Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырасьлі мінімальныя цэны на алькаголь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю павялічыла гранічныя мінімальныя цэны на алькагольную прадукцыю мацункам звыш 28%, а таксама на пладовыя віны.

Адпаведныя пастановы № 100 і 101 ведамства прыняла 31 сьнежня 2019 году.

Пастановай вызначаныя новыя гранічныя мінімальныя адпускныя цэны на:

  • алькагольныя напоі мацункам звыш 28%, якія вырабляюць або прадаюць на тэрыторыі Беларусі (цана за 0,5 літра напою мацункам 40%):
— мінімальная адпускная цана (з улікам выдаткаў на дастаўку ад склада да станцыі адпраўленьня, без падатку на дабаўленую вартасьць) — 4,89 рубля (вырасла на 23 капейкі);
— розьнічная цана (з падаткам на дабаўленую вартасьць) — 6,47 рубля (вырасла на 30 капеек).
  • спірт этылавы рэктыфікаваны з харчовай сыравіны (з улікам акцызу, а таксама выдаткаў на дастаўку ад склада да станцыі адпраўленьня, без падатку на дабаўленую вартасьць) — 71,73 рубля за дэкалітар бязводнага спірту (вырасла на 2,4 рубля);
  • пладовыя мацаваныя марачныя віны палепшанай якасьці і спэцыяльнай тэхналёгіі — 2,99 рубля за 0,7 літра мацункам 18% (з улікам выдаткаў на дастаўку ад склада да станцыі адпраўленьня, без падатку на дабаўленую вартасьць).

27 сьнежня ўрад Беларусі ўхваліў рашэньне вырабляць меней гарэлкі і моцных пладовых вінаў у 2020 годзе. Паводле пастановы ўраду, гарэлкі ў 2020 годзе годзе будзе выраблена 10706 тысяч дэкалітраў (на 162 тысячы дэкалітраў менш, чым ў 2019 годзе), сурагатнага мацаванага віна — 4816 тысяч дэкалітраў (на 1238 тысяч тысяч дэкалітраў менш, чым у 2019 годзе). Пры гэтым будзе павялічаны выраб вінаграднага віна з 3868 да 4173 тысячы дэкалітраў, каньяку — з 448 да 598 дэкалітраў.

Гарэлку і пладовыя віны экспэрты называюць асноўнай прычынай п’янства і алькагалізму ў Беларусі і раяць адмаўляцца ад іх на карысьць менш моцных напояў, такіх як віно і піва.

Беларусь знаходзіцца на 27-м месцы сярод найбольш пітушчых краінаў сьвету ў рэйтынгу WHO. У першым паўгодзьдзі 2019 году рэалізацыя алькаголю вырасла больш чым на 3%.

На аднаго беларускага мужчыну ў сярэднім прыпадае 18 літраў чыстага сьпірту — гэта 90 паўлітровых пляшак гарэлкі на год. Жанчыны ў Беларусі спажываюць 5,5 літра сьпірту — гэта 27,5 бутэлькі гарэлкі на год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG