Гарадзкі пікнік Vulitsa Ezha, які павінен быў прайсьці ў сталічным батанічным садзе 13-14 чэрвеня, а таксама фэстываль у Горадні, заплянаваны на 23-24 траўня, адмянілі. Пра гэта арганізатары паведамілі ў сацсетках.
Як адзначаюць арганізатары, «на бягучы момант мы ня можам гарантаваць бясьпеку гасьцей і ўсіх удзельнікаў». Яны таксама напісалі, што спадзяюцца на паляпшэньне эпідэміялягічнай сытуацыі, каб можна было правесьці фэстываль ежы, заплянаваны на 22-23 жніўня ў Менску (падрыхтоўка да яго пакуль працягваецца).
Матч другой лігі футбольнага чэмпіянату Беларусі «Горкі» — «Дняпро-Магілёў» (Магілёў) пройдзе без гледачоў. Як паведаміў у твітэры ФК «Дняпро-Магілёў», Горацкі райвыканкам прыняў рашэньне правесьці гульню ў закрытым рэжыме ў сувязі «зь няпростай эпідэміялягічнай абстаноўкай у раёне».
Выканкам Беларускай фэдэрацыі баскетбола 22 траўня аб’явіў аб датэрміновым завяршэньні жаночага і пераносе на верасень вырашальных матчаў мужчынскага чэмпіянату Беларусі «ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Мінспорту і Мінздароўя, а таксама кіруючыся рашэньнямі ФІБА і ФІБА Эўропа». Таксама датэрмінова завершанае першынства дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі.
У сувязі з пандэміяй каранавірусу правядзеньне спэцыялізаваных выставаў «Белагра-2020», «Белфэрма», «Белпрадукт», «Харчовая індустрыя» і «Прадмаш. Холад. Упак» пераносіцца на пачатак верасьня 2020 году, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Міжнародныя спэцыялізаваныя выставы «Беларускі будаўнічы тыдзень» і «Белкамунтэх. Сучасны горад» перанесьлі на 7-9 красавіка 2021 году.
Сем тыдняў у трох шпіталях. Чатыры адмоўныя тэсты на каранавірус. Дыягназ — СOVID-асацыятыўная полісэгмэнтарная двухбаковая пнэўманія — пацьвердзіла толькі КТ. 50-гадовая Вольга расказала, як трэці месяц змагаецца з каранавірусам і ўскладненьнямі пасьля хваробы. Чытайце гісторыю Вольгі па спасылцы >>
Бальніцы ў Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцях, а таксама ўпраўленьне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця атрымаюць грашовую дапамогу на барацьбу з COVID-19, піша «Эўрарадыё». Дапамогу вылучылі ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна». Агульны бюджэт на тры краіны — 2,9 мільёна эўра. Беларускія ўдзельнікі праекта могуць прэтэндаваць на фінансаваньне ў межах траціны ад гэтай сумы. Цалкам чытайце тут.
Вось як фізычнае дыстанцыяваньне і іншыя афіцыйныя захады фармуюць штодзённае жыцьцё па ўсім сьвеце ў часе, калі некаторыя з краінаў пачалі здымаць абмежаваньні, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй COVID-19.
23 траўня беларуская IT-кампанія Wargaming перадала Міністэрству аховы здароўя 100 тысяч аднаразовых ахоўных камбінэзонаў. Гэтыя сродкі індывідуальнай абароны пашыла кампанія Mark Formelle.
Напярэдадні Wargaming і Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) перадалі ў Цэнтар экстранага рэагаваньня Міністэрства аховы здароўя партыю ў 91 тысячу фільтруючых масак класыфікацыі FFP3 (вытворчасьць міжнароднай карпарацыі 3M), паведамляе БЕЛТА.
Пра гэта у тэлеграм-канале міністэрства здароўя паведаміў сёньня загадчык аддзелу Менскага НПЦ хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі, галоўны пазаштатны спэцыяліст міністэрства Аляксандар Дзядзько. Апошні раз статыстыку захворваньня каранавірусам па рэгіёнах міністэрства здароўя прыводзіла месяц таму – 24 красавіка. Тады паводле міністэрства ўсяго ў Беларусі было 8773 чалавекі з пацьверджаным тэстам на COVID-19, зь іх у Менску – 4090 чалавек (46% ад усіх інфікаваных).
Крайне правая гішпанская партыя Vox зладзіла ў Мадрыдзе дэманстрацыю супраць карантынных мераў, прынятых у сувязі з пандэміяй каранавірусу. Пратэст падтрымалі аўтамабільнымі гудкамі тысячы аўтамабілістаў, якія праяжджалі па вуліцах гішпанскай сталіцы.
Удзельнікі сёньняшняй акцыі заклікалі прэм'ер-міністра Педра Санчэса і віцэ-прэм'ера Пабла Іглесіаса падаць у адстаўку. Правыя абвінавачваюць левы ўрад ў нанясеньні шкоды эканоміцы і рэзкім росьце беспрацоўя.
У Расеі рэкордная колькасьць памерлых за суткі
Аднак згодна афіцыйным дадзеным агульная колькасьць захварэўшых зьмяншаецца.
За мінулыя суткі ў Расеі зафіксавана 153 выпадкі сьмерці ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19. Гэта самая высокая колькасьць памерлых за ўвесь час эпідэміі. Новых выпадкаў інфэкцыі выяўлена амаль на тысячу менш, чым суткамі раней — 8599. Больш за 5,5 тысячы пацыентаў прызнаныя здаровымі. Такія дадзеныя прыводзіць апэратыўны штаб.
Усяго каранавірусная інфэкцыя названая прычынай сьмерці 3541 жыхара Расеі. Агульная колькасьць тых, хто быў інфіцыраваны (уключаючы ачунялых і памерлых) дасягнула амаль 345 тысяч. Гэта трэцяе месца ў сьвеце. Напярэдадні на другім месцы Расію зьмяніла Бразылія, дзе эпідэмія распаўсюджваецца больш хуткімі тэмпамі.
У той жа час тэмпы распаўсюджваньня інфэкцыі па афіцыйных дадзеных зьмяншаюцца. На піку за суткі выяўлялася 10-11 тысяч новых інфіцыраваных.
Мінздароўя апублікавала сьвежую статыстыку па COVID-19. Згодна ёй па стане на 24 мая выпісаныя 14155 пацыентаў, у якіх раней быў пацьверджаны дыягназ COVID-19. Акрамя гэтага ведамства інфармуе, што агулам з пачатку эпідэміі зарэгістраваныя 36198 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (+954 чалавекі). Усяго ў Беларусі па стане на 24 траўня, згодна афіцыйным дадзеным, праведзена 450627 тэстаў на каранавірус.
За ўвесь пэрыяд распаўсюджваньня інфэкцыі на тэрыторыі краіны памерлі 199 пацыентаў з з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй, сьцьвярджае Мінздароўя.
Пра каранавірус у «Галоўным эфіры» БТ згадалі толькі на 39-й хвіліне. Прычым, што тычыцца мэдычных тэмаў, спачатку прыгадалі ліцэнзаваньне мэдпаслуг, а толькі потым назвалі афіцыйную статыстыку COVID-19, паўтарыўшы цытату Аляксандра Лукашэнкі, што ў сьмяротнасьці «мы найлепшыя ў сьвеце. Гэта ўжо ніхто не аспрэчвае, ніхто».
Паказалі дзьве гісторыі людзей, якія перамаглі каранавірус — доктаркі і жанчыны, у якой захварэла дзіця.
А другі сюжэт называўся «Ня ўсе СМІ правільна інтэрпрэтуюць інфармацыю лекараў аб лячэньні самых цяжкіх хворых з дыягназам COVID-19» (маючы на ўвазе недзяржаўныя мэдыя).
Камэнтар у сюжэце БТ даваў загадчык аддзела менскага НПЦ хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі прафэсар Аляксандар Дзядзько.
А БТ мела на ўвазе матэрыял, апублікаваны на партале Tut.by яшчэ ў пятніцу, 22 траўня, «У сеціве зьявіўся слайд аб колькасьці памерлых у „ковідных“ рэанімацыях Менску. Мінздароўя патлумачыў, адкуль лічба». І камэнтар парталу Tut.by на два дні раней даваў той жа самы Аляксандар Дзядзько.
Незалежным СМІ дасталося і ў суботнім «Клюбе рэдактараў». Вядоўца праграмы, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант амаль 25 хвілін эфірнага часу прысьвяціў «абуральным фэйкам, якія распаўсюдзіў цэлы шэраг незалежных сродкаў (з дазволу сказаць) масавай інфармацыі».
Гаворка ішла пра бабруйскіх мэдыкаў хуткай дапамогі, якія зьвярнуліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, што яны не атрымалі абяцаныя паводле ўказу №131 даплаты. Зварот падпісалі каля 200 чалавек.
Урад Чарнагорыі абвясьціў 24 траўня аб нулявой колькасьці «актыўных выпадкаў» COVID-19 у краіне. З агульных 324 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі 9 скончыліся сьмерцю пацыентаў, але 315 чалавек выпісаныя здаровымі.
Таксама вольныя ад каранавірусу Фарэрскія астравы — аўтаномія ў складзе Даніі. Да нядаўняга часу не было «актыўных выпадкаў» у Грэнляндыі — яшчэ адной дацкай аўтаноміі. Цалкам чытайце тут.
Ад 25 траўня Берасьцейскі аўтавакзал адмяняе ўсе міжнародныя рэйсы, прычына — пашырэньне ў сьвеце каранавірусу і закрыцьцё межаў, гаворыцца на сайце. Здарылася гэта празь некалькі дзён пасьля таго, як было анансавана аднаўленьне транспартных зносінаў зь Бельскам-Падляскім, Варшавай, Гданьскам і Катавіцамі. Міжнародныя рэйсы фармаваліся польскімі перавозчыкамі.
Такім чынам, у Польшчу можна трапіць толькі з Горадні на аўтобусе кампаніі TeamBusTravel. Рэйсы на Варшаву з паркоўкі чыгуначнага вакзалу ў Горадні ажыцьцяўляюцца тройчы на тыдзень. Цалкам чытайце тут.
Дарадца прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Робэрт О’Браен заявіў, што ўтойваньне Пэкінам інфармацыі аб эпідэміі прывяло да шматлікіх ахвяр у ЗША і ва ўсім сьвеце і параўнаў дзеяньні Кітаю пасьля ўспышкі каранавірусу з утойваньнем катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Савецкім Саюзам у 1986 годзе. Цалкам чытайце па спасылцы.
Найбольш наведвальны музэй сьвету, парыскі Люўр, набраў 10,5 мільёна візытаў у інтэрнэце дзякуючы бясплатным экскурсіям на сваім сайце і пастам у сацыяльных сетках, паведамляе Міжнароднае францускае радыё (RFI). За 71 дзень (з 12 сакавіка да 22 траўня) сайт Люўру наведалі больш за 10 мільёнаў чалавек. Для параўнаньня: за ўвесь 2018 год музэй прыняў 10,2 мільёна наведнікаў. Падрабязнасьці тут.