Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З падачы літоўскага дэпутата ў ПАРЭ аспрэчылі паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі


Пры абмеркаваньні парадку работы на зімовую сэсію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі былі аспрэчаныя.

З адпаведнай прапановай выступіў літоўскі парлямэнтар Эмануэліс Зінгерыс, абгрунтаваўшы яе тым, што ў Расеі не выконваюцца рашэньні Эўрапейскага суду ў пытаньнях правоў чалавека.

Паводле працэдуры, прапанова Зінгерыса патрабавала падтрымкі ня менш за 30 прадстаўнікоў пяці нацыянальных дэлегацый у ПАРЭ, і яна гэтую падтрымку атрымала.

Рэглямэнт асамблеі прадугледжвае, што на працягу бліжэйшых 24 гадзін гэтая прапанова мае быць разгледжаная ў рамках камітэту ПАРЭ ў справе маніторынгу. Затым гэта прапанова павінна быць прынятая або адхіленая асамблеяй.

Сьледам за Зінгерысам прапанову аспрэчыць паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі выказала дэпутатка парлямэнту Латвіі Марыя Голубева, якая заявіла, што выбары дэпутатаў Дзярждумы 2016 году прайшлі ў Крыме, які зьяўляецца акупаванай тэрыторыяй. У сувязі з гэтым Голубева лічыць удзел дэпутатаў Крыму ў працы Дзярждумы незаконным.

Прапанова аспрэчыць паўнамоцтвы дэлегацыі накіраваная ў камітэт ПАРЭ, які мае вынесьці сваё рашэньне на працягу сутак.

Пасля таго, як паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі былі аспрэчаныя, кіраўнік камітэту Дзярждумы ў міжнародных справах Леанід Слуцкі заявіў журналістам, што дэлегацыя РФ не пагодзіцца зь якім-небудзь уціскам сваіх паўнамоцтваў ў асамблеі, у тым ліку з абмежаваньнем так званых другасных паўнамоцтваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG