Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтаправод «Дружба» зноў рамантуюць


Ілюстрацыйнае фота

Кампанія «Гомельтранснафта Дружба» 3 лютага абвясьціла, што на магістральных нафтаправодах «Унеча — Мазыр» і «Мазыр — Берасьце» пачаліся рамонтныя працы. Завяршыць іх плянуюць празь некалькі дзён.

Працы вядуцца ў межах рэканструкцыі станцыяў перапампоўваньня нафты «Кобрынь» і «Тураў». На першым участку да 6 лютага будуць мяняць тэхналягічныя перамычкі, на другім да 7-га — участак нафтаправоду. Таксама ў лютым плянуюць працягнуць працы па ачышчэньні і дыягнаставаньні на ўчастку «Мазыр — Берасьце» ад станцыі перапампоўваньня «Пінск» да 441-га км нафтаправоду.

«Зыходзячы са ступені небясьпекі дэфэктаў, мэтадаў рамонту і размяшчэньня месцаў пашкоджаньня трубаправодаў на мясцовасьці, прынятае рашэньне аб зьніжэньні рэжыму перапампоўваньня на магістральным нафтапровадзе „Мазыр — Берасьце“ з частковым вывядзеньнем асобных участкаў нафтаправоду».

Польскі бок, які атрымлівае нафту праз «Дружбу», і расейскі бок, які яе пастаўляе, не паведамлялі пра няплянавыя сытуацыі з пастаўкамі.

Мінулым разам паведамленьні пра рамонт на «Дружбе» зьяўляліся ў студзені і супалі па часе са спрэчкамі Беларусі і Расеі пра пастаўкі нафты. Але «Транснефть» была ўпэўненая, што Беларусь ня стане спыняць транзыту нафты, бо атрымлівае за гэта немалыя грошы. Той рамонт прайшоў з 14 па 20 студзеня, падчас яго пастаўкі не спыняліся цалкам, але зьмяншаліся.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG