Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску мужчыну, які душыў цяжарную дачку і пагражаў забіць жонку, асудзілі на год і месяц калёніі


Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Віцябляніну, які душыў цяжарную дачку і пагражаў забойствам былой жонцы, што за яе заступілася, суд прысудзіў 1 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму, паведамляе пракуратура Віцебску.

Здарэньне адбылося ўлетку 2019 году. Мужчына знаходзіўся дома разам з дачкой і былой жонкай, выпіваў алькаголь. Пасьля ён пасварыўся з дачкой, схапіў яе за шыю і пачаў душыць, пагражаючы забіць. За дачку заступілася маці, аднак мужчына штурхнуў яе на ложак і сеў на яе зьверху, таксама пагражаючы забойствам і цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі. Маці і дачцэ ўдалося ўцячы з кватэры.

На судзе мужчына віны не прызнаў і адмаўляў, што пагражаў родным. Аднак суд прызнаў яго вінаватым у пагрозе забойствам і прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Мужчына ўжо адбывае пакараньне.

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG