Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Менскам адкрыюць другі рэабілітацыйны цэнтар для студэнтаў з Кітаю


Кітайцы ў менскім аэрапорце, 29 студзеня 2020 году

Студэнтаў беларускіх ВНУ з Кітаю, якія вярнуліся з вакацыяў, акрамя аздараўленчага комплексу «Брыганціна», будуць часова разьмяшчаць і ў Менскім абласным цэнтры мэдыцынскай рэабілітацыі «Загорʼе», каб «забясьпечыць бесьперапынны мэдыцынскі нагляд», паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

У міністэрстве падкрэсьліваюць, што «гаворка ідзе пра дадатковыя меры для студэнтаў, якія не былі ў кантакце з хворымі і не наведвалі эпідэмічна непасьпяховыя раёны, а таксама адбылі карантын у Кітаі».

На сёньня ў Беларусь вярнуліся 174 кітайскія студэнты, усе яны знаходзяцца пад мэдыцынскім наглядам. У той жа час, як адзначае міністэрства, асноўная частка студэнтаў з Кітаю, якія вучацца ў Беларусі, сёлета не выяжджалі на канікулы ў Кітай у сувязі з успышкай эпідэміі каранавірусу.

Цяпер у аздараўленчым цэнтры «Загорʼе» завяршаюць падрыхтоўку да прыёму студэнтаў, усе мэдработнікі цэнтру прайшлі дадатковую падрыхтоўку. Для студэнтаў тут арганізуюць індывідуальную форму навучаньня. Такія ж меры эпідэмічнай бясьпекі ўведзеныя ва ўсіх абласьцях Беларусі, дзе навучаюцца студэнты з Кітаю.

Беларускім грамадзянам на гэты пэрыяд прапануюць карыстацца паслугамі іншых рэабілітацыйных цэнтраў (у вёсках Аксакаўшчына і Атоліна пад Менскам).

Спэцыялісты Мінздароўя ўзаемадзейнічаюць з памежнікамі, мытнікамі, Міністэрствам транспарту і камунікацый і апэратыўна атрымліваюць зьвесткі пра людзей, якія прыбываюць з Кітаю, арганізуюць іх лябараторнае абсьледаваньне і дастаўку ў аздараўленчыя цэнтры.

З 28 студзеня па 14 лютага санітарна-карантынным кантролем ахапілі больш за 300 тысяч чалавек, якія перасеклі мяжу Беларусі.

На гэты момант выпадкі захворваньня інфэкцыяй, выкліканай каранавірусам COVID-19, у Беларусі не зарэгістраваныя.

З 30 студзеня перавялі ў рэжым павышанай гатоўнасьці працу ўсёй санітарна-эпідэміялягічнай службы, хуткай мэдыцынскай дапамогі, паліклінік і лякарняў Беларусі. Для правядзеньня дасьледаваньняў і тэстаў дыягнастычную лябараторыю «РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі перавялі на кругласутачны рэжым працы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Апошнія навіны

усе навіны за дзень >
XS
SM
MD
LG