Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ужывую Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Рэклямны бігборд у Кішынэве (Малдова), якія заклікае жыхароў заставацца дома, 10 красавіка

Коратка

  • На раніцу 10 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 1,6 мільёна выпадкаў COVID-19: 469 тысяч у ЗША, 153 тысячы ў Гішпаніі, 143 тысячы ў Італіі, па 118 тысяч у Нямеччыне і Францыі, каля 83 тысяч у Кітаі, больш за 66 тысяч у Іране, 65 тысяч у Вялікай Брытаніі, больш за 42 тысячы ў Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 95 739 чалавек. Зь іх 18 279 у Італіі, 16 697 у ЗША, 15 447 у Гішпаніі, 12 210 у Францыі, 7 978 у Вялікай Брытаніі, 4 110 у Іране, 3 340 у Кітаі.
  • Выпісалі 357 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,152 млн, зь іх 49 тысяч у цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 10 красавіка, пацьверджаны 1981 выпадак COVID-19, памерлі 19 чалавек, выпісаныя здаровымі 169 пацыентаў, за суткі выяўленыя 495 новых выпадкаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
  • Карта распаўсюду каранавірусу ў Беларусі
  • Як зьмянялася колькасьць хворых у Беларусі. Інфаграфіка
  • Як каранавірус пашыраецца ў сьвеце. Карта

Карысныя парады

10:21 26.3.2020

Як вірус дзеліць грамадзтва. Піша Юры Дракахруст

Сьцісла:

  • У Чэхіі, дзе ўведзены карантын, я працую з дому, а пад маімі вокнамі віруе будоўля нейкага офісу
  • Гэтыя будаўнікі ня могуць выконваць сваю працу онлайн
  • Людзі вызначаюць сваю пазыцыю паводле балянсу паміж небясьпекай ад вірусу і ўласнымі магчымасьцямі эканамічнага выжываньня
  • У ІТ-шніка і рабочага на канвэеры гэтыя балянсы розныя
  • Калі нехта заклікае да «карантыну любой цаной», то вельмі часта рэч у тым, што для яго гэтая цана ня надта высокая
  • Правільнае рашэньне для канкрэтнага грамадзтва ў дадзеным выпадку — гэта кампраміс паміж кепскім і кепскім, прычым кепскім для розных людзей у рознай ступені

Чытаць цалкам >>

10:14 26.3.2020

На дзьверах 34-й паліклінікі ў Менску — шматлікія інструкцыі ў сувязі з COVID-19

09:52 26.3.2020

У Расеі рыхтуюцца да выбуховага росту каранавірусу

Лекары ў Расеі рыхтуюцца да «выбуховага», «кшталту ядзернай рэакцыі» развіцьця сытуацыі з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта паведаміў галоўны інфэкцыяніст маскоўскага Міністэрства аховы здароўя Мікалай Малышаў.

Паводле яго, спачатку было арытмэтычнае даданьне колькасьці інфікаваных, цяпер яно ўжо геамэтрычнае - за апошнія суткі захваральнасьць каранавіруснай інфэкцыяй вырасла амаль у тры разы.

У сувязі з гэтым ва ўсіх рэгіёнах рыхтуюцца новыя стацыянары і ложкі, абсталяваныя адпаведна апошнім патрабаваньням, адзначыў ён.

«Вялікая колькасьць людзей будзе хварэць», — лічыць Мікалай Малышаў. Таму гаворка ідзе пра пастаноўку дыягназаў дыстанцыйна з дапамогай IT-тэхналёгій, расказаў ён. У сытуацыі выбуховага росту захваральнасьці прыярытэт у шпіталізацыі будзе аддавацца пацыентам з групаў рызыкі, дадаў экспэрт.

08:51 26.3.2020

«Вялікая сямёрка» дамовілася аб'яднаць намаганьні ў барацьбе з каранавірусам

Міністры замежных спраў сямі вядучых прамыслова разьвітых дэмакратый пагадзіліся з неабходнасьцю сумесных намаганьняў у барацьбе з новым каранавірусам, які выклікае захворваньне COVID-19.

Аднак амэрыканскія і эўрапейскія дыпляматы, якія мелі зносіны з дапамогай відэаканфэрэнцыі ў сераду, заявілі, што міністры не пагадзіліся з заклікам дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо называць каранавірус «уханьскім вірусам».

У выніку літаральна празь дзень пасьля таго, як міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтральных банкаў «Вялікай сямёркі» выпусьцілі сумеснае камюніке са згадваньнем вірусу COVID-19, міністры замежных спраў ня сталі публікаваць групавой заявы.

На сольнай прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў са сваімі калегамі, Пампэо зноў згадаў «уханьскі вірус», заявіўшы, што ён зьяўляецца «самым актуальным пытаньнем парадку дня». Паводле яго, усе міністры замежных спраў «заявілі аб прыхільнасьці змагацца зь ім празрыста, як гэта неабходна ва ўсім сьвеце».

08:09 26.3.2020

Лічбы на раніцу 26 сакавіка

  • У сьвеце зафіксавалі 471,5 тысячы выпадкаў COVID-19: 81,7 тысячы ў Кітаі, каля 74,3 тысячы ў Італіі, каля 68,5 тысячы ў ЗША, 49,5 тысячы ў Гішпаніі, 37,3 тысячы ў Нямеччыне, 27 тысяч у Іране, 25,2 тысячы ў Францыі, 10,9 тысячы ў Швайцарыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 21,3 тысячы чалавек. Зь іх 7503 у Італіі, 3647 у Гішпаніі, 3287 у Кітаі, 2077 у Іране, 1331 у Францыі, 1032 у ЗША.
  • Выпісалі 114,6 тысячы пацыентаў, якія ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 335,5 тысячы, зь іх 14,7 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць.
21:24 25.3.2020

Колькасць ахвяр COVID-19 у сьвеце перавысіла 20 тысяч

Колькасць ахвяр каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, пандэмію якой цяпер перажывае свет, у сераду перавысіла 20 тысяч.

Гэтая лічба была дасягнута пасля таго, як паступіла новая статыстыка пра колькасьць памерлых з Італіі. За мінулыя суткі ў гэтай краіне памерлі 683 чалавекі з каранавірусом. У гэтай краіне ахвяраў інфэкцыі больш за ўсё — больш за 7500.

20:37 25.3.2020

Беларускі дзяржаўны цырк у Менску з 29 сакавіка датэрмінова завяршае прадстаўленьні «ў сувязі з узьніклымі абставінамі». Квіткі можна вярнуць у касе цырку.

20:06 25.3.2020

Польшча падоўжыла закрыцьцё межаў да 13 красавіка

Польшча заявіла аб тым, што яе мяжы застануцца закрытымі для замежнікаў да 13 красавіка. Пры гэтым усе палякі могуць вярнуцца на радзіму.

19:57 25.3.2020

Кубак Беларусі па акадэмічным веславаньні перанесьлі на нявызначаны тэрмін

Рашэньне пра канкрэтныя даты, калі адбудзецца розыгрыш трафэя, або канчатковую адмену кубкавай рэгаты будзе прынятае ў красавіку, з улікам эпідэміялягічнага становішча, а таксама зьменаў у міжнародным спаборніцкім календары, паведамілі БелТА ў прэс-службе грамадзкага аб’яднаньня.

Раней Міжнародная фэдэрацыя веславаньня адмяніла ўсе афіцыйныя спаборніцтвы да канца траўня (сярод іх этапы Кубку сьвету, а таксама кваліфікацыйныя спаборніцтвы да Гульняў-2020). Разам з тым чэмпіянат Эўропы 2020 году, папярэдне плянавалі на 5-7 чэрвеня ў Познані (Польшча), арганізатары спаборніцтваў пакуль не пераносілі.

19:43 25.3.2020

У Маскве памерлі два чалавекі з каранавірусам

У Маскве памерлі два пацыенты сталага веку, які мелі станоўчыя тэсты на каранавірус. Пра гэта паведаміў гарадзкі апэратыўны штаб.

19:33 25.3.2020

У Азэрбайджане наступны тыдзень абвясьцілі непрацоўным праз каранавірус

Кабінэт міністраў Азэрбайджану 25 сакавіка ў сувязі з каранавірусам абвясьціў наступны тыдзень непрацоўным. Пра гэта паведаміў апэратыўны штаб па барацьбе з COVID-19.

Cёньня ж у сувязі з эпідэміяй каранавірусу наступны тыдзень быў абвечаны непрацоўным і ў Расеі.

Агульная колькасць заражаных каранавірусам ў Азэрбайджане дасягнула 93 чалавек, шасьцёра з іх выяўленыя за апошнія суткі. Паводле зьвестак штабу, цяпер у шпіталях знаходзіцца 81 хворы з COVID-19, стан траіх з іх ацэньваецца як цяжкі. Адна пацыентка з каранавірусам раней памерла. На карантыне ў Азэрбайджане знаходзяцца 2914 чалавек.

19:23 25.3.2020

Арганізатары перанесьлі «Фэст экскурсаводаў — 2020»

Арганізатары перанесьлі на 19–20 верасьня сёлетні «Фэст экскурсаводаў», які перш быў заплянаваны на 25–26 красавіка.

Прычына пераносу: неспрыяльнае санітарна-эпідэміалагічнае становішча ў Беларусі і сьвеце.

Зарэгістраваць свае маршруты экскурсаводы-удзельнікі фэсту могуць на сайце festguides.by.

19:05 25.3.2020

Літва падоўжыла агульнанацыянальны карантын да 13 красавіка, транзытны калідор — да 30 сакавіка

Урад Літвы прыняў рашэньне аб прадаўжэньні карантыну ў сувязі з каранавірусам на 2 тыдні, паведаміла літоўскае агенцтва BNS. Раней карантын быў уведзены да 30 сакавіка.

«Карантын падоўжаны на мінімальны тэрмін у два тыдні. Ці давядзецца рабіць гэта зноў і зноў, залежыць ад нас усіх, ад таго, як мы будзем выконваць карантынныя патрабаваньні, каб інфэкцыя не распаўсюджвалася», — сказаў на прэс-канфэрэнцыі ў рэжыме онлайн прэм’ер- міністар Саўлюс Сквэрняліс.

Таксама Літва падоўжыла дзеяньне транзытнага калідора для грамадзян іншых краін, якія вяртаюцца на месца сталага пражываньня, да 30 сакавіка, паведамілі ў беларускім Памежным камітэце.

18:51 25.3.2020

Тайлянд закрыў межы для ўезду і выезду

Улады Тайлянду прынялі рашэньне цалкам закрыць уезд і выезд з краіны ад поўначы з 25 на 26 сакавіка.

Перастануць працаваць усе памежныя пункты як у аэрапортах, гэтак і ў марскіх і рачных портах, а таксама на сухапутных межах. Абмежаванні будуць дзейнічаць да асаблівага распараджэння дзяржаўнага камітэту па надзвычайнай сытуацыі для барацьбы з распаўсюдам інфекцыі.

18:39 25.3.2020

З Гоа ў Маскву вылецелі 62 беларускія турысты

25 сакавіка беларускія турысты, якія не маглі вярнуцца з Індыі пасьля закрыцьця Расеяй межаў у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, вылецелі ў Маскву, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў Міністэрстве спорту і турызму. 51 зь іх былі ў Індыі як арганізаваныя турысты, астатнія — самастойна.

Самалёт павінен прыбыць у міжнародны аэрапорт Шарамецьцева, пасьля чаго беларусы на працягу 24 гадзін абавязаныя пакінуць транзытную зону і вылецець у Беларусь.

17:40 25.3.2020

У аэрапорце Ўнукава застаюцца 63 беларусы, 7 на транспарце амбасады вывезьлі ў Дамадзедава

У транзытнай зоне маскоўскага аэрапорта Ўнукава ў чаканьні рашэньня пытаньня з адпраўкай на радзіму цяпер застаюцца 63 грамадзяніна Беларусі, паведаміў БелТА прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Расеі Алег Мазура.

Што тычыцца сямі беларусаў, якія напярэдадні прыляцелі ва Ўнукава з Дамініканы, але «празь няўзгодненасьць ведамстваў» іх ня выпусьцілі ў Менск з маскоўскага аэрапорту, дык гэта сытуацыя вырашылася: цяпер на аўтобусе дыпмісіі іх вывезьлі з Унукава ў аэрапорт Дамадзедава, адкуль, як плянуецца, яны вылецяць у Менск у 19.55 рэгулярным рэйсам «Белавія».

17:07 25.3.2020

Пуцін заявіў аб пераносе галасаваньня па папраўках у Канстытуцыю на пазьнейшы тэрмін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў, што ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу агульнае галасаваньне па папраўках у Канстытуцыю, заплянаванае на 22 красавіка, будзе перанесенае на пазьнейшы тэрмін.

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка выступіў з тэлезваротам да грамадзянаў краіны ў сувязі з сытуацыяй з каранавірусам.

Пуцін сказаў, што наступны тыдзень для расейцаў стане нерабочым з захаваньнем зарплаты. Выходныя дні будуць доўжыцца з 28 сакавіка па 5 красавіка. Пуцін падкрэсьліў, што доўгія выходныя дазволяць зьнізіць распаўсюджваньне каранавірусу.

Чытаць цалкам.

17:07 25.3.2020

У Магілёве вучням і настаўнікам забаранілі камэнтаваць у сацыяльных сетках допісы пра каранавірус

У дакумэнце з подпісам начальніка аддзелу адукацыі Магілёўскага райвыканкаму Натальлі Колас аддзел адукацыі забараняе вучням і работнікам установаў адукацыі ставіць падабайкі ў сацыяльных сетках, рабіць спасылкі і камэнтаваць «усялякую» інфармацыю, зьвязаную з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі.

У аддзеле адукацыі Магілёўскага райвыканкаму Свабодзе сказалі, што гэта не распараджэньне, а «проста была даведзеная інфармацыя». Падрабязнасьці тут >>

17:00 25.3.2020

Ва Ўкраіне абвясьцілі надзычайную сытуацыю і падоўжылі карантын да 24 красавіка

Кабінэт Міністраў Украіны ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з каранавірусам падоўжыў карантын да 24 красавіка. Апроч таго, на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны абвешчана надзвычайная сытуацыя.

Паводле Цэнтру грамадзкага здароўя, на 10 гадзіну раніцы ва Ўкраіне афіцыйна пацьвердзілі 113 выпадкаў заражэньня каранавірусам, чатыры чалавекі памёрлі, адзін паправіўся і выпісаны зь лякарні. Цалкам чытайце тут>>

16:45 25.3.2020

«Міліцыя загадала нічога не казаць, з дому не выходзіць». У Гомлі новыя падазрэньні на каранавірус

У Гомлі міліцыя ўключылася ў барацьбу з каранавірусам. У адным з дамоў, дзе ўчора праводзілі санітарную апрацоўку праз падазрэньне на каранавірус у адной з жыхарак, міліцыя абышла ўсіх жыхароў. Супрацоўнікі сілавой структуры загадалі жыхарам «нікому нічога не казаць» і не выходзіць з дому.

Машына хуткай дапамогі ў Гомлі, на якой жанчыну і мужчыну сталага веку забралі і павезьлі ў бок інфэкцыйнага шпіталя. 25 сакавіка 2020 году
Машына хуткай дапамогі ў Гомлі, на якой жанчыну і мужчыну сталага веку забралі і павезьлі ў бок інфэкцыйнага шпіталя. 25 сакавіка 2020 году

Свабода даведалася, што ў двух жыхарак гораду на Сожы падазраюць каранавірус. Мы паглядзелі, што адбываецца ў дамах, дзе яны жывуць.

Чытаць далей.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG