Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнік Nissan патлумачыў, чаму ўцёк зь Японіі


Экс-кіраўнік аўтамабільнага канцэрну Renault — Nissan — Mitsubishi Карлас Гон

Экс-кіраўнік аўтамабільнага канцэрну Renault — Nissan — Mitsubishi Карлас Гон упершыню зьявіўся перад прэсай пасьля ўцёкаў з Японіі ў Лібан з прычыны крымінальнага перасьледу.

На прэсавай канфэрэнцыі Гон чарговым разам назваў прэтэнзіі на свой адрас беспадстаўнымі і назваў уцёкі зь Японіі вымушанымі. Па словах бізнэсоўца, яго трымалі ў адзіночнай камэры і дапытвалі без адвакатаў па восем гадзінаў у дзень. Гон адзначыў, што так і не зразумеў, у чым яго абвінавачваюць, і заявіў аб датычнасьці да яго перасьледу кампаніі Nissan. «Гэта была насьмешка над правамі чалавека і маёй годнасьцю», — сказаў бізнэсовец.

Гон — грамадзянін Лібану, Бразыліі і Францыі. Бейрут адмовіўся выдаваць яго Японіі на патрабаваньне Інтэрполу. Улады сьцьвярджаюць, што ён прыбыў у краіну легальна і для затрыманьня няма падставаў. Сам Карлас Гон настойвае, што ўцёк ня ад правасудзьдзя, а ад палітычнага перасьледу. Паводле інфармацыі Financial Times, у Токіо суд у 99% выпадкаў устае на бок абвінавачваньня.

Што вядома пра ўцёкі Гона

  • 31 сьнежня 2019 году стала вядома, што яго вывезьлі з дому ў скрынцы з-пад музычных інструмэнтаў і на прыватным самалёце даставілі спачатку ў Турэччыну, а потым у Лібан.
  • Гон знаходзіўся пад сьледзтвам у Японіі больш за год. Яго абвінавачваюць у фінансавых махінацыях і за гэты час двойчы вызвалялі пад заклад амаль у 14 мільёнаў даляраў. Тады Гон здаў уладам свае пашпарты — бразыльскі, францускі і лібанскі. Але журналісты мяркуюць, што францускіх пашпартоў у былога топ-мэнэджэра было два і з адным з іх яму ўдалося прайсьці службы бясьпекі аэрапорта.
  • Улады Францыі ўжо заявілі, што не падтрымліваюць рашэньне Гона пазьбегнуць правасудзьдзя. Аднак, згодна з заканадаўствам, Парыж не будзе экстрадаваць бізнэсоўца, калі ён апынецца на тэрыторыі краіны.
  • Карлас Гон знаходзіўся на кіруючых пасадах у францускім Renault з 1996 году. У пачатку 2000-х, пасьля набыцьця кампаніяй японскага вытворцы Nissan Гон стаў кіраўніком міжнароднага канцэрну Renault — Nissan — Mitsubishi. З 2013 па 2016 год ён таксама кіраваў расейскім канцэрнам «АВТОВАЗ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG