Ва Ўкраіне заведзеная крымінальная справа ў дачыненьні да прадусаркі тэлеканалу «1 + 1» Алены Ерамеевай празь яе развагі аб складанасьці прадукцыі фільмаў і тэлесэрыялаў на ўкраінскай мове.
Пра гэта паведаміў дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» ў Вярхоўнай Радзе Уладзімір Ар'еў.
Справа адкрытая па ч. 1 арт. 161 КК «Парушэньне раўнапраўя грамадзянаў у залежнасьці ад іх расавай, нацыянальнай прыналежнасьці або адносінаў да рэлігіі». Па ёй прадусарцы пагражае буйны штраф, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў або абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў. Таксама яе могуць пазбавіць права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю на тэрмін да трох гадоў.
Скандал вакол слоў Ерамеевай разгарэўся ў лютым 2020 году пасьля прэзэнтацыі праграмаў новага сэзону тэлеканалу. На прэзэнтацыі Ерамеева сказала, што камэдыі для восеньскага сэзону «1+1» былі зьнятыя выключна на ўкраінскай мове, але ўсе сем мэлядрамаў тэлеканалу былі зьняты на расейскай.
«Знайсьці танальнасьць ўкраінскага мовы, каб глядач яе ўспрымаў, вельмі няпроста. Па нашых назіраньнях, мэлядрамы на ўкраінскай мове глядзяць горш, чым камэдыі» — патлумачыла яна.
Ерамеева, адказваючы на крытыку, заявіла, што яе словы былі вырваныя з кантэксту і яна казала толькі пра спэцыфіку вытворчасьці сэрыялаў і фільмаў у розных жанрах, а не пра прадузятасьці адносна ўкраінскай мовы.
«1+1» зьвязваюць з алігархам Ігарам Каламойскім і неаднаразова папракалі ў прасоўваньні інтарэсаў Расеі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў