«Людзі як могуць спрабуюць сябе засьцерагчы. Большая частка тых, каго сустракаю на вуліцы, у масках, пальчатках. Таму наконт „псыхозу“ ня згодны. Што відавочна, дык гэта адсутнасьць праўдзівай інфармацыі». Раман Жыгараў з гурту Akute — пра рэжым самаізаляцыі. Інтэрвію з музыкам чытайце па спасылцы.
Суд Цэнтральнага раёну Гомля пакараў журналістаў-фрылансэраў Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына за незаконны выраб прадукцыі СМІ штрафам у 945 рублёў кожнага. Журналісты здымалі на відэа апытаньне гомельскіх студэнтаў аб неабходнасьці карантыну ў Беларусі ў сувязі з каранавірусам. Фрылансэраў абвінавацілі ў працы на замежны СМІ без акрэдытацыі ў МЗС. Падрабязнасьці тут.
Злучаныя Штаты Амэрыкі выдзелілі Беларусі 1,7 мільёна даляраў на барацьбу з каранавірусам. Сродкі прызначаныя для фінансаваньня лябараторый, актывізацыі выяўленьня выпадкаў COVID-19, узмацненьня эпідэміялягічнага нагляду. Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.
Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр, дзе ў паловы насельніц быў пацьверджаны каранавірус, выйшаў з карантыну. Дазвол атрыманы ад санэпідэмстанцыі.
На сайце манастыра гаворыцца, што ад 20 траўня можна будзе наведваць царкоўныя набажэнствы, адкрыюцца царкоўныя крамы і майстэрні. Прыведзены расклад службаў на найбліжэйшыя дні. Цалкам чытайце тут.
У рэкамэндацыі на сайце Мінадукацыі гаворыцца, што правядзеньне масавых імпрэз абмежаванае празь нездавальняючую эпідэмічную сытуацыю. Адпаведна, па завяршэньні навучальнага году неабходна абмежавацца уручэньнем атэстатаў ва ўрачыстай атмасфэры. Пажаданыя даты — 10-11 чэрвеня.
Канчатковы фармат урачыстасьцяў застаецца за кіраўніцтвам кожнай канкрэтнай установы адукацыі і бацькоўскімі камітэтамі, але ў любым выпадку яго неабходна ўзгадніць зь мясцовымі ўладамі.
Міжнародны цэнтар кліматычных дасьледаваньняў у Осла рэгіструе рэкорднае зьніжэньне колькасьці парніковых газаў у атмасфэры. Толькі за красавік выкіды CO2 упалі на 17%. Да канца году, паводле прагнозаў навукоўцаў, аб’ём усіх парніковых газаў у атмасфэры можа скараціцца на 7%. Гэтае зьніжэньне навукоўцы прыпісваюць скарачэньню прамысловай актыўнасьці на Зямлі з прычыны каранавіруснай пандэміі. Падрабязьней тут.
Ва Ўваравіцкім псыханэўралягічным доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў выбух каранавірусу. Так сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары і пэрсанал установы. Афіцыйна ў гэтым інтэрнаце сытуацыі не камэнтуюць.
Свабода наведала Ўваравічы пад Буда-Кашалёвам. У самім райцэнтры Гомельскай вобласьці хварэлі супрацоўнікі раённай лякарні. Двое зь іх памерлі — 45-гадовая супрацоўніца «хуткай» і 36-гадовы праграміст установы. Рэпартаж чытайце па спасылцы>>
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 20 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Паводле міністэрства, на 20 траўня ў Беларусі:
Дырэктар ЗАТ «Амкадор-Пінск» Міхаіл Бут-Гусаім знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у інфэкцыйным аддзяленьні Пінскай бальніцы, пацьвердзілі Свабодзе ў адміністрацыі прадпрыемства. Яму зрабілі тэст на каранавірус, але вынікаў яшчэ няма. Ён ужо тыдзень як хварэе, а ў лякарні з суботы.
Як паведамілі неафіцыйныя крыніцы, дырэктару стала дрэнна пасьля ўскладаньня кветак на 9 траўня. Цалкам чытайце па спасылцы.
За месяц у Горадзенскім дзіцячым госьпісе людзі з інваліднасьцю і валянтэры пашылі каля 700 камбінэзонаў, каб засьцерагчы мэдыкаў падчас эпідэміі. Аднак гэтую працу могуць спыніць, а памяшканьне перадаць пад «чыстую зону» для супрацоўнікаў паліклінікі, у будынку якой месьціцца госьпіс. Чытайце артыкул цалкам па спасылцы>>
Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Atlantic Council арганізаваў онлайн-дыскусію «Беларусь, Малдова і Ўкраіна: Дэзынфармацыя пра COVID-19 ва Ўсходняй Эўропе». Ад Беларусі ў дыскусіі ўдзельнічаў Андрэй Елісееў, дырэктар EAST Center, кіраўнік аддзелу маніторынгу Міжнароднай стратэгічнай сеткі дзеяньняў для бясьпекі (iSANS). Мы прапануем вашай увазе некаторыя ягоныя ацэнкі сытуацыі ў Беларусі. Чытайце па спасылцы.
У Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях удвая зьніжаныя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў. Як удакладняецца на Нацынальным прававым інтэрнэт-партале, паменшаныя стаўкі будуць дзейнічаць у 2-м і 3-м кварталах гэтага году.
Новыя нормы набылі сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня і распаўсюджваюць сваё дзеяньне на адносіны, якія ўзьніклі ад 1 красавіка 2020 году. Раней Віцебскі аблвыканкам таксама зьнізіў стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў.
Першая ў Віцебску прыватная школа «Апэльсін» дзейнічае пры адукацыйным цэнтры «100 балаў — Віцебск». Школа і цэнтар дзеляць адно памяшканьне ў цэнтры гораду. У першай палове дня з панядзелка па пятніцу тут займаюцца школьнікі, пасьля 15-й — вучні адукацыйнага цэнтру, для якіх субота і нядзеля таксама «працоўныя».
Сёлета для школы першы навучальны год. Пачынаўся ён офлайн, праз эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне завершыцца онлайн. Да пераходу на дыстанцыйнае навучаньне тут пачалі рыхтавацца яшчэ зімой.
Удзень 20 траўня на сьцяне нежылога будынка на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Берасьці зьявіўся малюнак з трыма малпамі і лягатыпам Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Як піша Tut.by, выяву зафарбавалі ўжо вечарам таго ж дня.
Аўтар муралу невядомы, тлумачэньняў да яго на сьцяне не было. Але вобраз трох малпаў прыйшоў зь Японіі (三猿), звычайна расшыфроўваецца фразай «калі я ня бачу зла, ня чую пра зло і нічога не кажу пра яго, то я абаронены ад яго».
Подпісы пад малпамі — Ігар Карпаў (галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства аховы здароўя, прафэсар), Уладзімер Каранік (міністар аховы здароўя), Ірына Глінская (намесьніца галоўнага доктара Беларускага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі).
Кампазыцыя нагадвае тое, як выглядалі прэс-канфэрэнцыі Міністэрства аховы здароўя: звычайна тры чалавекі сядзелі перад мікрафонамі, за імі на сьцяне быў лягатып установы. Апошні раз на пытаньні незалежных СМІ прадстаўнікі міністэрства адказвалі на такой прэс-канфэрэнцыі 17 красавіка, пасьля 24 красавіка правялі толькі брыфінг, на якім не далі журналістам задаць пытаньні.
У ЗША ў чацьвер, 21 траўня, праходзіць онлайн-акцыя, падчас якой зачытваюцца імёны, узрост і месца пражываньня людзей, якія памерлі ў выніку заражэньня каранавірусам SARS-CoV-2. 24-гадзінная акцыя «Назваць імёны памерлых» (#namingthelost) пачалася напярэдадні, у яе рамках усе жыхары ЗША могуць даслаць імёны сваіх блізкіх, якія памерлі з прычыны выкліканай каранавірусам пнэўманіі COVID-19. Онлайн-жалобу арганізавала група людзей, якія самі праз пандэмію каранавірусу страцілі родных, сяброў, калег або суседзяў. Яны пражываюць у розных штатах ЗША, у тым ліку тых, што найбольш пацярпелі ад пандэміі.
У апошнія дні Швэцыя заняла першае месца ў сьвеце ў колькасьці сьмерцяў за апошнія сем дзён, выкліканых каранавірусам на мільён жыхароў.
Учора ў Швэцыі гэты каэфіцыент складаў 6,25, у другой краіне, Вялікай Брытаніі — 5,75. У краіне з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавекаў колькасьць сьмерцяў ад COVID-19 набліжаецца да 4 000. Гэта лічбы з сэрвісу ourworldindata.org. Цалкам чытайце тут.
Да канца чэрвеня работнікаў Беларускага мэталюргічнага заводу могуць адпраўляць у адпачынкі з захаваньнем 2/3 тарыфнага акладу. Прычына — «неспрыяльная сытуацыя, выкліканая ўвядзеньнем карантынных захадаў, у выніку чаго ўзьнік дысбалянс паміж пастаўкамі сыравіны і адгрузкай прадукцыі». На прадпрыемстве ўдакладнілі, што мера будзе прымяняцца кропкава, цяпер у такі адпачынак адправілі 3% работнікаў. Чытаць цалкам тут.
На барацьбу з распаўсюдам COVID-19 з дабрачынных рахункаў Рэспубліканскага цэнтру арганізацыі мэдычнага рэагаваньня пералічана 5 мільёнаў 499 тысяч рублёў.
Зь іх
Рэшта сродкаў на дабрачынных рахунках наступная: у беларускіх рублях — 211 051 рубля, у валюце — 171 339 эўра.
Аляксандар Лукашэнка прагназуе, што складаная сытуацыя з каранавірусам захаваецца ў краіне яшчэ месяц.
«Ні ў якім разе не расслабляцца. (...) Напэўна, пакуль мы канчаткова не адыдзем ад гэтага, месяц нам яшчэ давядзецца важдацца», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам аховы здароўя Ўладзімірам Каранікам і памочнікам прэзыдэнта Аляксандрам Косінцам. Лукашэнку цытуе БелТА. Цалкам чытайце тут.