Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкі парлямэнт падтрымаў адпраўку вайскоўцаў у Лібію


Дэпутаты турэцкага парлямэнту ў чацьвер падтрымалі законапраект, які прадугледжвае магчымасьць адправіць вайскоўцаў у Лібію, паведамляе газэта «Хюрыет». Там турэцкія вайсковыя спэцыялісты могуць супрацьдзейнічаць войскам генэрала Халіфы Хафтара, на баку якіх ваююць расейскія найміты.

Законапраект быў унесены 30 сьнежня кіруючай партыяй. Як патлумачыла раней газэта «Созджу», на першым этапе Анкара можа адправіць у Лібію вайсковых спэцыялістаў для навучаньня салдат прызнанага ААН Ураду нацыянальнай згоды. Паводле выданьня, Анкара таксама разглядае магчымасьць пастаўкі ў Лібію комплексаў супрацьпаветранай абароны блізкага і сярэдняга радыюсу дзеяньня.

Раней Анкара падпісала два пагадненьні аб вайсковым супрацоўніцтве з Урадам нацыянальнай згоды. Турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган кажа, што ў Лібіі знаходзяцца больш за дзьве тысячы байцоў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Эрдаган заявіў, што ня будзе маўкліва назіраць за тым, як дапамогу мяцежнаму генэралу аказваюць найміты з Расеі.

У Лібіі працягваецца грамадзянская вайна. Галоўныя бакі ў канфлікце — міжнародна прызнаны Ўрад нацыянальнай згоды Фаіза Сараджа ў Трыпалі і часовы кабінэт Абдалы Абдурахмана ат-Тані, які абапіраецца на падтрымку парлямэнту ў Тобруку і арміі былога галоўнакамандуючага сіламі краіны генэрала Халіфы Хафтара.

У 2019 годзе Хафтар абвясьціў пра пачатак аблогі Трыпалі. Яго падтрымліваюць Расея, Францыя, Эгіпет і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Адразу пасьля галасаваньня ў турэцкім парлямэнце, Міністэрства замежных спраў Эгіпту асудзіла рашэньне Анкары пра ўвод войскаў, перадае Reuters.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG