Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За косткі для судзьдзі». Блогер Дуброўскіх расказаў, за што адседзеў 15 сутак


Блогер Аляксандар Дуброўскіх
Блогер Аляксандар Дуброўскіх

1 лютага віцебскі блогер Аляксандар Дуброўскіх выйшаў з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе адседзеў 15 сутак. На волі блогер расказаў, што «суткамі» яго пакаралі за вядро з косткамі, якое ён кінуў пад ногі судзьдзі Белавуса, паведамляе «Віцебская вясна».

14 студзеня судзьдзя Белавус аштрафаваў блогера на 810 рублёў за ўдзел у менскіх акцыях супраць інтэграцыі.

«17 студзеня мне стала цяжка на душы. І я падумаў, што трэба пайсьці ў суд і выказаць ім усё, што я пра іх думаю. Я ўзяў з сабой вядро, косткі для сабак і пайшоў. Прыйшоў да гэтага судзьдзі і сказаў, што ненавіджу яго за тое, што ён займаецца штампаваньнем гэтых прысудаў. „Гэта вам падарунак“, — кажу. І кінуў гэтыя косткі яму пад ногі», — расказаў Аляксандар Дуброўскіх.

Блогер патлумачыў, што сваім учынкам хацеў выказаць пагарду «да гэтых людзей-робатаў, якія штампуюць прысуды». За «косткі для судзьдзі» суд Віцебскага раёну пакараў яго 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, прыпісаўшы «хуліганку» і «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы». Дуброўскіх сьцьвярджае, што ў кабінэце Белавуса не лаяўся, а «праклінаў культурна».

Пра ўтрыманьне ў ізалятары Дуброўскіх кажа, што толькі да «расчляняльнікаў трупаў можна ставіцца так бесчалавечна».

Агулам блогера аштрафавалі ўжо на 2430 рублёў. Пакуль ён адбываў 15 сутак, яго яшчэ двойчы асудзілі за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй:

  • 20 студзеня — на 810 рублёў за ўдзел у менскай акцыі 21 сьнежня (суд Кастрычніцкага раёну Віцебску),
  • 29 студзеня — на 810 рублёў за ўдзел у віцебскім пікеце 29 сьнежня (суд Чыгуначнага раёну).

Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. За сьнежаньскія акцыі раней 13 чалавек былі асуджаныя агулам на 375 сутак арышту, аштрафаваныя на 129 тысяч рублёў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG