Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасаду ЗША ў Іраку абстралялі ракетамі


Амбасада ЗША ў Багдадзе
Амбасада ЗША ў Багдадзе

Амбасада ЗША ў сталіцы Іраку Багдадзе трапіла пад ракетны абстрэл. На тэрыторыю дыпляматычнай місіі, якая знаходзіцца ў так званай «зялёнай зоне» з павышаным узроўнем бясьпекі, упалі тры снарады. Адзін зь іх пацэліў у рэстаран амбасады.

Паводле агенцтва AFP, усяго выпусьцілі пяць ракет, пацярпеў адзін чалавек. Reuters паведамляе пра сама меней траіх пацярпелых. Будынку амбасады нанесьлі нязначную шкоду, паведамляе CNN са спасылкай на неназванага прадстаўніка ўраду ЗША.

Дзярждэпартамэнт ЗША ўжо заклікаў улады Іраку «выконваць свае абавязаньні ў абароне дыпляматычных аб’ектаў». Выканаўца абавязкаў кіраўніка ўраду Іраку Адыль Абдул Махдзі асудзіў здарэньне, назваўшы яго «агрэсіяй».

Ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за ракетны абстрэл амэрыканскай амбасады ў Багдадзе, але ў мінулым ЗША абвінавачвалі ў нападах у Іраку вайсковыя групоўкі, якія падтрымлівае Іран.

  • 4 студзеня «зялёную зону» Багдаду абстралялі «кацюшамі», ніхто не пацярпеў, у той жа дзень абстралялі і іншы раён Багдаду, дзе пацярпелі 5 чалавек (ніхто не загінуў). Вінаватых ня выявілі, але падазравалі магчымую датычнасьць Ірану.
  • 8 студзеня Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум двух ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША. Тры зь сямі пашкоджаных будынкаў — ангары рамонту самалётаў, людзі не пацярпелі. Пазьней «зялёную зону» (раён, дзе знаходзяцца будынкі ірацкіх уладаў, а таксама консульства і амбасады замежных дзяржаў) Багдаду абстралялі ракетамі з устаноўкі тыпу «кацюша».
  • 12 студзеня ў Іраку ракетамі абстралялі авіябазу Баляд на поўнач ад Багдаду, дзе разьмяшчаюцца амэрыканскія вайскоўцы. Раненьні атрымалі чатыры ірацкія салдаты.
  • 21 студзеня ў «зялёнай зоне» Багдаду ўпалі тры ракеты з устаноўкі тыпу «кацюша».

Хроніка абвастрэньня адносін ЗША і Ірану

29 сьнежня 2019. Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па базах шыіцкай групоўкі «Катаіб Хізбала» ў Іраку і Сырыі. Загінулі ня менш за 25 чалавек. Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША назвалі гэта «абарончымі ўдарамі» ў адказ на ракетную атаку па вайсковай базе блізу Кіркуку. Тады загінуў амэрыканскі кантрактнік. Удары нанесьлі якраз баевікі з «Катаіб Хізбала».

31 сьнежня 2019. Некалькі тысяч чалавек пратэставалі каля будынку амбасады ЗША ў Багдадзе з прычыны амэрыканскіх авіяўдараў па шыіцкім апалчэньні. Дэманстранты выкрыквалі лёзунг «Сьмерць Амэрыцы!» і палілі амэрыканскія сьцягі. Праламаўшы браму, некаторыя ўварваліся на тэрыторыю дыпмісіі. Пры разгоне пратэстоўцаў быў ужыты сьлезацечны газ.

3 студзеня 2020. У выніку амэрыканскага авіяўдару на лётнішчы ў Багдадзе быў забіты генэрал Касэм Сулеймані, камандзір сілаў «Кудс», элітнага падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку. Акцыя была ўхваленая асабіста прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Афіцыйны Тэгеран заявіў, што адпомсьціць крыўдзіцелям, і заявіў пра 13 плянаў удараў, ад якіх Амэрыка наўрад ці калі акрыяе. Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што Трамп дорага за яго заплаціць. Эсмаіл Гаані, наступнік Касэма Сулеймані, прыгразіў, што хутка ўвесь сьвет «пабачыць трупы амэрыканцаў па ўсім Блізкім Усходзе». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.

7 студзеня 2020. Каля паўсотні чалавек загінулі ў цісканіне на пахаваньні Сулеймані ў ягоным родным горадзе Керман, яшчэ столькі ж параненыя.​

8 студзеня 2020. Празь некалькі гадзін пасьля пахаваньня іранскага генэрала Касэма Сулеймані, забітага ў выніку авіяўдару ЗША 3 студзеня, Іран зрабіў атаку ў адказ на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Іраку. Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум двух ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША. Ад атакі людзі не пацярпелі, Трамп пісаў, што «ўсё нармальна» — ідзе ацэнка шкоды.

8 студзеня 2020. У той жа дзень пры ўзьлёце ў міжнародным аэрапорце Тэгерану «Мехрабад» пацярпеў крушэньне «Боінг» украінскай авіякампаніі МАУ, 176 пасажыраў і чальцоў экіпажу загінулі. Афіцыйных заяваў пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG