Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

16:07 1.4.2020

МЗС просіць Літву перадаць дакладныя зьвесткі пра «пэўныя ачагі і выпадкі сьмерці» у Беларусі ад COVID-19

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара беларускага МЗС Анатоля Глаза, апублікаваным на сайце ведамства. Напярэдадні прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы выказалі сумневы адносна эфэктыўнасьці прыманых Беларусьсю захадаў для барацьбы з каранавірусам і заявілі аб магчымасьці абмежаваньні авіязносін паміж краінамі.

«Сёньня, калі сьвет сутыкнуўся з такім магутным выклікам, як ніколі важная салідарнасьць і сумесныя намаганьні, — кажа прадстаўнік беларускага МЗС. — На гэтым фоне зусім незразумела аб якім» недаверы «казалі прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы. Любыя заявы падобнага роду павінны грунтавацца на дакладнай інфармацыі і фактах, а не на домыслах і чутках. Таму мы былі б удзячныя літоўскаму боку за перадачу нам дакладных зьвестак нейкіх „пэўных ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі сьмерці, якія фіксуюцца“. Калі, вядома, такія зьвесткі ў яе маюцца на самай справе».

16:07 1.4.2020

Сусьветная арганізацыя здароўя пра каранавірус у Беларусі: Недахоп зьвестак правакуе страх

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у каментары Tut.by заявіў, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі павінна палепшыць інфармаваньне грамадзянаў аб сытуацыі з карнавірусам у краіне.

Па яго словах, насельніцтва мусіць мець поўную інфармацыю пра ўсе рызыкі.

«Недахоп зьвестак можа справакаваць страх», — перакананы Батыр Бердыклычаў.

15:18 1.4.2020

Генэральны сакратар ААН: пандэмія стала самым сур’ёзным крызісам пасьля Другой сусьветнай вайны

Антонію Гутэрыш заявіў, што яна можа прывесьці да ўзмацненьня нестабільнасьці і канфліктаў у сьвеце. Пандэмія каранавірусу зьяўляецца найбуйнейшым глябальным крызісам з часоў Другой сусьветнай вайны, заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, выказаўшы занепакоенасьць, што яна можа справакаваць канфлікты ва ўсім сьвеце, паведамляе Голас Амэрыкі.

Па словах Гутэрыша, маштабнасьць крызісу абумоўленая «захворваньнем, якое ўяўляе пагрозу для кожнага чалавека ў сьвеце, і эканамічным узьдзеяньнем, якое прынясе рэцэсію, якая ня мае паралеляў у нядаўнім мінулым». Больш за 40 тысяч чалавек памерлі ў сувязі з распаўсюджваньнем у сьвеце эпідэміі.

15:00 1.4.2020

«Пазванілі з санстанцыі і пацьвердзілі выпадак каранавірусу» — цэх № 13 заводу імя Вавілава адпраўлены на карантын

На менскім заводзе імя Вавілава на тыдзень у водпуск адпраўлены гальванічны цэх. У ім працуе да 100 чалавек. Прычына — у адной з працаўніц цэху знайшлі каранавірус. Гэтую інфармацыю, якую 31 сакавіка Свабодзе на ўмовах ананімнасьці перадала крыніца з прадпрыемства, сёньня пацьвердзілі ў адміністрацыі заводу.

«У панядзелак у другой палове дня пазванілі з санстанцыі і сказалі, што ў нашай працаўніцы знойдзены каранавірус, тэст даў станоўчы вынік. У аўторак мы праверылі ўсіх працаўнікоў цэху, ім замяралі тэмпэратуру. Прыкмет іншых захворваньняў ня выявілі, але з мэтай прафіляктыкі прапанавалі працаўнікам цэху да канца тыдня пабыць на хатнім рэжыме. З захаваньнем дзьвюх трэціх заробку. То бок гэты цэх, № 13, сапраўды не працуе, але ўсё прадпрыемства працягвае працаваць, як раней. У цэху № 13 праведзеныя патрэбныя санітарныя захады», — паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара заводу імя Вавілава Вячаслаў Кузьняцоў. Цалкам чытайце тут>>

14:21 1.4.2020

З аптэк Віцебску зьніклі мэдыцынскія маскі

Ад раніцы 1 красавіка ва ўсім Віцебску немагчыма было набыць мэдыцынскіх масак. Ні аднаразовых, ні шматразовых. На сайце даведкі tabletka.by ёсьць інфармацыя пра 20 аптэк гораду, дзе па стане на сёньняшнюю раніцу былі мэдыцынскія маскі. Але ў наяўнасьці іх нідзе не засталося. Свабода абзваніла ўсе пазначаныя аптэкі, і толькі ў гарадзкім пасёлку Руба за 16 км ад Віцебску адказалі, што ў іх засталося дзесяць масак.

«Але ў мяне тут такая чарга, што зараз усё раскупяць, — паведаміла правізар па тэлефоне. — Маскі мы не рэзэрвуем».

Цалкам чытайце тут>>

14:04 1.4.2020

Зьявілася гіпотэза пра сувязь паміж сьмяротнасьцю праз COVID-19 і прышчэпкай супраць сухотаў

Амэрыканскія эпідэміёлягі заявілі, што знайшлі сувязь паміж сьмяротнасьцю ад COVID-19 у розных краінах і тым, як даўно і наколькі шырока ў іх ужывалі вакцыну БЦЖ, якую выкарыстоўваюць для барацьбы з сухотамі. Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя на партале medRxiv.

«Краіны, у якіх унівэрсальная вакцынацыя з дапамогай БЦЖ не была прынятая, у тым ліку Італія, Нідэрлянды і ЗША, наймацней пацярпелі ад COVID-19», — пішуць навукоўцы.

Паводле іх, вакцынацыя БЦЖ зьнізіла ўзровень заражэньня вірусам. На думку дасьледчыкаў, камбінацыя паніжанай сьмяротнасьці і захворваньня можа зрабіць гэтую прышчэпку адным з галоўных інструмэнтаў у барацьбе з COVID-19.

  • У Беларусі прышчэпку БЦЖ робяць немаўлятам, яна знаходзіцца ў календары абавязковых прышчэпак.
  • На сайце medRxiv, дзе было апублікаваныя вынікі дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў, адзначаецца, што гэтае дасьледаваньне яшчэ не сэртыфікаванае экспэртнай ацэнкай, што яго нельга выкарыстоўваць у клінічнай практыцы.
13:21 1.4.2020

Мініздароўя Беларусі заявіла пра 2 сьмерці пацыентаў з COVID-19. Колькасьць інфікаваных зноў не паведаміла

Паводле Мінздароўя Беларусі, цяпер «зарэгістравалі другі выпадак сьмерці ўзроставага пацыента з наяўнасьцю шматлікіх хранічных захворваньняў, паводле папярэдніх зьвестак, абцяжараных каранавіруснай інфэкцыяй».​

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 1 красавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: за апошні дзень 5 пацыентаў выпісаныя, яшчэ 157 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».

30 сакавіка Мінздароўя паведамляла пра 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: тады 47 пацыентаў былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», яшчэ 105 былі «пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».

Колькі выпісалі за два дні, можна зразумець зь сёньняшняга і ўчорашняга паведамленьня: цяпер выпісалі 5, днём раней — 6, сумарна 11. Ды колькі выпісаных былі ў ліку 47, якія днём раней былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», невядома.

Таксама невядома, колькі зьявілася новых пацыентаў з дыягназам COVID-19 і колькі агулам выпадкаў каранавірусу зафіксавалі на 1 красавіка. На лячэньні, у параўнаньні зь мінулым паведамленьнем, стала на 52 чалавекі больш.

12:48 1.4.2020

У Гомлі з каранавірусам шпіталізавалі трэнэра СДЮШАР, дзе раней зафіксавалі першы ў рэгіёне выпадак COVID-19

У Гомлі дыягнаставалі каранавірус у трэнэра зь дзіцячай спартовай школы № 4. Як стала вядома Свабодзе ад крыніцы, блізкай да гэтай установы, трэнэр у акрабатыцы 1972 году нараджэньня ня быў за мяжой.

Цяпер ён у інфэкцыйным шпіталі. «Кантактных асобаў» — іншых трэнэраў школы ў гімнастыцы і акрабатыцы, якія займаліся ў той жа залі, завезьлі ў шпіталь на вуліцы Цыялкоўскага. Там было аддзяленьне анкалягічнага дыспансэру, якое цяпер перапрафілявалі пад інфэкцыйнае. Цяпер дзіцячая спартовая школа на карантыне.

Менскія спартовыя школы працягваюць працаваць у штатным рэжыме

Сталічныя дзіцяча-юнацкія спартовыя школы (ДЮСШ і СДЮШАР) працуюць у штатным рэжыме, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ва ўпраўленьні спорту і турызму Менгарвыканкаму. Хлопцы розных узростаў займаюцца ў залах пад кіраўніцтвам асабістых трэнэраў, хоць наведвальнасьць школ упала.

Рэспубліканскія і гарадзкія спаборніцтвы перанесьлі на больш позьні тэрмін, адмянілі і трэніровачныя зборы для выхаванцаў сталічных ДЮСШ і СДЮШАР за межамі Менску.

12:36 1.4.2020

«Большасьць сьмяротных выпадкаў праз каранавірус — у пацыентаў з цукровым дыябэтам» — намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны

«Гэта ня значыць, што ва ўсіх 17 выпадках захворваньне на каранавірус прывяло да сьмерці. Праводзіцца аналіз. Вывучаючы кожны выпадак, мы адсочваем выпадкі сьмерці праз іншыя прычыны, таму ў хуткім часе на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя мы пакажам падрабязную разборку кожнага з 17 выпадкаў. Мы зьвяртаем увагу, што найбольшая колькасьць сьмяротных выпадкаў зарэгістравана сёньня ў хворых на цукровы дыябэт», — сказаў Ляшко.

Па стане на раніцу 1 красавіка ва Ўкраіне зарэгістравана 669 выпадкаў COVID-19. 17 загінулі, 10 выздаравелі.

11:55 1.4.2020

Чытачы Свабоды: на карантын адпраўляюць бюджэтнікаў, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі. Улады зьняпраўжваюць

Як паведамілі Свабодзе некалькі чалавек з Горадзенскай вобласьці, з аддзелаў адукацыі прыйшоў вусны загад пайсьці ў плянавы водпуск усім супрацоўнікам, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі.

«Пад пагрозай звальненьня», — расказала Свабодзе адна выхавальніца.

Пасьля тэрміновай нарады 31 сакавіка ў аддзеле адукацыі прыйшоў загад адправіць у адпачынак усіх пэнсіянэраў. А таксама абавязалі пайсьці ў карантын супрацоўнікаў школ і дзіцячых садкоў, чые сваякі працуюць кіроўцамі і езьдзяць за мяжу. Пісьмовага загаду, аднак, няма. Гэта вуснае распараджэньне.

«Муж, такім чынам, мусіць працаваць, не заяжджаючы дадому, альбо яму трэба звольніцца, каб не выяжджаць за мяжу», — сказала выхавальніца.

Яшчэ адзін захад — не пускаць на тэрыторыю садкоў бацькоў, якія працуюць дальнабойнікамі.

Пры гэтым Міністэрства адукацыі афіцыйна не абвяшчала карантыну. На антысэптыкі і маскі грошы не выдзяляюцца. Іх выхавальнікі купляюць за небюджэтныя грошы — тыя, што яны зарабілі за кошт платных паслуг.

«Толькі антысэптыку на адзін садок трэба ад 30 да 100 літраў на месяц, — кажа выхавальніца. — А гэта 600-2000 рублёў. Ніхто нам гэтых грошай не дае».

У Міністэрстве адукацыі Свабодзе паведамілі, што такіх рэкамэндацый з боку міністэрства не было. У галоўным упраўленьні адукацыі Горадзенскага аблвыканкаму таксама сказалі, што рэкамэндацый накіроўваць на карантын настаўнікаў і іншых супрацоўнікаў школ, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі, не было.

11:53 1.4.2020

10 фантастычных гарадоў, якія варта наведаць гэтай вясной

Жыхары Злучаных Гарадоў Амэрыкі амаль не высоўваюцца з сваіх дамоў, а між паселішчамі ходзяць толькі рэдкія кур’еры. Сайлент-Хіл накрыла туманамі. Палякі пакуль не адкрылі футурыстычны Найт-Сіці. Якія гарады тады наведаць гэтай вясной?​

Першакрасавіцкі трэвэл-гайд Свабоды — па віртуальных гарадах зь відэагульняў.

Чытаць агляд >>

11:53 1.4.2020

У расейскіх рэгіёнах праз пандэмію абмяжоўваць продаж алькаголю. У Маскве продажы вырасьлі на 148%

У некалькіх расейскіх рэгіёнах на фоне пандэміі каранавірусу абмежавалі продаж алькаголю.

  • З 1 красавіка ў Карэліі сьпіртовыя напоі прадаваць будуць толькі з 10:00 да 14:00. 31 сакавіка продаж алькагольных напояў таксама абмежавалі ў некалькіх раёнах Якуціі. Кіраўнік рэгіёну патлумачыў гэта зафіксаваным ростам колькасьці злачынстваў у стане ап’яненьня.
  • Cябра Грамадзкай палаты Расеі, кіраўнік праекту «Цьвярозая Расея» Султан Хамзаеў накіраваў ва ўрад Расеі ліст з просьбай абмежаваць продаж алькагольных напояў з прычыны каранавірусу. У Маскве пасьля ўвядзеньня рэжыму самаізаляцыі продажы алькаголю вырасьлі на 148%.
  • Гэты рэжым уведзены ўжо больш за ў 30 рэгіёнах Расеі, паведамляецца на сайце апэратыўнага штаба.
11:33 1.4.2020

Памерла настаўніца з Доктаравічаў, дзе выявілі каранавірус

Жыхары вёскі Новыя Доктаравічы расказваюць, што памерла настаўніца Натальля А., якую шпіталізавалі з пнэўманіяй каля двух тыдняў таму.

Пра сьмерць Натальлі А. Свабодзе расказаў яе сусед Мікалай, былы настаўнік Доктаравіцкай школы.

«Памерла Натальля, памерла сёньня ўначы, — паведаміў у размове са Свабодай Мікалай. — Я быў раніцай у краме, там людзі расказалі пра гэта. У Доктаравічах ужо ведаюць».

Па словах Мікалая, апошнія пяць дзён Натальля была ў рэанімацыі, лекары змагаліся за яе здароўе. Мэдыкі казалі аднавяскоўцам, што ў яе нібыта быў каранавірус.

У Капыльскай лякарні не адказваюць на тэлефанаваньні.

11:22 1.4.2020

Ці ёсьць ужо лекі, якія засьведчылі сваю эфэктыўнасьць супраць COVID-19

Ці ёсьць лекі, якія засьведчылі сваю эфэктыўнасьць супраць COVID-19
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00


11:06 1.4.2020

Карантын у жартах і мэмах. Як людзі ўсьміхаюцца падчас пандэміі

Падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ў сацыяльных сетках людзі дзеляцца рознымі жартамі і мэмамі, каб было прасьцей перажыць пэрыяд карантыну ці самаізаляцыі. Прапануем вам 1 красавіка падборку для лепшага настрою.

11:01 1.4.2020

Lamborghini запускае вытворчасьць мэдыцынскіх масак

Італьянская аўтамабільная кампанія Automobili Lamborghini пераабсталюе некалькі цэхаў, каб вырабляць хірургічныя маскі і мэдыцынскія шчыткі для шпіталі ў Балёньні. Кампанія плянуе выпускаць па адной тысячы масак і па 200 мэдыцынскіх шчыткоў у дзень.

Раней модны дом Armani заявіў, што пераабсталюе свае заводы ў Італіі і пачне шыць аднаразовыя халаты для лекараў, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19.

10:40 1.4.2020

Рэпартаж зь Віцебску. Ці сапраўды ў горадзе надзвычайная сытуацыя ў сувязі з каранавірусам

Віцебск закрыты, навокал выставілі блёк-пасты, а шпіталі перапоўненыя хворымі на COVID-19. Такія навіны прыходзілі апошнімі днямі зь Віцебску. Свабода зьезьдзіла ў горад, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца.

10:40 1.4.2020

Карантын у жартах і мэмах. Як людзі ўсьміхаюцца падчас пандэміі

Падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ў сацыяльных сетках людзі дзеляцца рознымі жартамі і мэмамі, каб было прасьцей перажыць пэрыяд карантыну ці самаізаляцыі. Прапануем вам 1 красавіка падборку для лепшага настрою.

Уся падборка >>

10:38 1.4.2020

«Няма крытычнай сытуацыі». Футбольная фэдэрацыя не зьбіраецца спыняць чэмпіянат Беларусі

Старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў перакананы, што ў Беларусі няма крытычнай сытуацыі з распаўсюдам каранавірусу, а значыць, нацыянальнае першынства будзе працягвацца.

Пра гэта функцыянэр завіў у эфіры праграмы «Спорт-кадар» на канале «Беларусь 5».

«Да другога туру закупілі 500 літраў антысэптыку, разьвезьлі па стадыёнах. Самае галоўнае, каб людзі самі разумелі: мылі рукі, часьцей антысэптыкам карысталіся, ня чхалі, хворымі ня шлі на стадыён».

10:29 1.4.2020

«Беларускі кіраўнік ацэньвае сытуацыю з пэўнай бравадай» — прэзыдэнт Літвы не давярае афіцыйнай інфармацыі Беларусі

Літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа лічыць, што давяраць афіцыйнай інфармацыі Беларусі аб каранавірусе нельга, сытуацыя там значна горшая. «Мы ня можам давяраць гэтай інфармацыі, якую атрымліваем афіцыйна зь Беларусі, паколькі я лічу, што беларускі кіраўнік ацэньвае сытуацыю з пэўнай бравадай», — заявіў у сераду журналістам кіраўнік Літвы.

«Цалкам магчыма, што сапраўдная статыстыка значна горшая, паколькі мы ведаем пра пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі сьмерці, якія фіксуюцца», — сказаў ён. Паводле словаў прэзыдэнта Літвы, варта абмежаваць кантакты з краінай, якая не кантралюе сытуацыю, калі рызыка сапраўды адчувальная.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG