Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

13:28 22.5.2020

Прататыпная вакцына абараняе малпаў ад каранавірусу

Прататыпная вакцына, распрацаваная навукоўцамі-вірусолягамі ў Бостане, абараняе малпаў ад каранавірусу, даючы надзею на стварэньне эфэктыўнай вакцыны для чалавека.

Пра гэта паведамляе The New York Times, спасылаючыся на дасьледаваньні, праведзеныя ў мэдычным цэнтры Beth Israel Deaconess у Бостане. Вынікі дасьледаваньняў былі апублікаваныя ў часопісе Science на гэтым тыдні.

12:42 22.5.2020

Яшчэ 932 выпадкі і 5 сьмерцяў. Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 22 траўня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 22 траўня ў Беларусі:

  • агулам 34 303 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 190 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 12 833 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 932 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 776 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 419 004 тэсты (рэкордныя 15 768 за дзень і рэкордна малы адсотак станоўчых тэстаў — 5,91%);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Амаль аднолькавая статыстыка — каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў — публікуецца штодзень ужо больш за тры тыдні. Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

11:56 22.5.2020

У Расеі за суткі ад каранавірусу памерла найбольшая колькасьць людзей ад пачатку эпідэміі

У маскоўскай лякарні
У маскоўскай лякарні


У Расеі за мінулыя суткі ад каранавіруснай інфэкцыі памерлі 150 чалавек. Гэта самая вялікая колькасьць сьмерцяў за суткі ад пачатку эпідэміі. Усяго ў краіне ад COVID-19 паводле афіцыйных дадзеных памерлі 3249 чалавек.

За мінулыя суткі ў Расеі выяўлена 8894 новых выпадкаў — гэта на 45 чалавек больш, чым на суткі раней. Агульная колькасьць інфікаваных дасягнула 326 448 паведамляе апэратыўны штаб.

Паправіліся за суткі больш за 7 тысяч чалавек, агульная колькасьць ачунялых дасягнула амаль 100 тысяч.

08:14 22.5.2020

Лічбы на раніцу 22 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі каля 5,2 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,62 млн у ЗША, 317,5 тысячы ў Расеі, 310,9 тысячы ў Бразыліі, 280,1 тысячы ў Гішпаніі, каля 250,9 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 228 тысяч у Італіі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 334 675 чалавек. Зь іх 96 354 у ЗША, 36 042 у Вялікай Брытаніі, 32 486 у Італіі, 28 215 у Францыі, 27 940 у Гішпаніі, 20 082 у Бразыліі.
  • Выпісалі 2,08 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,78 млн, зь іх каля 45,6 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
20:38 21.5.2020

У Грузіі ад 23 траўня адмяняюць надзвычайнае становішча і камэнданцкую гадзіну

Урад Грузіі вырашыў не працягваць надзвычайнае становішча і камэнданцкую гадзіну і скасаваў гэтыя абмежаваньні з 23 траўня, паведаміў прэм’ер-міністар Грузіі Георгій Гахарыя.

Грузія абвясьціла надзвычайнае становішча 21 сакавіка, таксама ў краіне да гэтага часу дзейнічае камэнданцкая гадзіна — з 21:00 да 06:00. Некаторы час быў забаронены ўезд і выезд з Тбілісі, Руставі, Батумі і Кутаісі, але на пачатку траўня абмежаваньні былі зьнятыя.

20:33 21.5.2020

«МакДональдс» будзе дастаўляць бясплатныя абеды мэдыкам на працу

«МакДональдс» вырашыў дастаўляць абедныя наборы брыгадам хуткай дапамогі проста на працу, піша Tut.by. Напярэдадні менскім брыгадам хуткай дапамогі забаранілі заяжджаць у рэстаран у працоўны час.

У Віцебску, Гомлі, Берасьці і Магілёве акцыя пакуль праходзіць бязь зьменаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:32 21.5.2020

«Агідная хвароба» — 21-гадовы студэнт з добрым здароўем 5 тыдняў лячыўся ад каранавірусу

Студэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Іван, у якога не было ніякіх хранічных захворваньняў, праляжаў з каранавірусам у розных шпіталях агулам 5 тыдняў. Да пнэўманіі не дайшло, але дагэтуль хлопец ня чуе пахаў і смаку. Праз два тыдні зьбіраецца здаць плязму, каб дапамагчы іншым цяжка хворым на COVID-19.

Чытайце гісторыю Івана па спасылцы >>

20:31 21.5.2020

У менскіх паліклініках зьявіліся экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19. Вынік за 20 хвілінаў

Экспрэс-тэсты, якія зьявіліся ў паліклініках, не дазваляюць выявіць каранавірусную інфэкцыю на раньніх этапах, але выяўляюць тых, у каго хвароба на позьнім этапе, а таксама тых, хто ўжо перахварэў. Цяпер менскія клінікі робяць тэсты на антыцелы тых, хто паступіў для паўторнага абсьледаваньня як «кантакт І узроўню». Такіх пацыентаў цяпер пакідаюць лячыцца дома пад наглядам мэдыкаў.

Тэсты пакуль робяць толькі бясплатна і паводле мэдычных паказаньняў, платна і па жаданьні іх цяпер ня робяць. Цалкам чытайце тут.

20:28 21.5.2020

Міністар Каранік адказаў на спрэчныя пытаньні аб даплатах мэдыкам за працу з хворымі на COVID-19

Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 21 траўня пракамэнтаваў сытуацыю з выплатамі мэдыкам за працу з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19. Паводле Караніка, пахвілінная даплата можа ісьці ў іншых краінах, у Беларусі ж даплочваюць за зьмены:

«Калі цягам зьмены мэдычны пэрсанал кантактаваў з пацыентам з каранавірусной інфэкцыяй, аплата ідзе за ўсю зьмену, — тлумачыў Каранік. — То бок, не за тыя хвіліны, паўгадзіны ці гадзіну, пакуль яны займаліся аказаньнем мэдычнай дапамогі. Калі такіх зьменаў цягам месяца было больш за 30%, аплата ідзе за ўвесь месяц — гэта значыць поўная аплата».

У такой схеме Каранік пабачыў «прынцып сацыяльнай справядлівасьці» і запэўніў, што ўсе, хто кантактаваў з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19, атрымаюць даплату, за зьмены ці за месяц. Цалкам чытайце тут.

20:26 21.5.2020

Дэзынфармацыі пра COVID-19 стала меней, — маніторынг ЭЗ

Дэзынфармацыя пра каранавірус зьменшылася «прынамсі часова», паведамляе Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў (EEAS) у аглядзе за 23 красавіка — 18 траўня. У той жа час пракрамлёўскія рэсурсы па-ранейшаму актыўна распаўсюджваюць недакладную інфармацыю пра пандэмію. Далей чытайце па спасылцы.

14:11 21.5.2020

Плюс 945 інфікаваных і 6 памерлых. Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 21 траўня

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 21 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19:

  • агулам 33 371 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 185 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 12 057 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 945 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 642 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 403 236 тэстаў (рэкордныя 15 563 за дзень і рэкордна малы адсотак станоўчых тэстаў — 6,07%);
14:09 21.5.2020

Лукашэнка зрабіў новы прагноз: Беларусі яшчэ месяц прыйдзецца «важдацца» з каранавірусам

Аляксандар Лукашэнка прагназуе, што складаная сытуацыя з каранавірусам захаваецца ў краіне яшчэ месяц.

«Ні ў якім разе не расслабляцца. (...) Напэўна, пакуль мы канчаткова не адыдзем ад гэтага, месяц нам яшчэ давядзецца важдацца», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам аховы здароўя Ўладзімірам Каранікам і памочнікам прэзыдэнта Аляксандрам Косінцам. Лукашэнку цытуе БелТА. Цалкам чытайце тут.

14:07 21.5.2020

Міністэрства здароўя падлічыла ахвяраваньні на барацьбу з каранавірусам і расказала, на што іх патраціла

На барацьбу з распаўсюдам COVID-19 з дабрачынных рахункаў Рэспубліканскага цэнтру арганізацыі мэдычнага рэагаваньня пералічана 5 мільёнаў 499 тысяч рублёў.

Зь іх

  • 4,6 млн рублёў пераведзена прадпрыемству «Белмэдтэхніка», у тым ліку 1 млн для набыцьця экспрэс-тэстаў на каранавірус.
  • Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі атрымаў 364 тысячы рублёў.
  • РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій — 102 тысячы.
  • Нацыянальнаму антыдопінгаваму агенцтву выдзелена 350 тысяч рублёў.

Рэшта сродкаў на дабрачынных рахунках наступная: у беларускіх рублях — 211 051 рубля, у валюце — 171 339 эўра.

14:04 21.5.2020

Праз каранавірус частку работнікаў БМЗ выправяць у водпуск на 2/3 акладу

Да канца чэрвеня работнікаў Беларускага мэталюргічнага заводу могуць адпраўляць у адпачынкі з захаваньнем 2/3 тарыфнага акладу. Прычына — «неспрыяльная сытуацыя, выкліканая ўвядзеньнем карантынных захадаў, у выніку чаго ўзьнік дысбалянс паміж пастаўкамі сыравіны і адгрузкай прадукцыі». На прадпрыемстве ўдакладнілі, што мера будзе прымяняцца кропкава, цяпер у такі адпачынак адправілі 3% работнікаў. Чытаць цалкам тут.

14:00 21.5.2020

Швэцыя выйшла на першае месца ў сьвеце ў сьмяротнасьці ад COVID-19 на душу насельніцтва

У апошнія дні Швэцыя заняла першае месца ў сьвеце ў колькасьці сьмерцяў за апошнія сем дзён, выкліканых каранавірусам на мільён жыхароў.

Учора ў Швэцыі гэты каэфіцыент складаў 6,25, у другой краіне, Вялікай Брытаніі — 5,75. У краіне з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавекаў колькасьць сьмерцяў ад COVID-19 набліжаецца да 4 000. Гэта лічбы з сэрвісу ourworldindata.org. Цалкам чытайце тут.

13:57 21.5.2020

У ЗША праходзіць 24-гадзінная онлайн-жалоба па памерлых ад COVID-19

У ЗША ў чацьвер, 21 траўня, праходзіць онлайн-акцыя, падчас якой зачытваюцца імёны, узрост і месца пражываньня людзей, якія памерлі ў выніку заражэньня каранавірусам SARS-CoV-2. 24-гадзінная акцыя «Назваць імёны памерлых» (#namingthelost) пачалася напярэдадні, у яе рамках усе жыхары ЗША могуць даслаць імёны сваіх блізкіх, якія памерлі з прычыны выкліканай каранавірусам пнэўманіі COVID-19. Онлайн-жалобу арганізавала група людзей, якія самі праз пандэмію каранавірусу страцілі родных, сяброў, калег або суседзяў. Яны пражываюць у розных штатах ЗША, у тым ліку тых, што найбольш пацярпелі ад пандэміі.

11:01 21.5.2020

У Берасьці зрабілі стрыт-арт з крытыкай Міністэрства здароўя. Зафарбавалі ў той жа дзень

Удзень 20 траўня на сьцяне нежылога будынка на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Берасьці зьявіўся малюнак з трыма малпамі і лягатыпам Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Як піша Tut.by, выяву зафарбавалі ўжо вечарам таго ж дня.

Аўтар муралу невядомы, тлумачэньняў да яго на сьцяне не было. Але вобраз трох малпаў прыйшоў зь Японіі (三猿), звычайна расшыфроўваецца фразай «калі я ня бачу зла, ня чую пра зло і нічога не кажу пра яго, то я абаронены ад яго».

Подпісы пад малпамі — ​Ігар Карпаў (галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства аховы здароўя, прафэсар), ​Уладзімер Каранік (міністар аховы здароўя), Ірына Глінская (намесьніца галоўнага доктара Беларускага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі).

Кампазыцыя нагадвае тое, як выглядалі прэс-канфэрэнцыі Міністэрства аховы здароўя: звычайна тры чалавекі сядзелі перад мікрафонамі, за імі на сьцяне быў лягатып установы. Апошні раз на пытаньні незалежных СМІ прадстаўнікі міністэрства адказвалі на такой прэс-канфэрэнцыі 17 красавіка, пасьля 24 красавіка правялі толькі брыфінг, на якім не далі журналістам задаць пытаньні.

10:34 21.5.2020

«Захавалі бясьпеку, ня страцілі час». Як прыватная школа ў Віцебску другі месяц працуе онлайн

Першая ў Віцебску прыватная школа «Апэльсін» дзейнічае пры адукацыйным цэнтры «100 балаў — Віцебск». Школа і цэнтар дзеляць адно памяшканьне ў цэнтры гораду. У першай палове дня з панядзелка па пятніцу тут займаюцца школьнікі, пасьля 15-й — вучні адукацыйнага цэнтру, для якіх субота і нядзеля таксама «працоўныя».

Сёлета для школы першы навучальны год. Пачынаўся ён офлайн, праз эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне завершыцца онлайн. Да пераходу на дыстанцыйнае навучаньне тут пачалі рыхтавацца яшчэ зімой.

Як там вучацца цяпер >>

10:33 21.5.2020

На фоне пандэміі тры з шасьці аблвыканкамаў зьнізілі стаўкі адзінага падатку

У Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях удвая зьніжаныя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў. Як удакладняецца на Нацынальным прававым інтэрнэт-партале, паменшаныя стаўкі будуць дзейнічаць у 2-м і 3-м кварталах гэтага году.

Новыя нормы набылі сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня і распаўсюджваюць сваё дзеяньне на адносіны, якія ўзьніклі ад 1 красавіка 2020 году. Раней Віцебскі аблвыканкам таксама зьнізіў стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў.

08:12 21.5.2020

Лічбы на 21 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі каля 5,09 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,59 млн у ЗША, 308,7 тысячы ў Расеі, 293,4 тысячы ў Бразыліі, амаль 279,5 тысячы ў Гішпаніі, каля 248,3 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 227,4 тысячы ў Італіі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 329 732 чалавек. Зь іх 94 941 у ЗША, 35 704 у Вялікай Брытаніі, 32 330 у Італіі, 28 132 у Францыі, 27 888 у Гішпаніі, 18 894 у Бразыліі.
  • Выпісалі 2,02 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,7 млн, зь іх каля 45,8 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG