Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не далі візу іранскаму міністру для паездкі ў ААН


Улады ЗША адмовіліся выдаць візу міністру замежных справаў Ірану Джаваду Зарыфу, які зьбіраўся прыехаць у Нью-Ёрк на пасяджэньне Рады бясьпекі ААН 9 студзеня.

Пра гэта паведамляюць Reuters і выданьне Foreign Policy са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскім урадзе, гэта таксама пацьвердзілі ў МЗС Ірану. У Дзярждэпартаменце ЗША адмову ў візе іранскаму міністру камэнтаваць ня сталі.

Міністар замежных справаў Ірану Джавад Зарыф
Міністар замежных справаў Ірану Джавад Зарыф

Адмова ва ўязной візе для ўдзелу ў захадах ААН супярэчыць дамове 1947 году, паводле якой амэрыканскія ўлады абавязаны дазваляць ўезд у ЗША ўсім удзельнікам мерапрыемстваў ААН, бо штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Аднак Вашынгтон настойвае на тым, што мае права адмаўляць у візе «зь меркаваньняў бясьпекі і барацьбы з тэрарызмам», адзначае Reuters. Суразмоўца Foreign Policy распавёў, што іранскі міністар папрасіў візу «некалькі тыдняў таму».

Адначасова некалькі праваабарончых арганізацый паведамілі, што дзясяткі грамадзянаў Ірану і амэрыканцаў іранскага паходжаньня на працягу апошніх дзён былі затрыманыя на мяжы пасьля вяртаньня ў Злучаныя Штаты з Канады і іншых краінаў. Многіх дапытвалі на працягу некалькіх гадзін.

Вашынгтонскае аддзяленьне некамэрцыйнай Рады ў пытаньнях амэрыканска-ісламскіх адносін заявіла, што больш за 60 іранцаў і амэрыканцаў іранскага паходжаньня усіх узростаў былі затрыманыя на тэрмін да 10 гадзін. Іх дапытвалі наконт палітычных поглядаў, адабралі ў іх пашпарты, ключы ад машын і смартфоны. Усё гэта, паводле зьвестак арганізацыі, адбывалася на мяжы штату Вашынгтон з Канадай.

Службовыя асобы Мытнай і памежнай службы ЗША адмаўляюць дыскрымінацыю ў дачыненьні да падарожнікаў па прыкмеце рэлігіі, расы або этнічнай прыналежнасьці.

«Паведамленьні ў сацыяльных сетках аб тым, што памежнікі затрымліваюць амэрыканцаў іранскага паходжаньня і адмаўляюць ім ва ўезьдзе ў ЗША з прычыны іх краіны паходжаньня, зьяўляюцца ілжывымі», — заявіў AFP прадстаўнік Мытнай і памежнай службы Майкл Фрыл.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG