На прадпрыемстве «Гродна Азот» 29 чалавек са станоўчым вынікам тэсту на каранавірус, зь іх на 18 траўня ачунялі 8, паведамляе «Горадзенскі хімік».
Кантактаў першага ўзроўню на «Гродна Азоце» 37 чалавек, другога ўзроўню — 38. У філіяле «Завод Хімвалакно» 4 кантакты першага ўзроўню. Усяго на прадпрыемстве 60 чалавек з вострымі рэсьпіраторнымі віруснымі інфэкцыямі (зь іх на «Гродна Азоце» 54), зарэгістраваныя 2 пнэўманіі.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 19 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Паводле міністэрства, на 19 траўня ў Беларусі:
«Каранавірусныя» графікі Беларусі выглядаюць незвычайна і ў параўнаньні зь іншымі краінамі, і самі па сабе.
Тры тыдні таму, 28 красавіка, Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра выяўленьне 919 новых выпадкаў COVID-19 за дзень. Пасьля гэтага штодзённая статыстыка практычна не мянялася: за дзень выяўлялі мінімум 784, максымум 973 выпадкі, у сярэднім 918,238 інфікаванага за дзень. І гэтае «завісаньне» выглядае дзіўна з шматлікіх прычынаў, разважае ў блогу журналіст Алесь Арсёнаў. Чытайце цалкам па спасылцы.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў 19 траўня ў Twitter фота ліста, які ён накіраваў кіраўніку Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрасу Аданому Гебрэесусу. У лісьце Трамп даў арганізацыі 30 дзён на «асноўныя істотныя зьмены». Месяц таму Трамп даручыў адміністрацыі прыпыніць унёскі ЗША ў WHO, бо тая не рэагавала на пандэмію каранавірусу — «ня справілася са сваім асноўным абавязкам і павінна несьці адказнасьць». Цалкам чытайце па спасылцы.
Эўракамісіі прапаноўваецца пазычыць на фінансавых рынках 500 мільярдаў эўра пад гарантыі Эўразьвязу. Брусэль раздасьць гэтыя сродкі пацярпелым ад пандэміі краінам. Кампэнсаваць выдаткі плянуецца зь бюджэту Эўразьвязу. Далей чытайце па спасылцы.
Улады Беларусі ня ўводзяць абавязковага карантыну ў сувязі з пандэміяй, аднак і бяз гэтага яна моцна ўплывае на гаспадарку краіны.
Мы выслухалі чатыры гісторыі пра тое, як каранавірус пазбавіў беларусаў працы. Чытайце па спасылцы.
Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць да канца 2020 году атрымаць права гандляваць алкагольнымі напоямі праз інтэрнэт-крамы.
Адпаведны праект пастановы ўраду, зь якім азнаёміўся БелаПАН, падрыхтавала Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. У абгрунтаванні гаворыцца, што гэта зьвязана «зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй». Цалкам чытайце тут.
Вядомы сваімі супярэчлівымі выказваньнямі прэзыдэнт Танзаніі Джон Магуфулі заявіў, што эканоміка «важнейшая, чым пагроза, якую ўяўляе каранавірус», дадаўшы, што ён хоча зноў адкрыць краіну для турызму, нягледзячы на папярэджаньні, што Афрыка можа сутыкнуцца з наступнай хваляй хваробы. Пра гэта паведамляе брытанскае выданьне The Guardian. Цалкам чытайце тут.
У Расеі за суткі выявілі 9263 інфікаваных каранавірусам, сьведчыць статыстыка апэратыўнага штабу барацьбы з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі. Агульная колькасьць выяўленых выпадкаў ад пачатку ўспышкі наблізілася да 300 тысячаў і склала 299 941.
Чацьвёртыя суткі запар, сьцьвярджае афіцыйная статыстыка, выяўляецца менш за дзесяць тысяч інфікаваных. Колькасьць памерлых ад каранавірусу за дзень, паводле афіцыйных дадзеных, склала 115, за ўвесь час — 2837. Ачуняў за суткі 5921 чалавек, а ўсяго 76 130.
«Працяглыя карантыны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаваў няма запасу трываласьці, які дазваляе ва ўмовах закрытых межаў і непрацуючых прадпрыемстваў значны час утрымліваць нацыянальныя эканомікі», — цытуе выступ Лукашэнкі падчас сустрэчы Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету БелТА. Цалкам чытайце тут.
Арганізатары паведамляюць, што абвяшчэньне ляўрэата міжнароднай Букераўскай прэміі за 2020 год адкладаецца да «канца лета», каб «чытачы маглі атрымаць кнігі, якія трапілі ў кароткі сьпіс». Пандэмія COVID-19 — галоўная прычына адкладваньня абвяшчэньня, якое мелася адбыцца 19 траўня, паколькі яна моцна парушыла сыстэму кніжнага распаўсюджваньня.
Шорт-ліст быў абвешчаны ў пачатку красавіка, у яго ўвайшлі шэсьць раманаў:
Беларуская крама Symbal.by расказала 19 траўня, што больш ня мае сродкаў, каб набываць тканіну і працягваць шыць засьцерагальныя маскі для мэдыкаў. Збор сродкаў на вытворчасьць павязак «амаль ня рухаецца», піша крама і просіць па магчымасьці ахвяраваць грошы.
На момант публікацыі на Molamola сабралі 16 тысяч рублёў зь неабходных 20 тысяч. Цалкам чытайце тут.
Падрабязнасьці аб тым, хто і як можа падаць дакумэнты на візу, чытайце тут.
У Маладэчне адмянілі нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі, які праводзіўся з 1993 году. Пра гэта піша «Рэгіянальная газэта» са спасылкай на маладачанскі палац культуры.
Штогадовы нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладзечне ў 1993 годзе заснаваў тагачасны мэр горада Генадзь Карпенка.
За апошнія дні Бразылія абагнала па ліку заражэньняў Гішпанію, Італію, Францыю і Вялікабрытанію. Пры гэтым экспэрты падазраюць, што інфікаваных у краіне больш у 15 разоў. Прэзыдэнт краіны Жаір Балсанару адмаўляе небясьпеку, выкліканую каранавірусам.
Па афіцыйных дадзеных, у краіне зафіксавана 254 220 выпадкаў заражэньня, прычым за апошнія 24 гадзіны было зафіксавана 13 140 новых заражэньняў.
Па маштабе пандэміі Бразылія саступае толькі Расеі і ЗША і ў апошнія дні абагнала Гішпанію, Італію, Францыю і цяпер Вялікабрытанію. Пры гэтым, як паведамляе агенцтва AFP, рэальная колькасьць заражаных у лацінаамэрыканскай краіне можа быць вышэй у 15 разоў з прычыны адносна малой колькасьці тэстаў.
«Цяпер у Беларусі зьявілася ўнікальная магчымасьць, — заявіў эўракамісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівэр Вархей 19 траўня на слуханьні ў камітэце замежных спраў Эўрапарлямэнту. — Праз выкліканы COVID-19 крызіс мы бачым узьнікненьне зусім іншага падыходу ў краіне ў дачыненьні да Эўразьвязу. Урад працуе з намі, у нас ужо было некалькі кантактаў».
Ён адзначыў, што Беларусь зьвярнулася да Эўразьвязу з просьбай аб макрафінансавай дапамозе для барацьбы з эканамічнымі наступствамі пандэміі каранавірусу.
«Мы стараемся дапамагчы, — сказаў Вархей. — На жаль, яны пакуль не змаглі дамовіцца з МВФ аб дапамозе. Гэта для нас адна з абавязковых перадумоў для даваньня дапамогі.
Але, як толькі дамовяцца і як толькі мы дамовімся аб канкрэтных умовах, тады мы, вядома ж, неадкладна дамо макрафінансавую дапамогу. І я лічу, што гэта гістарычная магчымасьць паспрабаваць стварыць станоўчы імпульс у нашых адносінах».
У Абінскім раёне Краснадарскага краю паліцыя папярэдзіла мэдыкаў аб недапушчальнасьці «экстрэмісцкай дзейнасьці». Так назвалі скаргу мэдработнікаў на адсутнасьць выплат, якія паабяцаў Пуцін.
Выданьне Znak.com паведаміла, што супрацоўнікі станцыі хуткай дапамогі Абінскай цэнтральнай раённай лякарні накіравалі відэазварот журналістам з групы «Хуткая журналісцкая дапамога». Да яго запісу з мэдыкамі Абінскай лякарні сустракаўся галоўны ўрач Павел Ісаеў. Аднак мэдыкі не прынялі яго тлумачэньняў.
У відэазвароце да журналістаў 9 работнікаў станцыі хуткай дапамогі заявілі, што абяцаныя прэзыдэнтам выплаты на 18 траўня 2020 году ім не пералічаныя, а кіраўніцтва лякарні спрабуе іх пераканаць, што ніякія выплаты ім не прадугледжаны.
Мэдыкі 30-й паліклінікі Менску таксама абураліся, што не атрымалі абяцаных выплат за працу з пацыентамі з COVID-19, а тыя, хто сам перахварэў, не атрымалі кампэнсацыі.
Суд у Сынгапуры асудзіў 37-гадовага малайзійца на сьмерць за ўдзел у гандлі наркотыкамі. Судовае разьбіральніцтва адбывалася празь відэасувязь з прычыны каранавіруснай бясьпекі.
Пра гэта паведаляе агенцтва Reuters, удакладняючы, што справа слухалася 15 траўня празь відэасувязь на плятформе Zoom.
Эфэктыўнасьць выкарыстаньня плязмы перахварэлых COVID-19 для лячэньня эпідэміі будзе ўстаноўлена падчас дадатковых дасьледаваньняў. Пра гэта ТАСС заявіла прадстаўніца Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ) у Расеі Мэліта Вуйнавіч.
«Каштоўнасьць выкарыстаньня плязмы пры лячэньні COVID-19 можа быць устаноўленая толькі ў рандамізаваных, клінічных дасьледаваньнях, — адзначыла Вуйнавіч. — Наколькі мне вядома, у цяперашні час публікуюцца толькі справаздачы назіраньняў або інфармацыя па невялікіх сэрыях выпадкаў. Неабходныя дадатковыя дасьледаваньні».
Першыя 6 беларусаў, якія перахварэлі на COVID-19, сталі донарамі плязмы напрыканцы красавіка. Гэта дапаможа лячыць тых хворых з каранавірусам, якія цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.