына і Італія.
Усяго ў зоне адказнасьці эўрапейскага бюро САЗ 53 краіны з насельніцтвам каля 900 мільёнаў чалавек, у якіх пацьверджана больш за 2 мільёны выпадкаў заражэньня каранавірусам і зафіксавана звыш 175 тысяч сьмерцяў ад COVID-19.