Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць украінцаў лічыць, што Расея варожая, а Беларусь нэўтральная


Ілюстрацыйнае фота

Кіеўскі Цэнтар сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў Socis апублікаваў вынікі дасьледаваньня «Сацыяльна-палітычная сытуацыя ва Ўкраіне на пачатку 2020 году».

🇷🇺 Паводле сацыёлягаў, 70,5% лічаць Расею краінай, якая «займае варожую пазыцыю» да Ўкраіны. 13,7% лічаць, што пазыцыя Расеі нэўтральная, а 6%, што пазыцыя Расеі да Ўкраіны прыязная.

🇧🇾 Пазыцыю Беларусі 57,4% лічаць нэўтральнай, 31,9% – прыязнай, 4,4% – варожай.

🇺🇸 Адносна ЗША лічбы такія: 40,3% лічаць Штаты нэўтральнымі, 38,3% бачаць прыязнае стаўленьне, 9,1% – варожае.

🇵🇱 Блізкія лічбы мае і Польшча: 42,9% лічаць стаўленьне яе да Ўкраіны нэўтральным, 40,8% – прыязным, 5,2% – варожым. Гэта самая «пазытыўная» краіна ў рэйтынгу.

🇭🇺 У «варожасьці» другая за Расеяй – Вугоршчына. Але варожае стаўленьне зь ейнага боку адчуваюць толькі 11,7% апытаных, а 12,3% бачаць прыязнасьць. 53,4% лічаць Вугоршчыну нэўтральнай.

🇪🇺 За ўступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз гатовыя прагаласаваць 58,6% (27,3% галасавалі б супраць), за ўступленьне ў NATO – 46,2% (31,5% супраць).

Самай папулярнай партыяй застаецца прэзыдэнцкая – за «Слугу народу» сёньня прагаласавалі б 47,9%. На другім месцы прарасейская «Апазыцыйная плятформа» з 14,4%, на трэцім – «Эўрапейская салідарнасьць» былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі з 12,0%.

Галоўнымі праблемамі краіны лічаць узброены канфлікт на ўсходзе (62,7% выбралі такі варыянт) і нізкі ўзровень заробкаў і пэнсіяў (52,3%). Таксама шмат хто называе ў ліку галоўных праблемаў падвышэньне «камуналкі» (37,5%) і цэнаў на асноўныя тавары (27,1%), беспрацоўе (21,9%) і карупцыю (15,5%).

Агулам больш за палову (51,8%) бачаць, што краіна разьвіваецца ў нечым правільна, а ў нечым не. Яшчэ 18% лічаць, што ўсё ідзе правільна, а 24,6% — што краіна разьвіваецца няправільна.

Апытаньне ладзілі 20–27 студзеня сярод 2000 рэспандэнтаў з Украіны (за выключэньнем акупаванага Расеяй Крыму і непадкантрольных Кіеву частак Данецкай і Луганскай абласьцей). Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці, як сьцьвярджаецца, складае ±2,1%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG