Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне патанулі рыбакі. Адзін зь іх — міліцыянт, на якога напалі з нажом у Верхнядзьвінску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На возеры Асьвейскае ў Верхнядзьвінскім раёне 20 студзеня патанулі два рыбакі: 28-гадовы міліцыянт і 33-гадовы хірург, расказалі Tut.by у абласной арганізацыі Таварыства выратаваньня на водах.

У 14.54 20 студзеня ў МНС паведамілі, што на возеры Асьвейскім каля вёскі Царкоўна Верхнядзвінскага раёну перакулілася лодка з двума рыбакамі. Ратавальнікі прыехалі на месца і пабачылі ў вадзе мужчын у камізэльках, за 200 мэтраў ад берага — перакуленую алюмініевую лодку-«казанку». Рыбакоў выцягнулі на бераг, мэдыкі канстатавалі іх сьмерць, расказала прадстаўніца рэгіянальнага ўпраўленьня МНС Людміла Чацьвяртная.

Паводле старшыні абласной арганізацыі Таварыства выратаваньня на водах Аляксандра Мясаеда, вадалазы на месцы ўбачылі перакуленую лодку і побач аднаго рыбака ў выратавальнай камізэльцы, другі быў ужо пад вадой. «Таму рыбаку, які быў на паверхні, пачалі праводзіць рэанімацыю. Другому ўжо было марна», — дадаў Мясаед.

Аднаму загінуламу было 28 гадоў, ён працаваў у Верхнядзьвінскім аддзяленьні Дэпартамэнту аховы, другі рыбак — 33-гадовы хірург раённай лякарні.

Крыніца Tut.by зь Верхнядзьвінску (Дрысы) расказала, што патанулы супрацоўнік Дэпартамэнту аховы — адзін з тых, на каго 1 студзеня напаў з нажом 18-гадовы былы студэнт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Глеб Т.

«Загінулы міліцыянт — 28-гадовы Вадзім С. Ён жыў у Верхнядзьвінску, быў жанаты, у яго засталася маленькая дачка, ёй прыкладна паўгода. Яго ведалі як адказнага супрацоўніка праваахоўных органаў. Другі мужчына, 33-гадовы Сяргей, быў першаклясным хірургам у Верхнядзьвінскай лякарні. Для яе гэта вельмі вялікая страта. Ён таксама быў жанаты, меў двое маленькіх дзяцей», — сказаў чытач Tut.by зь Верхнядзьвінску.

Верхнядзьвінскі райвыканкам прыняў рашэньне забараніць плаваць на лодках на возеры Асьвейскае з 21 студзеня па 1 сакавіка «ў сувязі з двума трагічнымі выпадкамі, у выніку якіх загінулі чатыры чалавекі», піша БелТА. 15 студзеня за некалькі кілямэтраў ад месца сёньняшняй трагедыі таксама перакулілася лодка з рыбакамі. Адзін загінуў, другога ўдалося выратаваць, пошукі трэцяга працягваюцца дасюль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG