Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International запатрабавала ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед удзельнікаў мірных акцый 


Акцыя за незалежнасьць, супраць інтэграцыі з Расеяй. Менск, 8 сьнежня 2019
Акцыя за незалежнасьць, супраць інтэграцыі з Расеяй. Менск, 8 сьнежня 2019

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой запатрабавала ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць перасьлед удзельнікаў мірных сходаў, якія прайшлі ў канцы 2019 году.

Як нагадвае агенцтва БелаПАН, якое цытуе дакумэнт, у сьнежні мінулага году прайшлі акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.

«Дзясяткі мірных дэманстрантаў былі аштрафаваныя на сумы звыш 600 даляраў або асуджаныя да адміністрацыйнага арышту на 5–15 сутак, некаторыя да гэтага часу адбываюць пакараньне, — адзначылі праваабаронцы. — Адміністрацыйныя разборы праходзілі ў сьнежні, студзені і працягваюцца ў лютым, а значыць, судовыя рашэньні і штрафы яшчэ будуць выносіцца».

Прадстаўнікі арганізацыі зьвярнулі ўвагу на працяглыя тэрміны адміністрацыйнага арышту, прысуджанага аршанскаму блогеру Дзьмітрыю Казлову і апазыцыйнаму палітыку Паўлу Севярынцу.

У Amnesty International адзначылі, што заканадаўства, якое рэгулюе парадак правядзеньня публічных сходаў у Беларусі, мае «празьмерна абмежавальны» характар.

«Правы на свабоду выказваньня і на мірны пратэст зьяўляюцца свабодамі, якія павінны цалкам выконвацца ўладамі Беларусі, — гаворыцца ў дакумэнце. — Усе тыя, хто адбывае адміністрацыйныя арышты ў сувязі са спробай рэалізаваць сваё права на свабоду мірных сходаў, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя. Усе штрафы, прысуджаныя мірным дэманстрантам, павінны быць неадкладна адмененыя», — падкрэсьлілі ў Amnesty International.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG