Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 13 лютага на вуліцах Менску разам з ДАІ будуць дзяжурыць вайскоўцы


Ілюстрацыйнае фота. Вайскоўцы дзяжураць на вуліцах падчас рэпэтыцыі вайсковага параду

З 13 лютага на вуліцах Менску пачнуць дзяжурыць салдаты ўнутраных войскаў МУС Беларусі.

Яны разам з супрацоўнікамі ДАІ будуць адказваць за бясьпеку на дарогах, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў аддзеле ДАІ Партызанскага РУУС Менску.

Дзяжурства рэйдавых груп у цёмны час сутак арганізуюць на аварыйна небясьпечных пешаходных пераходах. Узмоцненыя нарады будуць арыентаваныя на прафіляктыку грубых парушэньняў Правілаў дарожнага руху як з боку кіроўцаў, так і пешаходаў.

Сярод задач унутраных войскаў Беларусі няма патруляваньня дарог, аднак «пры ўзьнікненьні абставінаў, якія ўяўляюць пагрозу бясьпецы грамадзян, дзейнасьцi арганiзацый i грамадзкаму парадку, а таксама ў інтарэсах абароны РБ унутраныя войскі могуць прыцягвацца для выкананьня іншых задач» у адпаведнасьці з законам «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і іншымі актамі заканадаўства Беларусі.

Паводле ДАІ Партызанскага РУУС Менску, у 2019 годзе ў сталіцы Беларусі павялічылася колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў з пацярпелымі: 20 чалавек загінулі ў выніку наездаў. Пры гэтым у 14 выпадках вінаватыя былі пешаходы, бо пераходзілі дарогу на чырвоны сыгнал сьвятлафора або ў неналежным месцы, у тым ліку нярэдка — у нецьвярозым стане.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG