Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі эсмінец ужыў лазэр супраць самалёта ВМС ЗША ў Філіпінскім моры


P-8A Poseidon, ілюстрацыйнае фота

Патрульны самалёт берагавой авіяцыі Вайскова-марскіх сіл ЗША P-8A Poseidon 17 лютага зазнаў ўзьдзеяньне лазэра з боку кітайскага эсьмінца №161, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Інцыдэнт адбыўся ў міжнароднай зоне акваторыі прыкладна за 600 км на захад ад вострава Гуам, паведамілі ў чацьвер у прэс-службе камандаваньня Ціхаакіянскага флоту ЗША.

У заяве падкрэсьліваецца, што P-8A знаходзіўся ў міжнароднай паветранай прасторы ў адпаведнасьці з усімі правіламі і палажэньнямі. Пры гэтым дзеяньні кітайскага эсьмінца былі «небясьпечныя й непрафэсійныя».

Акрамя таго, кітайцы парушылі сваімі дзеяньнямі міжнародны Кодэкс незаплянаваных сутыкненьняў ў моры — шматбаковае пагадненьне, складзенае ў 2014 годзе для памяншэньня колькасьці інцыдэнтаў паміж рознымі краінамі. У Кодэксе асобна згадваецца выкарыстаньне лазэраў, якія могуць нанесьці шкоду экіпажу альбо абсталяваньню.

Экіпаж кітайскага эсьмінца таксама парушыў Мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж міністэрствамі абароны ЗША і КНР аб правілах паводзін для бясьпекі сустрэч суднаў і самалётаў.

Выкарыстаньне лазэра, які нельга было ўбачыць няўзброеным вокам, было зафіксавана сэнсарным датчыкам на борце амэрыканскага самалёта. Лазэры, якія прымяняюцца ва ўзброеных сілах, патэнцыйна могуць нанесьці сур'ёзную шкоду экіпажам самалётаў і маракам, а таксама сыстэмам суднаў і самалётаў.

Самалёт P-8A, прыпісаны да базы ў Джэксанвілі, штат Флорыда, накіроўваўся на базу ВПС ЗША Кадэна на востраве Акінава ў Японіі. Авіяцыйная эскадрыльля, у якую уваходзіць самалёт, праводзіць руцінныя апэрацыі, марское патруляваньне й выведныя місіі ў раёне апэрацый Сёмага флоту ЗША.

«Самалёты ВМС ЗША рэгулярна лятаюць над Філіпінскім морам, і рабілі гэта на працягу многіх гадоў. Судны і самалёты ВМС ЗША будуць працягваць... апэраваць там, дзе гэта дазваляе міжнароднае права», — падкрэсьлілі ў Ціхаакіянскім вайскова-марскім флёце Злучаных Штатаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG