Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

08:13 10.4.2020

Лічбы на раніцу 10 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 1,6 мільёна выпадкаў COVID-19: 469 тысяч у ЗША, 153 тысячы ў Гішпаніі, 143 тысячы ў Італіі, па 118 тысяч у Нямеччыне і Францыі, каля 83 тысяч у Кітаі, больш за 66 тысяч у Іране, 65 тысяч у Вялікай Брытаніі, больш за 42 тысячы ў Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 95 739 чалавек. Зь іх 18 279 у Італіі, 16 697 у ЗША, 15 447 у Гішпаніі, 12 210 у Францыі, 7 978 у Вялікай Брытаніі, 4 110 у Іране, 3 340 у Кітаі.
  • Выпісалі 357 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,152 млн, зь іх 49 тысяч у цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 9 красавіка, пацьверджаныя 1486 выпадкаў COVID-19, памерлі 16 чалавек, выпісаныя здаровымі 139 пацыентаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
20:55 9.4.2020

Чаму валянтэры БРСМ надзелі маскі

У канцы сакавіка Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі заклікаў у сваёй суполцы «Ўкантакце» захоўваць спакой і не паддавацца ніякай паніцы, калі «ўсясьветныя СМІ расказваюць пра ажыятаж у чэргах». Таксама БРСМ патлумачыў сваю пазыцыю супраць нашэньня масак.

Маўляў, «некаторыя людзі, асабліва чытачы палітызаваных апазыцыйных паблікаў, надзяваюць мэдычныя маскі на твары ня дзеля клопату пра здароўе, а з пачуцьця пазэрства, лішні раз дэманструючы такім чынам сваю «асаблівую пазыцыю».

Пасьля гэтага камэнтару прайшло больш за два тыдні. Ці памянялася стаўленьне БРСМ да масак?

19:57 9.4.2020

«Ісьці ў храм ці не — справа сумленьня кожнага». Што сьвятары ў правінцыі кажуць людзям перад вялікімі сьвятамі

У Беларусі штодня павялічваецца колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам, але ўлады адмовіліся ад усеагульнага карантыну. Кіраўніцтва каталіцкай царквы ў Беларусі заклікала вернікаў адсьвяткаваць Вялікдзень дома. Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату абмежавалася правіламі прафіляктыкі каранавірусу. Аб’яднаная царква хрысьціянаў веры Эвангельскай у Беларусі (пратэстанты) таксама не выказвалася пра захады дыстанцыяваньня перад сьвятамі. А што кажуць вернікам сьвятары розных канфэсій у невялікіх гарадах і мястэчках?

Напярэдадні вялікіх рэлігійных сьвятаў — Вялікадня ў каталікоў і пратэстантаў і Вербніцы ў праваслаўных — Свабода пацікавілася ў сьвятароў у розных рэгіёнах Беларусі, што яны кажуць вернікам у сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Чытайце па спасылцы >>

19:21 9.4.2020

У інтэрнаце БНТУ зноў ўвялі карантын праз студэнтку, хворую на каранавірус

У інтэрнаце № 6 БНТУ ўвялі карантын, пасьля таго як у адной са студэнтак выявілі каранавірус. У рэктараце сьцьвярджаюць, што дзяўчыну ўжо забрала хуткая. Аднак, паводле самой студэнткі і іншых студэнтаў, дзяўчына знаходзіцца ў інтэрнаце ад моманту, калі ў яе выявілі каранавірус, піша Onliner.by.

Ад 9 красавіка студэнтаў будуць выпускаць з інтэрнату на 20 хвілін у бліжэйшую краму.

Студэнтка адчула нядужасьць і тэмпэратуру ў канцы лютага, калі ў інтэрнаце першы раз увялі карантын. Усім студэнтам мералі тэмпэратуру, але адносна яе мэдычныя супрацоўнікі не прымалі мераў. 10 сакавіка карантын у БНТУ скончыўся і студэнтаў вярнулі на заняткі. Тэмпэратура ў дзяўчыны пэрыядычна ўздымалася на 37,6 – 38,2 градуса.

Паводле дзяўчыны даведку з вызваленьнем ад вучобы ёй адчынілі ў канцы сакавіка. Маці студэнткі настаяла, каб дзяўчыне зрабілі тэст на COVID-19, ён аказаўся станоўчы.

17:55 9.4.2020

«Маіх знаёмых мэдыкаў хварэе каля 10 чалавек». Беларускі лекар з каранавірусам расказвае пра хваробу

«У адзін цудоўны дзень пасьля зьмены адчуў сябе нядобра, — расказвае доктар аднаго зь віцебскіх шпіталяў, які захварэў на каранавірус. Лекар ляжыць у шпіталі каля 10 дзён і кажа, што ня ведае, колькі ўсяго мэдыкаў хварэе, але «канкрэтна маіх знаёмых каля 10 чалавек».

Ён паўтарае парады, якія даўно гучаць адусюль: па магчымасьці пазьбягаць масавых месцаў, захоўваць дыстанцыю ў крамах і мыць рукі. Пра агульную сытуацыю з каранавірусам доктар кажа, што яна «канечне, ня вельмі». Інтэрвію цалкам тут >>

17:52 9.4.2020

Зь фільму жахаў. Кардонныя труны і непрыбраныя целы на вуліцах

«Гэта падобна на сюжэт фільму жахаў, а шпіталі — на зону ваенных дзеяньняў». Так мясцовыя і замежныя лекары, якія працуюць у Эквадоры, апісваюць наступствы эпідэміі COVID-19 у Гуаякілі, найбуйнейшым горадзе краіны. Усе дзяржавы спраўляюцца з крызісам вельмі па-рознаму. На лацінаамэрыканскім кантынэнце невялікі 16-мільённы Эквадор апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых.

Відэа і фатаграфіі, якія апошнімі днямі паступаюць з Гуаякілю, насельніцтва якога складае амаль 2 мільёны 300 тысячаў чалавек, нават на фоне ўсіх астатніх змрочных навін, зьвязаных з пандэміяй, вылучаюцца скрайняй безвыходнасьцю. Падрабязна чытайце тут (+ фота) >>

17:50 9.4.2020

17 ці 41 інфікаваных каранавірусам на Берасьцейшчыне? Статыстыка Мінздароўя і аблвыканкаму не супадае

У Берасьцейскай вобласьці каранавірус пацьверджаны ў 41 чалавека, больш за ўсё ў Лунінецкім раёне — 26 чалавек, а таксама ў Берасьці — 6 чалавек, заявіў 9 красавіка старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс, якога цытуе sb.by. Паведамленьне пра гэта зьявілася каля 13-й гадзіны дня.

На афіцыйным сайце stopcovid.belta.by, які Міністэрства аховы здароўя рэкамэндавала як афіцыйную крыніцу апэратыўнай інфармацыі, паводле стану на 6 гадзін раніцы 9 красавіка ў бальніцах Берасьцейскай вобласьці знаходзіліся 17 хворых на COVID-19. Колькасьць хворых, паводле Мінздароўя і паводле Берасьцейскага аблвыканкаму, адрозьніваецца ў 2,4 раза.

Паводле ўчорашняй статыстыкі за 8 красавіка Берасьцейскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, каранавірус у вобласьці пацьвердзілі ў 28 чалавек, тым часам як афіцыйная статыстыка пацьвярджала толькі 3 выпадкі.

17:22 9.4.2020

Міністар аховы здароўя растлумачыў, чаму ў Беларусі не прынялі стратэгію стрымліваньня каранавірусу

Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік расказаў, чаму ў Беларусі абралі «стратэгію зьмякчэньня наступстваў» каранавірусу замест «стратэгіі стрымліваньня». Паводле Караніка, краіны «пэрыядычна пераходзяць з адной стратэгіі на другую або мяняюць яе ў працэсе прапрацоўкі», але «стратэгіі стрымліваньня» цяпер не прытрымліваюцца толькі дзьве краіны Эўропы: Беларусь і Швэцыя.

«Стратэгія стрымліваньня» накіраваная на «татальнае разлучэньне людзей», сказаў Каранік, і выкарыстоўваецца, каб запаволіць распаўсюд інфэкцыі і даць сыстэме аховы здароўя «прайсьці перагрузку» і вярнуцца ў рабочы стан. Калі захады «татальнага разлучэньня» здымаюцца, рост колькасьці хворых аднаўляецца, пераконвае ён. «Стратэгія зьмякчэньня» ж нацэленая на тое, каб не дапусьціць экспанэнцыйнага росту колькасьці хворых, трымаць яе ў межах «рэсурсных магчымасьцей сыстэмы аказаць дапамогу». Адпаведна, сваёй задачай Мінздароўя бачыць, сярод іншага, недапушчэньне лявінападобнага росту колькасьці хворых.

17:20 9.4.2020

Сусьветны банк: У сувязі з пандэміяй беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 4%

Такі прагноз прыводзіцца ў дакладзе Сусьветнага банку пра ўплыў каранавірусу на эканоміку краін Эўропы і Цэнтральнай Азіію «Чакаецца, што ў 2020 годзе эканоміка Беларусі скароціцца на 4%, бо глябальны эканамічны спад, выкліканы каранавірусам, зьнізіць попыт на беларускі экспарт сыравінных тавараў і тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны Эўразьвязу, Расеі і на іншыя рынкі», — гаворыцца ў дакладзе. Цалкам чытаць тут >>

17:03 9.4.2020

У Воршы — першая сьмерць ад каранавірусу

У Аршанскім раёне зарэгістравалі першую сьмерць пацыента з каранавірусам. Пра гэта стала вядома 9 красавіка. У памерлага «шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй», паведаміў «Аршанскай газеце» галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аршанскага раёну Сяргей Белы.

16:24 9.4.2020

Пра наяўнасьць хворых на COVID-19 паведамілі 9 раёнаў Віцебскай вобласьці, пішуць «Народныя навіны Віцебска» з спасылкай на раённыя газэты:

  1. Аршанскі,
  2. Бешанковіцкі,
  3. Віцебскі,
  4. Гарадоцкі,
  5. Докшыцкі,
  6. Пастаўскі,
  7. Полацкі,
  8. Ушацкі,
  9. Шумілінскі.


15:51 9.4.2020

Польшча пашырыла абмежаваньні на грамадзкае жыцьцё, каб стрымаць каранавірус

Польскія межы застануцца закрытымі да 3 траўня, урад падоўжыць тэрмін закрыцьця школ і прадпрыемстваў, заявіў у чацьвер прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Прадпрыемствы застануцца закрытымі да 19 красавіка, а абмежаваньні на дзейнасьць школ, а таксама на рух чыгуначнага і паветранага транспарту будуць падоўжаныя яшчэ на два тыдні, сказаў ён.

Для жыхароў Польшчы таксама ўвялі абавязковае нашэньне масак, якія б закрывалі рот і нос, пачынаючы ад чацьвярга наступнага тыдня, і тады ўрад таксама мае апублікаваць графік «вяртаньня да новай эканамічнай рэальнасьці».

14:43 9.4.2020

У супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі знайшлі каранавірус

У супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі знайшлі каранавірусУ двух супрацоўнікаў унутраных дэпартамэнтаў Нацыянальнай бібліятэкі выявілі каранавірус, піша Tut.by. Хворыя і калегі, якія зь імі кантактавалі, знаходзяцца на карантыне. Паведамляецца, што хворыя і кантактныя супрацоўнікі бібліятэкі ня мелі зносін з чытачамі.

Нацыянальная бібліятэка часова закрыла чытальныя залі, частка інфармацыі даступная онлайн.

«Гэтыя супрацоўнікі ня ходзяць на працу, акрамя таго, памяшканьні, у якіх яны працавалі, зараз на карантыне і ўсе супрацоўнікі, якія зь імі кантактавалі, зараз таксама не знаходзяцца на працы. Мы дзейнічаем паводле патрабаваньняў, якія прапісала Мінздароўя, каб вірус не распаўсюджваўся», — сказала першы намесьнікі генэральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алена Далгаполава.

14:23 9.4.2020

Толькі адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў надзеў маску на сэсію. ФАТАФАКТ

На паседжаньні Палаты прадстаўнікоў дэпутаты сядзяць ня парамі, як звычайна, а па адным, але маску носіць толькі адзін дэпутат са 110 — 55-гадовы журналіст Тэнгіз Думбадзэ, заўважае Office.life. На паседжаньні ён расказаў, што за апошні дзень заразіліся 20–30 мэдыкаў, адзначыў нізкія (25–30 рублёў) даплаты мэдыкам за працу, зьвязаную з каранавірусам.

14:21 9.4.2020

Беларускі турбізнэс просіць падтрымкі ўраду ва ўмовах пандэміі. 6 прапаноў

Міністэрства спорту і турызму разам з Рэспубліканскімі саюзамі турыстычнай індустрыі і турыстычных арганізацый стварылі працоўную групу, якая падтрымае галіну ў складаны пэрыяд. Пакет прапановаў ужо накіраваны ва ўрад.

Паводле кіраўніцы рады Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Аксаны Бічун, сярод прапанаваных антыкрызісных захадаў:

  • адтэрміноўка абавязаньняў па раней заключаных дамовах з кліентамі,
  • зьніжэньне з 20% да 10% ПДВ для гатэляў,
  • абмежаваньне камісіі банкаў,
  • паслабленьні па арэнднай плаце,
  • падатковыя вакацыі на 6 месяцаў на ўсе віды падаткаў
  • мараторый да 31 сьнежня на прыняцьце падатковымі органамі рашэньняў аб арышце рахункаў суб’ектаў галіны.
14:19 9.4.2020

Каранавірус: у менскім СІЗА сустрэчы з адвакатамі перавялі на рэжым «праз шкло»

У СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе трымаюць некалькі дзясяткаў падазраваных у злачынствах і падсудных, усе сустрэчы адвакатаў зь іх кліентамі цяпер адбываюцца толькі праз шкло з выкарыстаньнем тэлефонных слухавак.

«Гэта прынята ў сувязі з каранавірусам», — сказаў карэспандэнту Свабоды дзяжурны СІЗА. Больш атрымаць інфармацыі пра захады, прынятыя ў СІЗА ў сувязі з пандэміяй COVID-19, не ўдалося.

14:00 9.4.2020

«Ён дыхае кіслародам, стан сярэдняй цяжкасьці». Як пачуваецца муж першай менскай ахвяры каранавірусу

У 65-гадовага Яўгена Дзеравянкі, мужа першай ахвяры каранавірусу ў Менску Вольгі Дзеравянкі, таксама пацьвердзілі каранавірус.

«Ён дыхае кіслародам; як і ва ўсіх, стан сярэдняй цяжкасьці. Яго перавялі ўжо ў 6-ю лякарню. Спадзяемся, што ён паправіцца, кіслароду яму хапае, ён даволі моцны і без хранічных захворваньняў. Перад гэтым тэлефанаваў, дык голас быў хрыплы. Пакуль стараемся яго не турбаваць. Будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Мікалай. Цалкам чытайце па спасылцы >>

13:59 9.4.2020

Лукашэнка: На пажарах у разы больш гіне, чым ад каранавірусу

Паводле Лукашэнкі, на пажарах «у разы больш гіне», чым ад каранавірусу.

Лукашэнка паўтарыў, што ў барацьбе з каранавірусам «для нас найважнейшы элемэнт — гэта эканоміка», а каранавірус — «усё гэта сыдзе, яно ўжо сыходзіць, вы бачыце, у Эўропе што адбываецца». Цалкам чытайце тут >>

13:57 9.4.2020

Італія зьбіраецца зьняць некаторыя абмежаваньні ў красавіку

Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ заявіў, што ў канцы красавіка Італія можа пачаць паступова здымаць некаторыя абмежаваньні, уведзеныя для спыненьня эпідэміі COVID-19. 9 сакавіка Італія ўвяла агульнанацыянальную забарону на грамадзкія кантакты. Праз два тыдні Контэ абвясьціў, што менш важныя прадпрыемствы, уключаючы вытворчасьць аўтамабіляў, адзеньня і мэблі, павінны спыніцца.

Агульная колькасьць заражаных каранавірусам людзей у Італіі складае амаль 140 тысяч; колькасьць сьмерцаў ад пандэміі — амаль 18 тысяч.

13:55 9.4.2020

Прадстаўнік WHO заклікаў Беларусь разгледзець больш жорсткія віды дыстанцыяваньня — аж да карантыну

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што з 30-31 сакавіка ў Беларусі ідзе рэзкі рост захваральнасьці, і заявіў, што ў краіне важна прыняць больш жорсткія меры сацыяльнага дыстанцыяваньня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу да наступленьня піку захворваньняў: перавод на дыстанцыйнае навучаньне, забарона масавых мерапрыемстваў, аж да ўвядзеньня карантыну, паведамляе Tut.by.

«Калі глядзець на досьвед краін, якія прайшлі гэты шлях, з 4-6-га тыдня ідзе экспанэнтны рост выпадкаў. А да 8-га тыдня падыходзяць да піку. Для Беларусі гэта наступны этап. Гэта этап не завезеных выпадкаў, а перадачы сярод мясцовага насельніцтва. Чакаем далейшага росту», — сказаў ён.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG