Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Рагачове падтрымалі ідэю стварэньня дома-музэю Караткевіча


Дом, дзе бываў Караткевіч у Рагачове
Дом, дзе бываў Караткевіч у Рагачове

Прапанову аб стварэньні музэю Караткевіча ў доме, дзе пісьменьнік жыў і працаваў над сваімі творамі, калі прыяжджаў у госьці да дзядзькі, выказаў дырэктар рагачоўскай школы № 4, краязнавец Аляксандар Лейкін. Улады яе падтрымалі, паведамляе раённая газэта «Свабоднае слова».

Паводле Аляксандра Лейкіна, сёньня дом і пакой пісьменьніка захаваныя, аднак будынак прыходзіць у заняпад, бо людзям, якія жывуць там, «у сілу стану здароўя складана падтрымліваць яго ў належным парадку». А дом-музэй стаў бы цэнтрам прыцягненьня турыстаў, і месцам для правядзеньня рэспубліканскага літаратурнага сьвята, лічыць краязнаўца.

Але пакуль на рэалізацыю ідэі няма фінансаваньня, а таксама трэба вырашыць жыльлёвае пытаньне родных пісьменьніка, якія жывуць у доме.

«Сваякі Караткевіча — яго стрыечны брат з жонкай і сынам — ня супраць абмену. Мы прапрацоўваем варыянты перадачы ім іншага жыльля, каб перавесьці дом у камунальную ўласнасьць і арганізаваць там некалькі цікавых экспазыцый. Акрамя таго, і само жыльлё патрабуе рамонту», — кажа начальніца аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і спраў моладзі мясцовага райвыканкаму Натальля Прус.

У лістападзе 2020 году на Рагачоўшчыне плянуюць арганізаваць маштабны фэстываль, прысьвечаны 90-годзьдзю Ўладзімера Караткевіча. Заплянаваны выставы, акцыі, літаратурныя конкурсы. Таксама вырашаецца пытаньне з устаноўкай памятнага знака Гервасію Выліваху — галоўнаму герою «Ладзьдзі роспачы», якую Караткевіч напісаў у Рагачове.

Цяпер у Рагачове імя Ўладзімера Караткевіча носяць вуліца і цэнтральная раённая бібліятэка, партрэт Караткевіча зьмясьцілі на тарцы аднаго з дамоў у цэнтры Рагачова, у мясцовым музэі ёсьць некалькі кніг з аўтографамі пісьменьніка, у многіх месцах устаноўленыя памятныя знакі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG