Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што ЗША не адменяць санкцыі для перамоваў з Іранам


 Дональд Трамп
Дональд Трамп

Амэрыканскі прэзыдэнт падзякаваў за прапанову Тэгерану сесьці за стол перамоваў, але адмовіўся адмяняць санкцыі супраць Ірану.

Пра гэта прэзыдэнт ЗША напісаў у сваім Твітэры:

«Міністар замежных спраў Ірана кажа, што Іран хоча весьці перамовы са Злучанымі Штатамі, але хоча адмяніць санкцыі. Не, дзякуй!»

Міністар замежных спраў Ірану ў пятніцу, 24 студзеня, заявіў, што Іран усё яшчэ адкрыты для перамоваў з Амэрыкай у выпадку адмены санкцый.

Хроніка абвастрэньня адносін ЗША і Ірану

29 сьнежня 2019. Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па базах шыіцкай групоўкі «Катаіб Хізбала» ў Іраку і Сырыі. Загінулі ня менш за 25 чалавек. Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША назвалі гэта «абарончымі ўдарамі» ў адказ на ракетную атаку па вайсковай базе блізу Кіркуку. Тады загінуў амэрыканскі кантрактнік. Удары нанесьлі якраз баевікі з «Катаіб Хізбала».

31 сьнежня 2019. Некалькі тысяч чалавек пратэставалі каля будынку амбасады ЗША ў Багдадзе з прычыны амэрыканскіх авіяўдараў па шыіцкім апалчэньні. Дэманстранты выкрыквалі лёзунг «Сьмерць Амэрыцы!» і палілі амэрыканскія сьцягі. Праламаўшы браму, некаторыя ўварваліся на тэрыторыю дыпмісіі. Пры разгоне пратэстоўцаў быў ужыты сьлезацечны газ.

3 студзеня 2020. У выніку амэрыканскага авіяўдару на лётнішчы ў Багдадзе быў забіты генэрал Касэм Сулеймані, камандзір сілаў «Кудс», элітнага падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку. Акцыя была ўхваленая асабіста прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Афіцыйны Тэгеран заявіў, што адпомсьціць крыўдзіцелям, і заявіў пра 13 плянаў удараў, ад якіх Амэрыка наўрад ці калі акрыяе. Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што Трамп дорага за яго заплаціць. Эсмаіл Гаані, наступнік Касэма Сулеймані, прыгразіў, што хутка ўвесь сьвет «пабачыць трупы амэрыканцаў па ўсім Блізкім Усходзе». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.

7 студзеня 2020. Каля паўсотні чалавек загінулі ў цісканіне на пахаваньні Сулеймані ў ягоным родным горадзе Керман, яшчэ столькі ж параненыя.​

8 студзеня 2020. Празь некалькі гадзін пасьля пахаваньня іранскага генэрала Касэма Сулеймані, забітага ў выніку авіяўдару ЗША 3 студзеня, Іран зрабіў атаку ў адказ на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Іраку. Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум двух ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША. Ад атакі людзі не пацярпелі, Трамп пісаў, што «ўсё нармальна» — ідзе ацэнка шкоды.

8 студзеня 2020. У той жа дзень пры ўзьлёце ў міжнародным аэрапорце Тэгерану «Мехрабад» пацярпеў крушэньне «Боінг» украінскай авіякампаніі МАУ, 176 пасажыраў і чальцоў экіпажу загінулі. Афіцыйных заяваў пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG