АБСЭ заклікае Расею правесьці новае расьсьледаваньне забойства палітыка Барыса Нямцова і ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да людзей, якія маюць непасрэднае дачыненьне да яго замовы і выкананьня.
Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльным дакладзе арганізацыі, на які спасылаецца «Настоящее время».
У дакумэнце гаворыцца, што расейскія ўлады «не захацелі давесьці расьсьледаваньне да канца, у справе вельмі шмат белых плямаў». АБСЭ заклікае Маскву аднавіць справу і знайсьці заказчыкаў забойства. У тэксьце сярод іншых згаданы кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.
Мяркуецца, што Расея ня зможа ігнараваць даклад, таму што зьяўляецца ўдзельніцай АБСЭ.
Адвакаты і сям’я Барыса Нямцова лічаць даклад галоўнай міжнароднай рэакцыяй на трагедыю. Звычайна АБСЭ рыхтуе даклады па шырокіх тэмах. Але гэтым разам канкрэтнаму забойству прысьвечана цэлае расьсьледаваньне. Гібель Нямцова ў арганізацыі лічаць небясьпечным інцыдэнтам, які пагражае дэмакратыі і ў Расеі, і ў сьвеце.
Апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова застрэлілі 27 лютага 2015 год ў цэнтры Масквы, за забойства асуджаныя асобы, якія не прызналі віны. Арганізатары і замоўнікі дагэтуль ня знойдзеныя.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com