Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зымбабвэ: Мільярдэр заплаціць лекарам, каб спыніць страйк


Больш за 6 мільёнаў даляраў вылучыць на стыпэндыі для лекараў Страйв Масыіўа, адзін з самых багатых грамадзянаў Зымбабвэ. Дзякуючы гэтаму мэдыкі, якія страйкуюць, вярнуцца да працы.

З верасьня ў амаль 15-мільённай краіне страйкуюць маладыя лекары, а праз два месяцы да іх далучыліся мэдыкі на кіруючых пасадах.

Страйк выкліканы вельмі нізкай зарплатай, зьніжанай яшчэ і ў выніку сур’ёзнага эканамічнага крызісу, і недахопам асноўных лекаў і інструмэнтаў, такіх як шпрыцы і бінты.

Па словах лекараў у Зымбабве, стан шпіталяў знаходзіцца на такім узроўні, што ў краіне назіраецца «маўклівы генацыд».

Страйв Масыіўа, які стала жыве ў Лёндане, вырашыў дапамагчы ахове здароўя на сваёй радзіме. Яго сямейны фонд HigherLife выдзеліў 6,25 мільёнаў даляраў на стыпэндыі для лекараў, якія ахопліваюць ня толькі фінансавую дапамогу, але і бясплатны транспарт у працоўныя дні і ў дні дзяжурстваў.

Стыпэндыі ад мільярдэра павінны выдзяляцца штомесяц на працягу паўгода.

Аднак мэдыкі ўжо заявілі, што будуць працягваць ціснуць на ўладу і будуць імкнуцца да доўгатэрміновага вырашэньня праблем мясцовай службы аховы здароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG