Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадачы ў турмы павялічылі з 30 да 50 кг. Але прымаюць не ва ўсіх


Ілюстрацыйнае фота. Турма №4 у Магілёве
Ілюстрацыйнае фота. Турма №4 у Магілёве

Некаторым родзічам зьняволеных удалося перадаць у турмы і СІЗА перадачы звыш раней дазволеных 30 кг, але пакуль ня ўсе турмы пагаджаюцца з новым лімітам у 50 кг, піша Mspring.online.

У кагосьці прынялі перадачу на 46 кг, камусьці кажуць пра ліміт у 30 кг, бо «распараджэньня не паступала», адзначае выданьне.

Паводле правілаў унутранага распарадку турмаў, «максымальная вага пасылак і бандэроляў вызначаецца правіламі аказаньня паслуг паштовай сувязі (вага адной перадачы не павінна перавышаць вагу адной пасылкі)». А максымальную вагу пасылкі ў гэтых правілах ад 17 студзеня павялічылі з 30 да 50 кг.

Пра зьмены не абвяшчалі шырока, таму шмат хто са сваякоў зьняволеных па-ранейшаму пакаваў торбы да 30 кг. Але «данесьці» яшчэ 20 кг перадач нельга — давядзецца чакаць наступнай дазволенай перадачы паводле графіку.

У магілёўскай турме №4 праваабаронцам заявілі, што па-ранейшаму прымаюць перадачы да 30 кг, бо ня мелі распараджэньняў аб зьменах ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У магілёўскай калёніі №15 і шклоўскай №17 пэўнага адказу не далі. Праваабаронцы лічаць, што турма цяпер парушае закон — тым, у каго не прымаюць перадачы ад 30 да 50 кг, юрыст «Вясны» Павал Сапелка раіць пісаць скаргу ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

Якія пасылкі можна слаць у турмы і СІЗА (паводле новых правілаў, зьмянілася толькі максымальная вага, астатняе па-старому):

  • вага да 50 кг;
  • памеры ад 150х240х20 мм;
  • памеры да 1050 мм у даўжыню, шырыню і вышыню, але сума даўжыні і найбольшай акружнасьці, акрамя даўжыні — да 2000 мм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG